Цыганскі кароль

– Загадана адвесці паноў, – сказала “смярдзючка” густым басам.– Ну, пакажы ж ты мне свой шчыры беларускі нос, – ласкава сказаў медыкус. – Бачыце, Яноўскі, якая кірпа: за тры сажні курнай хатай тхне, а спытайце яго, што ён павінен рабіць.Гайдук радасна выцягнуўся і затарабаніў:– За ксяндзом Геронімам Капуцынам сачыць, каб мёд, што пану варыў, не атруціў; хлопаў брудных карбачамі сцябаць за падступныя, значыцца, намеры; трымаць шаблю панскую. А таксама жыдоў, калі арэнды не заплацяць, біць і бахуроў іхніх браць на пана-караля, прымушаючы ў веру хрысціянскую пераходзіць.– А дзеці твае дзе?– Па літасці панскай у школцы вучацца.– На каго?– На па-ны!!! – гаркнуў гайдук, вырачыўшы вочы.– А да маткі ў вёску ходзіш?Гайдук засаромеўся:– А чорт яе ведае, і дзе яна там жыве.Медыкуса перасмыкнула:– Г... ты, братка.

ІІ“Палац” ззяў агнямі і плошкамі. У зале было амаль пуста, стаялі толькі сталы, якія аж ламаліся ад страў, і простыя лавы. Больш тонкай мэблі тут не было ніколі. За сталамі сядзела ўжо дзесяткі два гасцей, а на канцы стала, бліжэй пад дзверы, загонавая шляхта. Сам Знамяроўскі сядзеў на ўзвышшы на крэсле з высокаю спінкай. Выглядаў па-ранейшаму, толькі нацягнуў на тоўстыя ногі аксамітныя порткі.– Спазніліся, – раўнуў кароль. – Час пачынаць.Два гайдукі ўцягнулі з суседніх дзвярэй “мітрапаліта” з сенам у валасах і коса насунулі яму на галаву штосьці падобнае на мітру. Мітрапаліт завесіў галаву і ціха мыкаў, парываючыся нешта сказаць. Паюк, што стаяў за крэслам караля, паклаў перад святым айцом на пюпітр тоўстую біблію.– Пачынай набажэнства, – сказаў кароль.Адказам было мычанне.– Вы што, не маглі працверазіць чалавека?– Цэбар вады вылілі, не дапамагло, – спуджана замармытаў гайдук.– Раскрыйце кнігу і торкніце пальцам дзе-небудзь. Ён прывычны, не першы раз так, – параіў медыкус.І сапраўды дапамагло. Мітрапаліт механічна пачаў чытаць, водзячы асавелымі вачыма за тоўстым, як капыт, пазногцем гайдука.– Другазаконне, раздзел дваццаць пяты. “Калі б’юцца між сабой мужчыны і жонка аднаго падыдзе, каб адбіць мужа свайго з рук тых, хто б’е яго, і, працягнуўшы руку сваю, схопіць яго за сорамны вуд, то адсякі руку яе...”– Не тое, здаецца, – закруціў галавою кароль.Старонку перагарнулі. Шляхта, якая ўстала, і нацягнуўшы шапкі і выцягнуўшы з похваў шаблі на доказ таго, што яна гатова абараняць веру аж да самага скону, таксама пачала круціць галовамі. Мітрапаліт зноў пачаў мармытаць:– “Каханы мой прасунуў руку сваю праз шчыліну, і нутро маё хвалявалася ад яго”.– М-м-м, – замыкаў Знамяроўскі, – гартайце далей, д’яблы.– “Бо адкрыецца сын мой Ісус з тымі, хто з ім, і тыя, хто застанецца, будуць цешыцца чатырыста год. А пасля гэтага памрэ сын мой Хрыстос і ўсе людзі, што маюць дыханне”.Мітрапаліт часта залыпаў вачыма, нешта ўзважваючы п’янай галавой. Пасля пачаў дробна жагнацца.– Дык... дык гэта мы 1400 год таму ўсе памерлі... Божа мой!.. Бо-ожа мой!.. А бо-го-го-го-жа мой!.. І яшчэ мала нам за грахі нашы... Гэта атрымліваецца, браткі мае, пекла... І агні... А ты – на ўзвышшы – Люцыпар.Знамяроўскі пачаў пацепвацца. Гаркнуў, наліваючыся крывёй:– А ідзі ты ведаеш куды з тваёй бібліяй?І кінуў:– Канчай рытуал. Халера на вас, папоўскія храпы.Госці шумна пачалі рассаджвацца. Мітрапаліт таксама сеў, і яму ў нерухомыя рукі ўсунулі кубак.– Слухайце, гэта ж кашчунства, – прашаптаў медыкусу Яноўскі.