Чазенія

За акном ляжаў у ручаінах дажджу Уладзівасток. Віселі над усім нізкія-нізкія грыфельныя хмары. Такія нізкія, што сопкі да паловы хаваліся ў іх, і здавалася, што горад таксама пацее пад шэрай коўдрай. Парка. Мокрая задуха. Свінцова блішчыць Залаты Рог. Дамы, дрэвы, сілуэты караблёў – усё размытае, як на японскіх гравюрах.У доме на рагу, на першым паверсе, свеціць праз акно залацістым пузам каралеўскі пінгвін. Там нейкі музей. I сумна, мусібыць, гэтаму пінгвіну глядзець у дождж – над-звы-чай-на...Дождж і дождж. I гэта на пачатку верасня. Нібыта пасля яснага, гарачага жніўня зноў вярнуўся дажджлівы, парніковы прыморскі ліпень.Значыцца, зноў павеялі вятры з поўдня, з мора, зноў адцяснілі яны паўночны вецер, што ў жніўні, верасні і кастрычніку нясе гэтай зямлі вечнае сонца, гарачыню і здаровую прахалоду начэй.Ён пайшоў пад душ, але і там давялося хвілін дзесяць чакаць, пакуль вада зробіцца адносна халоднай. Стаяў пад яе струменямі, што хвасталі па грудзях, плячах, галаве, і паступова адыходзіў, нібы вада, змываючы ліпкі пот, адначасова выбівала з душы змрочныя цені сну.“Ах, як добра! Як хораша! Нават нічога, што давядзецца ісці ў марвакзал. Чым ужо аднаму абедаць, то лепей з Васілём...”3 Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, ён пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Хутчэй ад няма чаго рабіць зайшоў у рэстаран марскога вакзала, сядзеў сярод шумлівага натоўпу, піў сухое віно і глядзеў то на заліў у двайных агнях караблёў, то на сценку над барам, па якой плылі яркія, рэльефныя кальмар і кашалот.Гэта было яшчэ ў ліпені. Дажджы лілі так, што цвілі туфлі ў шафе. Не надзенеш дні тры – і гатова: нібы нехта іх пад малахіт пафарбаваў. Вось і там, у рэстаране, не прыносілі палёгкі ні халоднае віно, ні заліў за вокнамі, ні ноч. I ад гэтага, хутчэй чым ад віна, туманілася галава і здавалася, што рукі брудныя.I вось калі ён другі раз выйшаў памыць іх, ён убачыў, што каля ўмывальні некалькі хлопцаў амаль прыціснулі да сценкі нейкага каржакаватага чалавечка. I чалавечак і хлопцы былі апрануты вельмі добра, але дарагія гарнітуры хлопцаў сядзелі на іх, як на карове сядло, ціснулі пад пахамі, мулялі ў грудзях. Ды і чалавечак адчуваў сябе кепска ў шэрай, відаць па ўсім, замежнай пары.А можа, гэта толькі здавалася так, бо ўсе былі чырвоныя, відаць, трохі на падпітку, і ў тым стане, калі бойка наспявае, але яшчэ не наспела, і таму абодва бакі адчуваюць сябе няёмка і не дужа ведаюць, што рабіць.Яму стала чамусьці шкада чалавечка. Невялікі, рудаваты, ён сціскаў кулакі і зыркаў вакол бясстрашнымі сінімі вачыма: збіраўся як мага даражэй прадаць жыццё.I ён спытаў:– Што гэта вы на аднаго?Адзін з хлопцаў пакасіўся на яго, абвёў вачыма плечы, грудзі, усю постаць, нібы абмацаў, чаго варты, і сказаў нахабна, але не дужа ўпэўнена:– А табе што? Ну, біча правучыць хочам. Можа, дапаможаш?– Чаму ж гэта вы яго, такія адукаваныя, навучыць можаце? А памагаць – памажыце ўжо вы сабе самі...– Я вам – біч?! – ажыў духам чалавек. – Экс-чэмпіён краю вам – біч?! Вось я вам зараз дам. Самі вы бічы, а не кітабоі! Дзярмо!“Кітабоі... I сапраўды, падобна. Адсюль, відаць, і скутасць у нязвыклых гарнітурах, і гэтыя вялізныя, як рыдлёўкі, далоні рук. Каб ведаў – трохі падумаў бы, перш чым звязвацца”. Але цяпер было позна. Той, што разглядаў яго, спытаў:– Ты што, думаеш, у нас адных кітоў б’юць?– Ды не, чаму ж? – як мага спакайней адказаў ён. – Я думаю, можна і кітабояў таксама.