1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

– Развязвай, халуйскія храпы, – крычаў, рагочучы, Знамяроўскі. – Даю вам усім амністыю. Не такая, відаць, свіння – чалавек.Радцы сталі трымаць кароткую раду, пасля аднавокі звярнуўся да ляжачага:– І нічога не будзе? Даруеце ўсім нам, ваша вялікасць?– Развязвайце, д’ябал вас дзяры. Нічога не будзе. Дарую.– І помсціць, прыгнятаць не будзеце? – асцярожна пыталі ўсе.– Не буду. Хай вас кадук.– І дазволіце хлопцу-медніку ажаніцца? І ваяваць не будзеце больш?– Будзеце вы мяне нарэшце развязваць ці не? Не буду, калі кажу.– Так, ну яшчэ апошняе, каб нічога такога, як раней, не было. І зусім апошняе – адпусціць на волю сваю прыгонную Аглаю Свяціловічаву.– Гэта чаму яшчэ? – усклікнуў Знамяроўскі.– З ёй хоча жанніца ваш пляменнік, Міхал Яноўскі.Кароль павесіў галаву:– Хворы чалавек. Безнадзейна хворы. Ды чорт яго бяры, што мне, шкада дзеўку? Хай бярэ. Спакусы ў дзяржаве менш будзе. Толькі дрэнна гэта. Куды падзенецца яго рыцарскі дух? Эх, было нас два на свеце, зараз адзін я застануся. Загінула радзіма! Ну, развязвайце. Клянуся вачыма маці божай, удзелам святога Юрыя – зямлёй сваёю – я буду ціхім каралём, калі вы хочаце.Салют з фузій раздзёр паветра за вокнамі, калі вяроўкі ўпалі на падлогу.– Слухайце, людзі. Кароль Якуб у літасці сваёй згадзіўся дараваць вам! Ён хоча правіць ціха і літасціва!Дружны крык прагучаў паўсюль:– Кароль! Хай жыве кароль!.....Вечарам наступнага дня, калі Яноўскі, паразмаўляўшы з Якубам, збіраўся ехаць са Знамяроўшчыны, медыкус зайшоў развітацца з ім. Твар ягоны ззяў небывалым радасным натхненнем.– Значыцца, едзеш?– Еду.– І яна з табою?Яноўскі азірнуўся на Аглаю, якая стаяла поруч, чырвоная ад шчасця і сораму, засмяяўся, прыціснуў яе да сябе.– А куды мне без яе? Для мяне зараз адна дарога – з ёю.Медыкус сеў за стол.– Сумна мне будзе без цябе, вельмі сумна. Я цябе палюбіў, хлопчык. Бачыш, як атрымалася: ты прыехаў сюды няшчасным шляхціцам, а ад’язджаеш шчаслівым чалавекам... Не баішся, што бацькі яе не прымуць?– Прымуць, – упэўнена сказаў Міхал. – Дый што мне ў іх? Я еду толькі абвянчацца. Нагі маёй не будзе ў Яноўшчыне. Пасля бацькоў... я вызвалю сваіх людзей. Я не жадаю быць панам. Гэта смерць, гэта жах...– І я таксама больш не буду тут, – цвёрда сказаў медыкус. – Я еду. Еду вельмі далёка. Мне было сорамна ўчора. Пасля такога запалу скончылася лупцоўкай. Яны далі Знамяроўскаму багатыя падарункі, з пашанаю адвялі ў палац. Хай ён выправіўся, хай будзе выдатна правіць народам – што гэта за народ, калі над ім стаіць адзін? Хіба можна такі народ назваць вялікім? Я добра бачыў, як яны падалі ніцма, як крычалі: “Хай жыве кароль!” Я думаў, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты, і няма добрых народаў на зямлі. Учора я цвёрда вырашыў атруціцца. Але я цягнуў, невядома чаму. Ці ад недарэчнай прывычкі жыць, ці аб боязі вялікага “нічога”? І я ўзнагароджаны. Шчасце ёсць на зямлі.– А што такое? – спытаў Міхал насцярожана. Медыкус схапіў яго далонямі за скроні:– Любы мой, любы. Пачынаецца новы дзень. Не ўсё яшчэ загублена. Два тыдні назад народ у Парыжы ўзяў і разбурыў Бастылію. Я ўпэўнены: пажар пачаўся надоўга. І хутка паўсюль захістаюцца троны, павее свежы, бурхлівы, магутны вецер. Я шчаслівы. Чалавек не ліжа руку, што б’е яго. Я пайду туды, праскочу неяк да Рыгі. А пасля – морам. Я з’яўлюся да іх, і папрашу, і скажу: “ Вазьміце мяне. Я прыйшоў да вас ад народа, які не менш вас любіць святую волю, які абараняў яе не горш за вас усё жыццё і які зараз не мае волі нават на тое, каб памерці. Гэта недарэчны, любімы мною народ. Сячыце галаву свайму каралю, а пасля пойдзем рабіць тое самае на ўсёй зямлі. І, магчыма, чарга дойдзе і да майго маленькага народа. Ён устане, ён выпрастаецца. І ён пакажа ўсім, якая ён сіла, як ён умее працаваць, ствараць, спяваць... Я іду да іх... Але я хутка вярнуся, пабачыш. І не адзін. І тут сустрэне мяне армія волі... А цяпер бывай... Уцякайце адсюль хутчэй, дзеці. Тут нельга дыхаць. Ідзіце на дарогі, на святло, да людзей”.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30