Чазенія

– Так... Так...– Мілая мая, – сказаў ён. – Мілая вы мая. Мы ж з адных краёў... Вы разумееце, што мы з адных краёў?.. I падумаць толькі, каб не гэтая штурханіна, я не ведаў бы вас, а вы не ведалі б, адкуль вы, ды яшчэ б лічылі нябожчыка дзеда хлусам!...Пасля, як катэр адваліў, Севярын доўга стаяў на прычале і глядзеў на мора. Спачатку ён яшчэ бачыў цень жанчыны на борце, пасля застаўся толькі цьмяны абрыс пасудзіны, пасля – агеньчыкі. Пасля зніклі і яны, і засталося мора...

IIIКАРОТКАЯ ПЕСНЯ ПРА СНЫ, АБУДЖЭННЕ I ШТОРМТыя два дні, што заставаліся да нядзелі, ён правёў, бы ў тумане. Ён сам не чакаў, што выпадковая сустрэча народзіць у ім такую шчаслівую, напятую, як струна, трывогу, такое хвалюючае, дзіўнае чаканне. I гэта было, вядома, не таму, што чакала жанчына (яна яго не чакала, ды і не магла чакаць), а таму, што наперадзе былі шляхі, змены, нетры джунгляў і спадзяванне на тое, што яму стане лягчэй.Нават страшныя начныя кашмары не так катавалі яго: тое, што адбывалася ўдзень, таксама было падобна на сон. Ён адчуваў прыблізна тое, што, відаць, адчувае рыба-поўня.Ёсць такая. Сапраўды круглая, як поўня. Плысці сама, з гэтай прычыны, амаль не ўмее. Марскія цёплыя плыні нясуць яе то пад сонцам, то пад зорамі, і яна лянотна марыць аб нейкіх невядомых залатых краінах. Часам яна адчувае, што ўзнік менавіта той вецер, што аднясе яе ў гэтыя краіны. Тады яна выстаўляе з вады вялізны, як ветразь, плаўнік, ловіць ім вецер, і той нясе яе да пальмавых астравоў, да вясёлкавых каралавых рыфаў, у шчасце. I ласкава цалуе, песціць яе добрая плынь.I Севярын адчуваў, што і ён, як рыба-поўня, марыць аб незвычайным, аб крывавых захадах, аб хатках, уваход у якія заплялі ліяны, аб вячэрнім дыме ачага, аб кімсьці, з кім можна глядзець на агонь.Акіян жыцця нёс яго невядома куды.Абуджэнне было кепскае. У нядзелю Будрыс напхаў цяжкі рукзак, рушыў на трэці прычал і даведаўся там, што катэра з Падзі сёння не было і не будзе, а іншым чынам дабрацца туды нельга.Чакаць яшчэ тыдзень – гэта было нясцерпна. Ён пераконваў сябе, што гэта ён проста настроіўся на сённяшняе падарожжа. I ён нізавошта не прызнаўся б, нават сабе, у сапраўднай прычыне свайго адчаю.А прычына была тая, што ён абяцаў прыехаць, прычына была тая, што за гэты тыдзень жанчына магла перабрацца некуды ў другое месца.Яна не цікавіла яго, але нетры, куды ён хацеў забрацца, шмат страцілі б у ягоных вачах без яе. Душу. Водар. Радасць. Святло.“Усё ж знаёмы чалавек. Шмат ведае. Добра было б хадзіць з ёю па тайзе, слухаць, глядзець. А там прыедзеш – чорт яго ведае, што яшчэ там за людзі! Ці захочацца ісці з імі? Ды і ці захочуць яны?”Будрыс у апошні час цяжка сыходзіўся з людзьмі. I таму, не ведаючы, як памагчы сабе ў сваёй бядзе, Севярын пайшоў на сліп шукаць Паўлава: а раптам нешта параіць...Васіль, сапраўды, быў у “пуні” (так ён называў зімовае памяшканне для яхт). Стаяў ля сваёй шафы і пераапранаўся ў чорны вячэрні гарнітур. “Пуня” была для яго другім домам.Агледзеў грубыя чорныя Севярынавы нагавіцы, каменнай цвёрдасці марскія чаравікі, клятчастую, чырвоную з чорным, каўбойку, рукзак. Свіснуў.– Кліча муза вандраванняў. Севярын Баўтрук выправіўся шукаць экспедыцыю Лівінгстона... “Из дальних странствий возвратясь, какой-то дворянин, а может быть и князь...”– Не паяснічай, – стомлена сказаў Будрыс.– У ваенторгу купіў?– Ну...– А я хацеў цябе з сабою запрасіць. У Верачкі танцы “Шарыкі за ролікі – усё наадварот...” Ды што з табой?