Чазенія

– Яны якія?– I вы любіце мора?– Я тут упершыню. А на Чорным неяк не заўважаў.– А іх мора выкатвае. Толькі іхнія касцячкі. Нешта накшталт круглай каробачкі з адтулінай. Трохі сплюснутая каробачка і нібы сплецена з вельмі белых карункаў.– Вы часам не мастак? – адпомсціў ён. – А можа, вершы пішаце?Яна ціха засмяялася: .– Усяго толькі натураліст.– У-у... Дык вы мне можа скажаце, што гэта за такое ў тайзе, страшэнна падобнае на жэньшэнь, але не тое, бо яго там, як лапухоў?– Трохі калючы?– Але.– Гэта элеутэракок, калючы брат жэньшэня.– Шмат ведаеце.Маленькая паўза.– Ну, кіньце. Квіты. Прашу прабачэння, – сказаў ён.– Ніколі не думала, што можа быць такая злапамятнасць...– Гладкі брат трохі адпомсціў калючай сястры.Засмяяліся. Вакол сцямнела зусім. Відаць, насоўвалася навальніца. На небе сям-там успыхвалі чырвоныя сполахі зарніц.– Не маўчыце, – сказаў ён. – Давайце размаўляць, калі звёў лёс. Як вы думаеце, што зараз у той Перавознай?– Яны не гасяць агнёў. Ім няма патрэбы. Усе зараз выйшлі на прыстань, сядзяць або стаяць. Чакаюць. Нехта на гармоніку грае. Нехта гарбузікі лузае. I вось салют.– А ён ім – далёка. Як поле кветак. Нізка, ля самай зямлі, – падхапіў ён.Згаснулі раптоўна гірлянды на караблях. Запанавала поўная цемра, якую раздзіралі толькі ўспышкі зарніц.– Зараз, – глуха сказала яна.I тут грымнула. Залпы з караблёў, дым, каметныя хвасты ракет. Чырвоныя, зялёныя, як на ёлцы, агні. Шаленства агню.Будрыс зірнуў на суседку. I тут цяжка зразумець, што за аблічча. У мімалётным святле ракет яно асабліва, па-жаноцку пяшчотнае, дзень або электрычнасць, вядома ж, сторгне з яго і гэтую пяшчоту, і таямнічасць, і налёт загадкі, з якой глядзяць на мора гэтыя вялікія вочы. Цёмныя? Ды, мабыць, не. Прыгожае аблічча? Невядома. Строгае, але з нейкай унутранай, прыхаванай усмешкай.I зменлівасць. Ад бягучага святла твар то “месячны”, то залаціста-чырванаваты, то зноў туманны ў цемры. Толькі і можна зразумець, што рот цвёрды і прыгожы, нос просты і трохі ўсторгнуты, а вочы вялікія-вялікія, і ў іх жыве цень.У адказ ракетам успыхвалі зарніцы, і ўсё гэта адбівалася ў моры. Зарніцы палымнелі і ўверсе і ўнізе. Ракеты ўзляталі і ўгору і ўніз, і ў хмары і ў прадонне хлябяў марскіх, у чорную начную ваду.Агні, магутнае водгулле перуноў, грымоты, якія вывяргалі караблі. Снапы агністых, барвяных, ізумрудных, сонечных каласоў. I гэтыя снапы ўзлятаюць і расцвітаюць зорамі, і зоры марудзяць нейкае імгненне і спадаюць уніз, і рассыпаюцца, рассыпаюцца зорныя вадаспады.– Гляньце, “Навуцілусы”, – сказала яна.– Дзе?I тут ён заўважыў сам. Некаторыя ракеты не паспявалі згаснуць у паветры. Яны падалі ў ваду і танулі, і гарэлі пад вадой зелена і аранжава, і ўсё цьмяней і цьмяней па меры таго як глыбей і глыбей апускаліся ў бяздонне. I гэта было, сапраўды, як падводны водсвет пражэктараў “Навуцілуса”.Усё памнажаліся і памнажаліся ў паветры дымныя смерчы, спляталіся, перакрыжоўваліся, ператвараліся ў ствалы і шаты дзівосных дрэў, і нібыта ў пераблытаныя сцябліны гіганцкіх, небывалых імхоў накшталт “божанькавых ільноў”, і яшчэ ў нешта, чаму і наймення знайсці немагчыма.А пасля ўсё скончылася. А яны ўсё стаялі і глядзелі, як пад дымнымі велічэзнымі імхамі зноў загарэліся гірлянды на караблях.Народ разыходзіўся.– Так вось усё і канчаецца... – сказаў ён.– Але. А для мяне і горад канчаецца.– Едзеце некуды?