Цыганскі кароль

Ды і палац стаў перад Міхалам ва ўсёй сваёй несамавітай галізне. У той сваёй часціне, што была бліжэй да рэчкі, гэта былі астанкі нейкага храма. Без званіцы, падобны на княжацкі старадаўні саркафаг, храм гэты быў пабудаваны з плоскіх каменных плітак, і на франтоне ледзь выступалі збітыя літары “Anno Domini 1550”. І тут была пустэча, толькі вітражы ў вокнах блішчалі ўмыта і радасна пад праменнямі нізкага вячэрняга сонца. Будынак, як бачна, адыгрываў ролю камяніцы (“Што гэта за магнат, калі поруч з новым замкам няма старой вежы? Яны-то, праўда, не дапамагаюць, але ж гонар”).З камяніцы цягнулася над пушчай з лопухаў і здзічэлых жоўтых вяргінь “галдарэя” да астатняй часткі палаца.Гэта была вялізная драўляная хата, складзеная не з бярвенняў, а з чатырохгранных дубовых брусоў. Шалёўка збераглася толькі сям-там, але магутна падтрымлівалі сцены бэлькі, пакладзеныя крыж-накрыж. Дах з пачарнелага дору, галерэя вакол хаты на драўляных слупках. Акенцы малюсенькія, затое ганак на каменных калонах раскошны, хоць і самому каралю сядзець. Ад камяніцы падаў шэры адбітак на хату, сад, на ўсё вакол.Каля ганка, поруч з пазелянелай гарматай, спаў вартаўнік, адклаўшы ўбок павязку з пер’ямі, голым жыватом да зямлі. У валасах вартаўніка была салома. Яноўскі спешыўся і крануў яго нагою пад рэбры. Пасля трэцяй спробы вартаўнік ачмурэла ўскочыў, схапіў тлеўшы ў збане фіціль... і як пярун гахнуў над палацам. Грукаючы, пакацілася кудысьці рэха, чорнай хмарай зляцелі з дрэў вароны. У доме пачаўся сапраўдны “аларм” – мітусяніна, крыкі.І тут адбылося такое, што ў Яноўскага вочы палезлі на лоб.Зарыпелі дзверы, і на ганак выплыў, як павіч, чалавек у звычайным, але празмерна яркім уборы паюка: залатым цюрбанам з пяром, шаўковым жупане – на голае цела, з яркім шалем замест пояса.Чалавек узнёс жазло і абвясціў:– Літасцю бога кароль Якуб Першы. Кароль цыганскі, вялікі намеснік Ліды, уладар Мацыевіцкі і Беларускі, гаспадар усіх мясцін, дзе ступаў капыт цыганскага каня, гаспадар егіпцян беларускіх, падляшскіх, абедзвюх Украін і Егіпта, Якуб – кароль. На калені!За спіною ў Яноўскага заспявала труба. Трубіў надоешні сонны вартаўнік.А цырымоніймайстар цягнуў далей:– Сіла і моц, апора бога, уладар вандроўных сцежак і аброці, за ўсё вышэй – шляхціц!Зноў заспявала труба. У трубача вісела пад носам вялізная кропля і вочы былі чырвоныя, як у трусіка. Не паспеў ён скончыць, як у дзвярах з’явіўся чалавек, які аніяк не мог быць уладаром вандроўных сцежак, бо насіў манашую расу. У чалавека была голая галава, патройны падбародак і валасатыя рукі. Яго не паспелі затрымаць, і ён, хістаючыся на нагах, раўнуў:– Пудзіла першы, гарлачагаловы, рызмананосны, цар белай рэпы, вялікіх і малых гуркоў, вераб’інае пасмешышча і вышэй за ўсё – дурань.І з размаху, як дзіця сеў задам на падлогу.– Дзень добры!Гайдукі схапілі яго за рукі, але ён, упіраючыся, крычаў на ўсё горла:– Ізыдзіце, грэшнікі! Пакаянне накладу. Блукаеце самі, акі сабакі, шлях свой згубіўшы, пастыраў ганьбіце. Акі Елісей, мядзведзіц на вас напушчу, патрушчу вас аслінай сківіцай!Елісея гайдукі спалохаліся. А чалавек шчасна спяваў, седзячы на ганку:Як была я малада.Як была я нежна...І адразу з гэтым, цалкам лагічна:Хоць з мядзведзем у бярлог,Абы не ў бацькі......................За гэтым відовішчам Міхал не заўважыў, што ў дзвярах ужо стаяў сам кароль, заспаны, азызлы, і моцна соп носам. На ім была кашуля да пупа, і на галаве срэбны абруч. Якуб нагадваў Апалона, калі богу было пад сорак год і ён густа зарос дрымучымі валасамі.