Чазенія

Будрыс увесь час чуў парады Паўлава і хутка асвоіўся. Справа была не дужа хітрая, калі ты – усяго напарнік. I вось яны ляцелі і часам павісалі нагамі на борце, ледзь не дастаючы патыліцай да равучай вады. I ён цяпер зусім другімі вачыма глядзеў на Васіля. Упэўнены, ажыўлены, цвёрды. Марскі бог, вялікі майстра, для якога няма немагчымага! А тут ён яшчэ і гарэзаваў, ішоў на грані, магчыма – трохі помсціў Будрысу за хвіліну недаверу.Увесь час іх абдавала салонай свежай вадой і ветрам. Абдасць, дадасць на скуру солі і сплыве. I яшчэ. I яшчэ.– Пірог слаёны – пірог салоны, – мармытаў Паўлаў. – Галубачка мая, матухна мая, давай!Пагнаўся за катэрам. Здавалася, не дагоніць ніколі. Да катэра было з палову кіламетра, і той ішоў на поўным.– Мамачка, не выдавай, – мармытаў да яхты, як да жывой, Васіль. – Галубка, наддай! Пакажы “керасіншчыкам”. Ну, бяленькая, ну яшчэ!..Іх абдавала так, што ў яхце было ўжо шмат вады і давялося выліваць яе праз кокпіт: проста адчыняць дзірку ў днішчы. Хуткасць была такая бліскавічная, што вада аж ірвалася да сваёй вольнай сястры – марской хвалі.– Любая, ну!.. Птушачка, наддай!I абагналі.А пасля ляцелі назад, гік плыў перад вачьша. Гэх, жыцце!..А пасля селі проста ля берага. Быў вечар, і сліп пуставаў. Згасаў захад, за сопкамі ляжала імгла, а на іх, як туман, ляжалі рэдкія празрыстыя хмаркі. Паўлаў выцягнуў аднекуль паўбутэлькі і цэлы пакет шрымсаў, і яны трохі выпілі за салоную купель і закусвалі саланаватымі смачнымі рачкамі. Прыемна было сядзець так, боўтаць нагамі ў свежай вадзе і глядзець на захад.– Унь там маю бабку купілі, – сказаў Васіль, і на гэты раз Будрыс безагаворачна паверыў яму.Усё магло быць у гэтым дзівотным краі і з гэтым дзіўным чалавекам. I нават напэўна была бабка, і прадзед, і Вера Фігнер, раз чалавек не хлусіў у галоўным, у справе сваёй.З гарэзлівасці Севярын не змыў з сябе солі ані тут, ані у гасцініцы. Прачнуўся раніцаю і ахнуў: амаль белыя валасы, сівыя бровы і на целе слой ледзь не ў два міліметры!“Пасівелы ў плаваннях марскі воўк. Паходзім, хлапчына? Эх, сал-лага! Добра, перастаўляй свае шчупальцы”.I ўсё ж нават гэта бадай што не памагло яму ў бядзе. Скончыўся завод....Між тым ужо амаль сцямнела, і ўжо шмат было народу вакол. Паўздоўж усёй балюстрады, як вока сягае, стаялі людзі, і ўжо ў тры, чатыры, пяць радоў. Нават цісканіна сям-там была. Чуліся смех, музыка, пераборы гітар.На караблях запалілі гірлянды. На вялікіх двухмачтавых – ад юта да бака, па вяршынях абедзвюх мачт і па бартах. На аднамачтавых, сярэдніх – па бартах і ад бака на ют, перакінуўшы цераз мачту. На меншых – проста цераз мачту.Так яны і гарэлі ў змроку, над чорнай і толькі сям-там, на хвалях, срэбнай вадой: чатыры перавернутыя “птушкі”, малая трапецыя, вялікая і асабліва выразная трапецыя (мабыць, флагман), яскравы трохкутнік, і зноў перавернутыя “птушкі”.Ззаду націснулі: ці да сваіх хтосьці прабіраўся, ці проста лез на зручнае месца. Нехта войкнуў. I тут жа Севярын адчуў дотык жаночых грудзей да сваёй спіны, трохі ніжэй лапаткі. Пасля маленькая рука лягла яму на спіну і націснула ў марнай спробе адсунуцца.– Прабачце, калі ласка, – трохі нават пакрыўджана сказаў, зазвінеў малады галасок. – Сціснулі, мядзведзі такія... – I да іншых: – Ды дайце ж выбрацца, урэшце!– Сто-ой! – забасіў нечы голас. – Людзі ўсе добрыя. Разявакі. Абдымуць цябе...Зноў націснулі, і зноў спружыніла далонька: