Цыганскі кароль

Ніводнай сівінкі ў патлах, нізкі лоб, шырокія грудзі, доўгія магутныя рукі, караткаватыя для тулава ногі, што моцна стаялі на зямлі. І твар гэты быў вельмі азызлы ў шчоках.– Ты хто такі?– Ізыдзі, сатана! – раптам залямантаваў манах. – Няўдобанасімы ты кураед, мясаед, яйкаед!– Замаўчы, мітрапаліт, – сказаў кароль. – Адцягніце яго куды ў адпаведнае сану месца.Гайдукі падхапілі манаха і пацягнулі, але ён яшчэ некаторы час упіраўся, напінаўся і пры гэтым роў, пляваўся і вытвараў усякія іншыя дзеянні.– Ты хто такі? – уладна спытаў Знамяроўскі.І тут Яноўскі, нечакана для сябе, нізка пакланіўся і сказаў:– Паслом да цябе, вялікі кароль.Знамяроўскі ані словам не выявіў здзіўлення.– Ад каго?– Ад роду Яноўскіх... Дзядзечка, гэта я , ваш пляменнік, сын вашай траюраднай сястры.– Гм... яе звалі, здаецца, Ганнай?– Алёнай, вялікі кароль.– Так-так, ну да, ну да. Каралі павінны мець добрую памяць, гэта іх дабрачыннасць. Ганна, Алёна – усё адзіна. Чаго ты тут?– Здарылася жахлівае, вялікі гаспадар. Падступны замах на маетнасць і шляхецкі гонар вашай сястры. Ведаю, што кароль дапаможа, і звяртаюся да вашай літасці.Знамяроўскаму такая сітуацыя, здаецца, спадабалася.– Што ж здарылася?.. Э-э... мой малады і неабазнаны друг.Яноўскі ўпаў на адно калена. З гарачым благаннем у голасе кінуў:– Сусед наш, Ваўчанецкі, нечакана напаў на наш маёнтак. Мы спалі, у нас было толькі тры гайдукі, не як у вашай літасці. Ён выгнаў нас.Знамяроўскі пагардліва ўсміхнуўся:– Чаго ж вы пайшлі?– У нас не было сілы. Ён спаіў сяброў нашых, і яны не абаранілі нас. Калі нас выгналі, я ўдарыў нахабнага драпежніка нажом.– Ого, – пажвавеў Знамяроўскі, – мая кроў! Пазнаю! Тыгра! Добра, што нажом, а не сумленнай шабляй. Чаго ж ты просіш?Яноўскі вырашыў прасіць больш. Тады, можа, дадуць хоць частку.– Да ног прыпадаю сваяку, якім ганарымся! Да ног каралеўскай крыві! Прашу пакараць захопніка, вярнуць Яноўшчыну. Пасля мы ў братнім падначаленні вашым хочам быць.Знамяроўскі пачухаў патыліцу, паглядзеў на прыгожага юнака з падвітымі валасамі і буркнуў:– Добра. Каралі павінны дапамагаць сваякам. Клікну цыганскае рушэнне, і калі будзе маё жаданне, магчыма, і ашчасліўлю цябе, мой бедны, але мужны сваяк. Толькі маёнтак твой... Прыпішаш яго назву да маіх тытулаў. Пажыві, пакуль тое, месяц-другі.– Дзядзечка, вялікі кароль, – пачаў маліць “пасол”, – мае бедныя бацькі памруць з гора.– Ну! – раптам грозна, але ціха сказаў Знамяроўскі. – Ты робак1 ля ног маіх. Жыві і прасякайся ўсведамленнем маёй велічы. А пасля паглядзім. І не лямантуй, падобна як шакал і стравус... Ад майго настрою залежыць свет, а ты хто?.. Адпачывай. Пазнаёмся з маім мітрапалітам. Ён годны чалавек і калісьці ахрысціць усіх тваіх язычнікаў. Уласна кажучы, маім дбаннем гэтыя карычневыя д’яблы ўжо ахрышчаны, але сапраўднае схіленне да веры дзядоў закладваецца, бо мітрапаліт мае частыя спатканні з зялёным зміем.– Добра, – дрыжачым ад крыўды голасам сказаў Яноўскі.Яму хацелася секануць шабляй гэтага вар’ята, але куды пойдзеш потым, што рабіць самотнаму і слабаму на гэтай грэшнай апалячанай беларускай зямлі?А Знамяроўскі ўжо дабрадушна ўсміхнуўся:– Ну-ну. Можа, заўтра ў паход пойдзем, можа, годам пазней, а можа, і ўсё жыццё тут праседзіш, і я табе ў спадчыну каралеўства пакіну, бо я яшчэ ў дзяўкох. Мая свентая воля. Я – кароль. Хачу – плюю, хачу – голым шпацырую, вось, як цяпер.