Чазенія

Урэшце яму гэта абрыдла:– Бяру курс на Уладзівасток!.. Памагай бог!.. Не зняслаў зямлі беларускай!– А ну цябе! Бывай! Дзякуй!Белы матыль ветразя хутка знік. Мора ўсё больш сінела.– Так, – сказаў Няпіпіва. – Якшчо б у нас всі такія маракі – чорта з два мы японцам саступілі б.Напярэдадні Будрыс думаў, што сапраўды сустрэне сівавусага “казака”, і нават трохі расчараваўся. Няпіпіва Іван быў малады голены хлопец невысокага росту. Загарэлы твар, шэрыя вочы, прыгожыя цвёрдыя мускулы на шчоках. Нічога ад традыцыйнага “капітана” ў ім не было, акрамя хіба ўмення закавырыста лаяцца. Ды і тое ўменне змякчаў тыповы ўкраінскі гумар.Нашчадак перасяленца. Адзін з мільёнаў. Ездзіш па краі і чуеш у адной вёсцы – беларускую мову, у другой – украінскую, у трэцяй – рускую ці мардоўскую. Звычайныя людзі.Але глянеш на цвёрды рот такога – і разумееш, што прыйшлі сюды самыя прадпрымальныя, самыя, у добрым сэнсе гэтага слова, авантурыстычныя.I гэтыя ўкраінцы, беларусы, рускія не кідалі слоў ка вецер, ажывілі гэты кінуты, “бросавы”, пустошны край, набудавалі ў ім гарадоў, вёсак, заводаў, правялі чыгункі, угрызліся ў скалы руднікамі, спусцілі ў мора караблі і, аднак, у першапачатковай чысціні збераглі свае мовы. Часам больш чыстыя, чым нават на радзіме.Сваімі рукамі стварылі сабе новую радзіму. I нікуды з яе не пойдуць. Пабраталіся з карэннымі жыхарамі, удэ, нанайцамі, тазамі; як кедры, пусцілі карані ў гэтую зямлю. I не далі яе ў крыўду нікому. I не дадуць.– Недзе ў другой палове дня будзем ля Тыгравай, – сказаў Няпіпіва. – Чаго цябе туды нясе?– Справы.– Дывысь, як далэко справы кыдаюць людыну. Аж з Білорусі!– Нічога не зробіш.Мора было ўжо зусім сіняе, але лёгкая гайданка ўсё ж калыхала сейнер, калі пачалі спускаць сець. На сейнеры-напарніку падабралі другі яе канец, расцягнулі і пайшлі паралельным курсам, нібы скародзячы і працэджваючы мора.– Што мне рабіць? – спытаў у капітана Будрыс.– Цяпер з гадзіну нічога. А після воны свій кінец сеці перададуць нам, і тут – трымайся... Сартаваць хіба рыбу будзеш.– А як жа ім?– А ў наступны раз іхні будзе ўлоў. Мы ім канец перадамо. I вось так, чаргуючыся... Так што, разабраўшыся з рыбай, можна і пад’есці, і ў шахы згуляць, і падрамаць.– Курорт...– Ну... Каб тут був курорт, то всі дармоіды тут булы б. Усіх класаў і нацый. Добра, што мора спакойнае сёння, вось і курорт...Севярын ледзь не згарэў з сораму.Праз гадзіну напарнік падышоў да сейнера борт у борт. Кінулі канец. Замацавалі абодва канцы разам. З грукатам пачала працаваць лябёдка.Адчуваючы сваю непрыстасаванасць і нікчэмнасць, Будрыс сачыў, як паўзе пад вадою змяя сеці, як яна ўспаўзае на борт і цягнецца ўгору, як, выцягнуўшы чарговую порцыю сеці, схопліваюць яе пятлёй з каната і трымаюць кручкамі за гэтую пятлю і адпускаюць лябёдку, і мокрая, вытраўленая сець цяжка грукаецца на палубу. А крук лябёдкі чапляюць за новую пятлю, і сець зноў паўзе ўгору.Яшчэ захоп. Яшчэ. Яшчэ. З усім, што ёсць. З рэдкімі пакуль рыбамі, з пачварнымі павукападобнымі крабамі, з аранжава-жоўтымі студзяністымі васьміногамі (шчупальцы прасунуліся ў ячэі і звіваюцца ў паветры).– Тэхніка на грані фантастыкі... – сказаў Няпіпіва. – Ведаеш, як васьміногаў карэйцы лавілі? Заўважаюць месца, дзе ён у скэлі сыдыць, ныраюць па доўгай лаце. Адзін дражніць. Другі чакае. А воно мыролюбнэ. Ось раз ныраюць, другі, трэці. Ну, чалавечага нахабства ўрэшце і васьміног не вытрымлівае. Нападае. I як толькі абаўе чалавека ўсімі васьмю, другі кідаецца і наносіць васьміногу “пацалунак смерці”. Пракусвае зубамі паветраны мяшок. Прысоскі адразу адпадаюць. Шчупальцы віснуць. Тут бяры яго, раба, за шкірку і вынырвай.