Чазенія

Паўлаў нібы лавіў не дужа спрыяльны вецер, ішоў зігзагамі (“галсамі” гэта называецца, ці як?). Часам на гэтых паваротах яхта ледзь не чапляла ветразем за хвалю, і тады яны ўсім цяжарам навальваліся на ўздыблены над пучынаю борт.Але ж затое яна і ляцела! Такога шалёнага лёту Севярыну ніколі не даводзілася бачыць у жыцці.У водаваротах, у кіпенні пены, у ветры.Моцна давала ў дно вада.– Выціскаеш усё, што магчыма? – спытаў Будрыс. Паўза.– Вельмі баюся, – нечакана сказаў Васіль. – Будзе шторм. Вялікі. А нам яшчэ гадзіны тры хады...– Вярнуцца?– Вярнуцца – позна... I... сорамна.,Вада ля бартоў была больш гучная, чым наводдаль. Патокі яе ляцелі на людзей.– Дзякуй, браце, – сказаў Севярын.– ...сэр, – праз зубы сказаў сябар.– Дзякуй, сэр.Дзіўна было бачыць над гэтым узбунтаваным, страшным морам спакойнае неба і далёкія сопкі берага, над якімі вісеў радок бялюткіх хмар. Як паралельна вісячая мантыя з гарнастая. Як стужка, што змяшчалі ля верхняга абрэзу старажытных гравюр. Так і хацелася напісаць на ёй, што менавіта намалявана на гэтым пейзажы.– Давай, мілая! Давай, любенькая... Ну... ну... – праз зубы цадзіў Васіль. – Кальмары і зубастыя кіты!.. Баўтрамей, цюлень-акіба... Калі не пашанцуе, калі перакуліць – яхты не кідай. Трымайся за яе. Тады знойдуць. Яна – як канаючая чайка. А чалавечая галава на вадзе – тфу! Плявок. Вялікі шкляны кухтыль ад мярэжы. Чуеш?Сонца ў свінцовым захадзе было ўжо, як чырвоны мазок. I гэты яго апошні позірк быў невымоўна журботны і дзікі.Спусцілася цемра. Лявей, недзе далёка, міргаў маяк. З роўнымі інтэрваламі. I ў мірганні таксама былі трывога і папярэджанне.Будрыс не памятаў, як мінулі наступныя гадзіны. Пару разоў іх ледзь не перакуліла. Мокрыя, аслепленыя цемрай і вадой, яны рваліся наперад, амаль толькі па зорах. I страшна было падумаць, што зоры вось-вось заснуе чарада хмар, што напаўзала з поўдня.Яхта калацілася ў бязмежным моры, як мятуліца-падзёнка, і, здавалася, шансаў на жыццё ў яе не больш, чым у мятуліцы. I ўсё ж яна адчайна змагалася за жыццё....Калі вецер раптоўна сціхнуў, Будрыс не адразу зразумеў, што ўсё скончана, што яны ў бяспецы, што гэта востраў Рагвольд прыкрыў іх ад шторму сваім скалістым целам.Ён проста бачыў контур вострава. Востраў ляжаў у моры, як кіт. Гарэлі ў гэтага кіта вочы, два агеньчыкі на самым беразе. А над галавою, нібы ўскінугы кітом фантан вады, струменямі клубіўся Млечны Шлях.

IVСІНЯЯ ПЕСНЯ, ЯКУЮ СПЯВАЛІ ЛЮДЗІ I ЯКОЙ ПАДПЯВАЛІ РЫБЫ I ВАСЬМІНОГШторм грымеў усю ноч і паспеў да світання вычарпаць усю сваю ярасць. Мора, праўда, яшчэ калыхалася, але супакойвалася на вачах, як быццам нехта ліў у яго масла. У млявым ранішнім святле хвалі і сапраўды здаваліся маслянымі.МРС1 выйшаў у мора задоўга да сонца. Маленькая шкарлупінка, а на ёй дзевяць чалавек: шэсць матросаў-рыбакоў, матарыст, капітан і – бясплатны дадатак – Севярын Будрыс.Акрамя сейнера ў моры відаць было яшчэ два судны. Па правым борце ішоў сейнер-напарнік. Па левым – імчала белым матылём Васілёва яхта.Паўлаў дурэў: то адставаў, то без прыкметнага напружаныя пераганяў сейнер. Капітан стаяў на спардэку і ўхвальна бурчаў:– Марскі бог... Быдла бязрогае... Бач, што вычварае... З маторам навыперадкі бегае... Гэта яму гульня ў гарыпні... “Гары-гары пень...”Будрыс стаяў ля борта, і кожны раз Васіль крычаў яму, пераганяючы сейнер:– Рыцар бедны!.. Праз смерць і ўраган плыве!.. Прынцэса-Летуценне... Ледзь не патопнуў з верным збраяносцам... Ну, каб гэта я яшчэ калі... Дудкі! “За дзікаю ружай ляці праз туман!”