Цыганскі кароль

Абодва маўчалі. Потым, калі гэта стала нясцерпна, Міхал спытаў:– Лепей скажыце мне, як гэта мой дзядзька стаў каралём цыганоў беларускай зямлі?– Не толькі беларускай, – сказаў медыкус. – І Польшчы, і Літвы, і нават Украіны.– Як жа ж гэта атрымалася?– Вельмі проста. – Медыкус як быццам ачуняў ад ап’янення, бо выраз жаху знік у яго вачах і змяніўся галантнай і трошкі з’едлівай усмешачкай. – Прыблізна ў 1779 годзе Знамяроўскі быў звычайным дробным лідскім шляхціцам. Вы ведаеце, цяпер цяпер шляхціцу стаць багатым – гэта ўсё адно што дачакацца справядлівасці ад пана. Але са Знамяроўскім атрымалася так... У яго вёсачцы было не больш як сорак халуп, а на стайні стаялі дзве кабылы-свірэпы ды дрыкгант каралеўскі, якога вясной ражнамі на ногі ставілі. За лета коні трохі сыцелі, і, відаць, гэта было прычынай, што на іх паквапіўся нейкі цыганскі табар. Коней укралі. Тут Якуб выявіў сапраўдную адвагу. І не дзіва, іначай давялося б здыхаць з голаду, макам сесці і на месяц брахаць. Ён узяў двух сяброў, сеў на сялянскіх коней і пагнаўся за табарам. Дагналі яго ўночы. Іншы, можа, падумаў бы, а яны ўтрох напалі на цэлы табар, і пачалася бойка. Змялі мужчын, адсцябалі тых, хто супраціўляўся, адабралі ўсіх коней з табара і адлупцавалі ўсіх цыганоў, што ў гэты час там былі. З багатай здабычай рушылі яны дадому, а іх суправаджаў лямант абрабаваных. Нават пярыны цыганскія ўзялі для слуг. Паб’еш чалавека – ён пачынае цябе паважаць. Праз некалькі дзён з’яўляецца да Знамяроўскага дэлегацыя цыганоў Лідскага павета і просіць прыняць іх пад сваю высокую руку – за мужнасць. Пасля з’явіліся з Гародні, Трок, Вільні. Ён усіх літасціва прыняў. Нашто ім было патрэбна галаву торкаць у хамут? Яны не мелі права голасу ў сейме і палічылі, што такі моцны чалавек будзе іх там добра абараняць падчас сеймавых спрэчак. Словам, 17 жніўня 1780 года кароль Станіслаў-Аўгуст зацвердзіў шляхціца Якуба Знамяроўскага каралём над усімі цыганамі яго зямлі і даў яму адпаведны прывілей. Загадана мець цыганскую сталіцу ў Эйшышках, але Знамяроўскі не любіць там жыць. Да таго ж, загадай яму мець сталіцу ў раі, ён пабудуе яе ў пекле, бо не хоча падначальвацца нікому, нават каралю. І вось дзевяць год ён трымае пад моцнай уладай усіх цыганоў. Ён стаў багаты: кожны дзесяты конь, кацёл, талер, усё, што належыць цыганам, усё яго. Ён адбірае і больш, калі захоча. За гэта ён абараняе правы сваіх васалаў у сейме, чыніць там знешнюю палітыку сваёй вялікай дзяржавы.– Якую? Што ён, войны вядзе, ці што? – здзівіўся Яноўскі.– А чаму не. Збіраецца ж ён памагчы вам. Чым гэта не вайна? Мы цяпер, літасцю нашай шляхты і добранькага пана бога, зрабіліся такім народам, што ў нас цыганскае каралеўства – вялікая дзяржава, а бойка на палявой мяжы – знешняя палітыка...– Не абражайце беларускай шляхты, – сказаў Яноўскі. – Яна - соль зямлі.– Любы мой юнача, – мякка сказаў медыкус. – Я сам быў калісьці шляхціцам і дзякую богу, што я цяпер стаў проста чалавекам. Я добра бачу, што вы сніце пра згубленую веліч, якой у шляхты нашай ніколі не было. Быў вялікі наш народ. Ён быў такім пад Крутагор’ем, Піленамі, Грунвальдам, падчас вялікай мужыцкай вайны семнаццатага стагоддзя. І што шляхта зрабіла для яго? Мы спудзіліся яго сілы, калі ён разбіў татар. У той час мы прадалі нашы вольныя княствы Літве: яна, маўляў, падтрымае нас супраць нашых сярмяжных братоў. Добра, мы асімілявалі Літву, мы пачалі набіраць сілы дзякуючы народу. І тады мы пайшлі на другую здраду: прадалі свой край палякам, адракліся ад веры, мовы, самастойнасці, шчасця, першародства дзеля чачавічнай поліўкі, дзеля ўлады, дзеля ганебных грошай. Злоснаму ворагу прадалі. Soaequdtio iurium – ураўнаванне правоў Літвы і Беларусі з каронаю – гэта было ўраўнаванне ўсіх перад тварам галоднай смерці.