Чазенія

Адзін вялікі васьміног неяк выблытаўся з сеці і ўпаў ля Будрысавых ног. Глядзеў вялікімі вачыма, варушыўся, мяняючы колер, то ўцягваў, то зноў выпускаў папугайскую дзюбу.– Дакраніся падэшвай. Да галавы.Будрыс дакрануўся. Вокамгненна шчупальцы абвілі нагу, прыліпнулі.– Не варушыся.Праз некаторы час васьміног, зразумеўшы, што няма чаго трымацца чортведама за што, калі справа ідзе аб скуры, адпусціў нагу, зноў заварушыўся, закішэў. Севярын закасаў калашыну і ўбачыў на назе рады цёмных плямаў.– Во, насмактаў, – засмяяўся Няпіпіва. – Адчувае, чорт, як мы яго ўвечары смачна есці будзем. .– Гэтую дрэнь?!– Гэтая дрэнь – самае смачнае ў моры.Грукатала лябёдка, ляскала аб палубу мокрая сець. Вясёлая, падобная на шалёную гульню праца віравала на палубе. I вось невядома з чыёй глоткі ўзнікла хрыпатая, радасная, хмельная песня:Цягні, падцягівай на стрэлку,Цягні, падцягвай на гарэлку. Спружынілі мокрыя медныя спіны. На руках і тварах зіхацелі кроплі вады. Звінела, калацілася ў сеці, спявала рыба. I шлёпаў, напінаўся, нібы таксама хацеў падпяваць, ды не хапала голасу, зменліва-вясёлкавы васьміног.“Божа, – падумаў Будрыс, – як гэта было б добра, каб я мог паказаць гэта ёй! Якое было б шчасце – стаяць тут, на палубе, між сінім небам і аквамарынавым морам! Які дзівосны свет!”Пад вадою ўрэшце ўзнік жамчужна-блакітны вялізны куль, падцягнуўся бліжэй да борта, ускінуўся ва ўсплёсках вады і рыбіных хвастоў, павіснуў над морам.Паасобныя рыбы вырываліся, падалі ў ваду, ляжалі некаторы час, як прыгаломшаныя, а пасля знікалі ў прадонні. Рыўком.Маціцова-сіні і серабрысты, памерам з добры пакой, куль навіс над палубай. Як велізарнае вінаграднае грона.Падскочыў рыбак, адным рыўком расшнураваў яму дно і кінуўся прэч, каб не задавіла.I на палубу лінуў шматтонны рыбаспад: вастрамордыя сінія мінтаі, камбала, марскі акунь, цярпуг, велізарная траска, бычкі...Паліўся, затапіў усё, расплыўся, затрапятаў.Зноў завялі сець, зноў пачалі скарадзіць мора. Капітан сунуў Будрысу ў рукі кій, у якім перпендыкулярна тырчаў востры доўгі цвік.– Багарэц, – сказаў Няпіпіва. – Голай рукой не папрацуеш. Чапляй цвіком і кідай. Бач, хлопцы засекі з дошак зрабілі. У той – мінтая, у той – камбалу. Крабаў – у той, ля спардэка. Севярын пачаў працаваць. Цяжэй за ўсё было з камбалой. Яна дрэнна зрывалася з цвіка. Даводзілася біць правай рукой, што трымала багарэц, аб перадплечча левай. Сарваная сілай інерцыі, камбала ляцела і, як блін, плюхалася ў патрэбны засек.Спачатку было цяжка, але потым ён навастрыўся.Мінтай – камбала – цярпуг. Камбала – бычок – мінтай. Лясь-лясь-плёх! Траска – мінтай. А ты хто?Такое пытанне даводзілася задаваць сабе часта. Вось нейкі дзіўны бычок з пузам, падобным на вялізны шар.– Дырэктар цырка, – усміхнуўся кандзей1.Чырвоныя марскія сабакі страшна зявалі шчакастым, тоўстым, грыбазвонным ротам – аж шкада было. Шчокі былі пальцы ў тры.Вясёлка калацілася пад нагамі (“Вось бы ёй убачыць!”): даўгамордыя марскія лісіцы, нейкія малінавыя падводныя яйкі (і не зразумець, жывёліна ці расліна; ударыш багарцом – знутры струменем б’е вада), зялёныя марскія ракі, махнатыя шрымсы.I яшчэ марскія пеўнікі з плаўнікамі, бы ў акуня, але вясёлкавымі і дужа доўгімі.Кандзей трымаў аднаго...– Мы ў дзяцінстве абклеім іхнія плаўнікі паперай, пачакаем, пакуль высахнуць, і такія яны прыгожыя ў нас вакол лямпы ці на акне вісяць. Вось я табе пакажу, як гэта робіцца. Дзяўчыне адвязеш.