Чазенія

– Так. За Каўшом стаіць катэр. I вось праз гадзіну...– Недзе на вёсцы працуеце?– Бярыце глыбей.– Экспедыцыя?– Запаведнік. Апошні год даводзіцца па ўсіх прыморскіх запаведніках ездзіць. Дзеля сваёй працы.Ён не спытаў, якая яна, тая праца, бо тады давялося б расказаць нейкую дробязь і пра сваю, а ён не любіў рабіць гэта, ды і не дужа мог.– I дзе ж вы цяпер? Куды пойдзе гэты ваш катэр?– Цяпер еду ў так званую “Тыгравую Падзь”.– Цікава, хто на каго там паляваць будзе? Вы на тыграў ці яны на вас?Жанчына засмяялася:– Тыграў там цяпер няма. Яны ў Суйфунскім. І паляваць на іх нельга, крыважэрны вы чалавек. Тыгры – харошыя. Яны цяпер панічна баяцца людзей, ніколі не нападаюць. Іх вельмі мала. Затое там, дзе яны ёсць, мядзведзяў з агнём не знойдзеш. А мядзведзь у нас – гэта самая шкода і ёсць. Іх многа. Вельмі многа. .– Хто ж там у вас?– Дзікія каты, мядзведзі, дзікі.– Гэта што, назнарок?– Ах, божа мой, кіньце! Гэта не вельмі ўдала. Ну, яшчэ харза, вялікая гэткая куніца, расамаха, кабарга, гарал, плямісты алень-кветка і шмат яшчэ чаго. Кампанія някепская.– I далёка гэта?– Далёка. Морам ісці трэба.– Паходзім, – сказаў Будрыс.З “Блакітнага Дуная”, што стаяў на тым баку прыбярэжнай шашы, вывалілася трохі падпітая кампанія, замаячылі ў цемры агеньчыкі папярос, даляцелі занадта гучныя словы, смех.– Трэба ісці, – сказала яна. – Бывайце.– Я думаю, мне трэба вас правесці. Бачыце, якія веселуны! Пяніцелі акіянаў. Спіны ў мідзіях, увесь кіль вустрыцамі аброс. Пачынаюць плаванне ў “Залатым Рогу”, прадзіраюцца праз “Прыбой” і “Лотас” і, урэшце, стаюць на мёртвы якар у “Блакітным Дунаі”.– Ну што ж, буду ўдзячна.Яны мінулі кампанію – нехта здзіўлена свіснуў – і рушылі ўздоўж балюстрады ўніз.– Я не баюся, – сказала яна. – Даводзілася бачыць і не такое. Тайга не жартуе. Але тут – гідка проста. Таму і дзякую.– А я ў іншым сэнсе вас і не зразумеў.Жанчына хораша ішла. Гэта не быў часты і дробны поступ гараджанкі. Гэта была плаўная і размераная, няспешная, эканомная і вельмі прыгожая хада чалавека, якому падоўгу і памногу даводзіцца хадзіць, які любіць і ўмее хадзіць. Здавалася б, няспешна, але вечарам за спіною семдзесят кіламетраў, і не страчана ані каліва лішняй энергіі, і можна скінуць цяжкі рукзак, і разбіваць лагер, і ежу варыць, і паліва запасіць.Яму падабаліся такія людзі. Вось ідзе. Постаць ганарлівая, гожая, моцныя ногі цвёрда нясуць ладнае цела.А твар ён разгледзеў толькі тады, калі яны трапілі ў святло з акон і ад ліхтароў. Дзіўна, ён амаль не памыліўся, уяўляючы, які ён. Але яшчэ больш дзіўна было тое, што знікла зменлівае святло, а чароўнасць і таямнічасць гэтага аблічча засталіся.Вочы цёмна-сінія, валасы залацістыя. Але чароўнасць гэтага аблічча была не ў тым, не ў нейкай там прыгажосці або нават правільнасці рысаў, а ў той самай зменлівасці – выяўляецца, заўсёднай, – у цякучасці выразу, у тым, што мілая ўсмешка змяняла годную строгасць, а на яе месца прыходзіла амаль дзіцячая ўвага, каб саступіць у сваю чаргу хлапечай дзёрзкасці або дзявочай цёплай пакоры. Часам адзін такі стан нібы забываў, што яму трэба сысці, і заставаўся жыць у вачах або на вуснах у дзівосным, чароўным спалучэнні з наступным і процілеглым.I яшчэ побач з гэтай зменлівасцю ва ўсёй яе істоце жыла і трыумфавала ў кожным руху, слове і позірку трывалая, жывая, маладая сіла жыцця.– I не сумуеце?– спытаў ён.