Чазенія

I сапраўды, там было лепей, чым на агульным. I, галоўнае, было бязлюдна. Зрэдку з’яўляліся некалькі дзесяткаў матросаў пад камандай старшыны, трэніраваліся хвілін дваццаць, – і зноў нікога. Добра было скакаць з вышкі, выплываць, адчуваючы рукамі халаднаватую студзіну белых медуз, вылазіць лесвічкай на масткі і доўга ляжаць на гарачых гладкіх дошках, якімі ледзь не да самай кромкі вады быў забраны бераг.Паўлаў нешта доўга не ішоў. I Севярын хадзіў па пірсе і з яго, а таксама з вышкі, заўважаў на дне марскія зоркі. Ныраў і апускаўся за імі на дно і заўсёды памыляўся у ацэнцы глыбіні: такая празрыстая была зеленаватая вада.Зоркі былі не мяккія, а нечакана шурпатыя, як карал, і, здавалася, нежывыя. Ён набраў іх многа, расклаў на дошках і ніяк не мог заўважыць іхніх рухаў. Толькі як глянеш пасля перарыву – бачыш, што адна выгнула свой прамень, другая працягнула яго, падабраўшы астатнія. Сіла гэтых бандытаў была ў нападзе на яшчэ больш нерухомых: Будрыс падабраў таксама некалькі пустых ракавін мідзіі, у якіх былі роўныя круглыя дзірачкі. Марская зорка зрабіла гэта. Напаўзла, прыкрыла ракушку, выпусціла з сябе кроплю кіслаты, якая растварыла вапняк створкі, і праз круглую дзірачку выкалупала чарвякападобнымі ножкамі малюска і з’ела яго.Нібы помсцячы за гэты разбой, ён браў зорак і нажом вычышчаў з ніжняга боку кожнага промня гэтыя ножкі. I толькі калі зрабіў усё, з жалем зразумеў, што дарэмна загубіў зорак, што высушыць іх няма дзе, а несці сырымі – абломіш прамяні.Ён сядзеў і любаваўся імі. Маленькія, нібы разетка, з амаль нявыражанымі прамянямі, як ордэнская зорка, зеленаватыя з аранжавымі плямамі. Вялізныя, як талерка, каралавага колеру. Зусім пунсовыя і барвяныя. А вось густа-фіялетавыя, бліскучыя. Якое багацце фарбаў, якая дасканаласць! I нават кітаец згадзіўся б, што гэта прыгажосць дзеля прыгажосці, бо гэта ледзь не адзіная істота, якой нельга есці.Да прыказкі “З тых, што поўзаюць, мы не ямо толькі танк” можна было б дабавіць – “і марскую зорку”. Але тады гэта не была б прыказка.Тут, урэшце, і падышоў Паўлаў.– Чаго гэта ты?– Ды вось, зглуміў такую прыгажосць.– Чаго зглуміў? Мы зараз іх занясём у яхтавае памяшканне, пакладзём там на бэльку. За тыдзень высахнуць – як знойдзеш.Так яны і зрабілі. А потым Паўлаў раптам прапанаваў:– Дык мо паходзім?– Не хочацца адсюль ісці. Добра. Хай сабе і вецер узняўся – усё адно добра.– Таму і прапаную, што вецер.– Пахадзіць.– Куды пахадзіць?– Павінен я давесці, што я экс-чэмпіён і яшчэ будучы чэмпіён?– Па спартыўнай хадзе? Ды я не ўганюся. Што мне бегчы за табой?– Не атрымаецца... – сказаў Паўлаў. – Ты не Хрыстос.– Пры чым тут Хрыстос? Ты пахадзіць прапаноўваеш. Я не хачу.– Сал-лага, – сказаў Паўлаў. – Ты не Хрыстос, ты – паршывая салага. Бачыш мора і не ведаеш, што гэта. Ты – рачная пяструшка, шрымс-медзведзяня, вустрыца і мідзія Дункера.– Чаго ж ты лаешся?– Скідай усё да трусоў!..– Ды мне няма чаго скідаць.Яны выйшлі да мора. Тут стаялі яхты, выцягнутыя на сліп.– Па спартыўнай хадзе... – бурчаў Паўлаў. – Не, брат, я чэмпіён самага высакароднага спорту. Яхтсмен... Паходзім... Як быццам, калі ён шчупальцы па зямлі перастаўляе, гэта – ён ходзіць. Ходзяць па моры.I яны пайшлі. Валы, ледзь не ў два чалавечыя росты, зеленаватыя, як старое шкло, з кучаравымі мазкамі пены на вяршынях. Яны насоўваліся, уздымаліся, пагражалі заліць, але шкарлупінка скакала між іх, узлятала, імчала з хуткасцю стралы.