Цыганскі кароль

Яноўскі спалохаўся – такі злосны твар стаў у медыкуса. Вочы наліліся крывёй, вусны крывіліся. З невымоўна з’едлівым, гідлівым выразам на твары ён сказаў:– А pisarz ziemskiego sady po polsku, a nie po rusku pisac powinien ledzie. Мова наша мілая, паўнагучная, плаўная, дарагая. Як поплаў блакітны! Куды мы яе кінулі, пад чые ногі мы яе затаўклі?Яноўскі не знайшоў што сказаць.А медыкус раптам як абмякнуў. Стомлена апусціў плечы:– Я нічога не маю супруць палякаў. Нягоднікаў там не больш і не менш, як у іншых народаў. Але я нідзе не ведаю горшых паноў, чым там. З такой пагардай да мужыка, з такой насякомай зласлівасцю, з такім адчуваннем сваёй вышэйшасці. Яны і нас заразілі гэтым. І, галоўнае, ніхто не бачыць, што дзяржава коціцца да прорвы. Гандлююць ёй напрапалую, п’юць, гуляюць, як перад гібеллю, раздзіраюць, катуюць народ. І загінуць хутка. Ужо смярдзяць нават. Што ж, нам не будзе лепей ні пад цяжкім нямецкім задам, ні пад уладай дзяржаўнай шлюхі. Там дазволілі ссылаць сялян на катаргу і забаранілі ім скардзіцца на памешчыкаў. Там адсеклі галаву адзінаму сапраўднаму чалавеку нашага стагоддзя – Пугачову. Яму трэба было пасылаць людзей да нас і прасіць дапамогі. І я першы ўзяў бы вілы.– Слухайце, – перабіў яго Яноўскі, – калі вы будзеце так абражаць шляхту, я вас шабляю ўдару. Я паскарджуся каралю.– А чаго ад вас і чакаць, – спакойна і вельмі ціха сказаў стары, гледзячы на юнака дапытлівымі вачыма. – Ударыць старога, забыць рыцарства і сумленне, выдаць... Але я скажу вам, што гэта не атрымаецца. Бачыце?І ён спакойна сагнуў кашчавай рукою срэбны талер, які дастаў з кішэні.– Да таго ж, Знамяроўскі не памірае кожны месяц ад абжорства і гарэлкі толькі таму, што я мастак сваёй справы. Улічыце. Ён не аддаў мяне Радзівілу, а Яноўскаму не аддасць і пагатоў.І раптам ласкава паклаў руку на Міхалава плячо:– Хлопчык вы мой, мне, магчыма, нават радасна бачыць ваш запал і свежую кроў у жылах. Але вы, даруйце мне, вельмі яшчэ дурненькі. Вы сутыкнуліся з нашым правам сілы, вас выкінулі з уласнай хаты. Вось вы сутыкнецеся з уладай, з дэспатызмам паноў – і тады вы зразумееце мяне, калі сэрца ваша баліць за радзіму. Зразумейце, аснова ўсяму – мужык. А мы, як кажа Вальтэр, даём яму выбар: або тры тысячы палак, або тры кулі ў галаву.– Хто гэта, Вальтэр? – змрочна спытаў Яноўскі.– Адзін вельмі разумны француз. І няхай мне бог заб’е ў зад самы тоўсты малітоўнік з бібліятэкі Радзівіла, калі Вальтэраў пасеў не зарунее калісьці на зямлі. Можа, нават хутка. І тады нашы дурныя, як слуп, паны пойдуць на кажамякін шасток. Хрэнам ім сядзе ў горле сённяшняя гарэлка... Я вам дам пачытаць ягонага “Кандыда”. Сам пераклаў.І тут раптам заўсміхаліся. Лядок растаў. Яноўскі вырашыў нічога больш не казаць медыкусу. Непрыемна, вядома, што ён так лае ўсё дарагое яму, Яноўскаму, але рота яму не замажаш. Прынамсі, лае цікава...Увечары іх паклікалі на гулянку ў “палац” Знамяроўскага. Адмовіцца было нельга, хоць Міхал вельмі стаміўся: па іх прыйшоў узброены гайдук, апрануты на польскі манер, у чыкчыры з вялікімі вызалачанымі гаплікамі і ў жоўтых паўбоціках. Доўгія валасы гайдука былі сабраны ў касу, а дзве невялічкія коскі звісалі на скронях, як яўрэйскія пэйсы.– Бачыце, – іранічна сказаў медыкус, – вопратка нязручная, шыць яе цяжка. Таму выбіраюць ёлупа з добрай фігурай. І вось здаровы мужык, якому зямлю араць трэба, ходзіць скрозь, як індык, смярдзючка такая.