Цыганскі кароль

Ён адклаў убок двухзубы відэлец.– Вось і засудзілі мяне. А я не магу жыць без маёй зямлі, яна мне дарагая (яшчэ адно глупства чалавечай натуры). Тут я ў бяспецы, і тут іншая дзяржава. Пакіну яе межы – застаецца шыбеніца. А тут мяне абароняць.– Знамяроўскі моцны чалавек?– Чалавек не можа быць моцным. Але ён можа выставіць шэсцьсот коннікаў цыганскага рушэння, ды яшчэ ён лідскі шляхціц, у яго сябры. Тут ракою льецца гарэлка, і ўсе гэтыя п’янічкі за яго хоць у агонь. Ды яшчэ сяляне. Так што, калі хто ў гэтай мясцовасці кароль, дык гэта ён... Пракляты богам край вар’ятаў і ёлупаў.Яноўскі быў згодны з медыкусам: свет звар’яцеў менавіта ў той самы дзень, калі загонавая шляхта Ваўчанецкага адабрала ў Міхала маёнтак. Таму ён адсунуў ад сябе місу, наліў у кубак піва і зручна сеў у глыбокае мяккае крэсла. Медыкус сеў у другое крэсла, побач, і закурыў люльку.– Дарэчы, як прозвішча пана? – спытаў распешчаны Міхал. – Я быў такі непачцівы... Як вас завуць?– Ніхто, – раўнадушна сказаў эскулап. – Мяне завуць “Ніхто”.Яноўскі, як выявілася, яшчэ не перастаў здзіўляцца:– То бок...– А нашто вам трэба ведаць гэта? Хіба не я сам поруч з вамі, хіба нельга мяне называць проста медыкус? Або, можа, вы лічыце, што імёны адпавядаюць сутнасці рэчы або чалавека, што іх носіць? Я ведаў магната Кішку, і ён зусім не быў падобны на кішку. Нават для прамой кішкі ён быў занадта тоўсты і брудны. Паўстанец Дубіна быў адзіным на свеце разумным беларусам у свой час. Леў Сапега хутчэй падобны на лісіцу, і я ніколі не бачыў ніводнага Язэпа, які мог бы насіць тытул “прыўкраснага”. Называйце мяне проста медыкусам.Ён ахутаўся хмарамі тытунёвага дыму, і нечакана з-пад цяжкіх павек бліснулі яго вочы. Сказаў нечакана проста і сумна:– І нашто гэта каму ведаць, хто абараніў мяне, слабага ў свой час. Людзям не было справы да таго, як памерлі два самыя дарагія мне чалавекі, памерлі з голаду. А я стаяў тады ў клетцы ля муроў нясвіжскага палаца... Дзень, другі, трэці... І няхай яны здыхаюць цяпер, бо гэта я, чалавек, пра імя якога ніхто ніколі не даведаецца, першы на свеце ачысціў аднаму чалавеку мозг ад кавалкаў раструшчанай чарапной косці і наклаў на дзірку ў чэрапе лапік з залатой пласцінкі. І гэты чалавек застаўся жыць.Яноўскі толькі тут пабачыў, што пляшка з гарэлкай амаль пустая. Медыкус быў відавочна п’яны: зрэнкі яго вачэй зрабіліся чорныя, вялікія і трапяталі, як у атручанага. І аднак Яноўскі не спудзіўся: медыкус валодаў сваім мозгам, і мова яго рабілася ўсё больш рэзкай.– Не думайце, што я рабіў гэта і многае іншае для людзей. Я не шкадаваў іх, не адчуваў іхняга болю, і, відаць, таму мне ўсё ўдавалася, за што шкадаваць чалавека? Вось ён набудавў дзівосных палацаў, насаджаў дрэў, вырасціў паэтаў і дойлідаў. А заўтра знойдзецца вар’ят і пачне перапальваць на вапну статуі, разбураць палацы, паліць гарады. І паэта, якога абвясціў ерэтыкам, спальваюць, і з яго праху робяць клісцір сабаку зваёўніка, бо сабака нячыстая жывёліна, і ёй дапамагае клісцір з праху ерэтыка, як хрысціяніну – клісцір з мошчаў святога. Дзікуны і варвары заўжды такімі будуць па прычыне натуры сваёй... Мёртвае дрэва дае прытулак кузуркам, мёртвыя кветкі салодка вянуць, мёртвы чалавек – смярдзіць. Смярдзіць ён, праўда, і жывы...– Даволі, – сказаў Яноўскі. – Я шляхціц, мне непрыстойна такое слухаць. Але ж вы таксама чалавек. І тыя, што будавалі, былі таксама людзі...