1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30

Цыганскі кароль

І ён расчыніў акно.– Бачыце, сонца сядае. Вялікае сонца нашай зямлі. Яно будзе новым...– Калі ўзыдзе заўтра, – цвёрда дакончыў Яноўскі, і абняўшы Аглаю за плечы, глянуў ёй у вочы. Пасля яны глянулі на захад, дзе дагараў дымны чырвоны дыск.

ЭПІЛОГНам давядзецца сказаць толькі некалькі слоў пра лёс нашых герояў.Кароль Якуб Першы выправіўся і, не прыгнятаючы цыганоў, літасціва правіў імі да самай сваёй смерці, якая наступіла ў 1795 годзе.Паколькі Яноўскі, нягледзячы на ўсю сваю ўдзячнасць, адмовіўся атрымаць у спадчыну цыганскую карону, са смерцю Якуба скончылася і дынастыя. Цыгыны выбралі каралём, і даволі няўдала, таксама лідскага шляхцюка Міласніцкага.Польшча, дзякуючы гнілому панству, пала. Пачаўся новы перыяд гісторыі Белай Русі. Новыя парадкі не спадабаліся Міласніцкаму, і ён з большасцю заможных цыганоў перакачаваў у 1799 годзе ў Турцыю.На Беларусі засталася нязначная колькасць цыганоў без дзяржавы, без урадавай арганізацыі.Яноўскі стрымаў сваё слова, адпусціў на волю пасля смерці бацькоў сваіх сялян. Сам ён жыў працаю рук сваіх разам з жонкаю доўга, шчасліва і небагата. Да канца жыцця ён франдзіраваў перад шляхтай і нават прозвішча сваё змяніў, узяўшы “прыдомкам” да яго прозвішча прыгоннай жонкі. Так прайшлі на зямлі беларускай Свеціловічы-Яноўскія.Праўда, дзеці яго зноў прыдбалі невялікі маёнтак, адзін з маёнткаў дзядоў, але прыгонных у іх ніколі не было. Рошчына бацькі-вальтэр’янца дала свае плады.Што ж датычыцца слаўнага медыкуса караля Якуба, то звесткі аб ім, няпэўныя і нешматлікія, кажуць вось што.У славутым Канвенце адным з дэпутатаў, выбраных за заслугі перад рэвалюцыяй, быў чужак, грамадзянін з невядомай краіны, што звалася па-латыні Alba Russia. Некаторыя сцвярджалі, што па прафесіі ён лекар, як Марат. Ён гэта быў ці не ён – невядома. Але ён адным з першых падаў голас за смерць караля, быў некаторы час урадавым камісарам адной з армій на Рэйне і ў Вандэі.У страшны дзень, калі Рабесп’ер раздрабіў сабе сківіцу стрэлам з пулгака, гэты чалавек – адзін з нямногіх – да канца абараняў яго і склаў галаву на славутай машыне доктара Гільятэна, якая, як прадажная дзеўка, служыла спачатку рэвалюцыі, а пасля яе ворагам.Калі гэта быў наш добры знаёмы – шкада. Ён так і не мог вярнуцца на сваю радзіму з воляй на сцягах. Але суцешымся тым, што ён зрабіў усё, што магчыма, што жыццё ягонае было адзіным акордам, у якім не было фальшывых нот.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30