Чазенія

Праз лясістую шкуру хрыбта, нібы прадзёршы яе, сапраўды тырчала нешта падобнае на палец. I гэткае ж малое.– У гэтым “малым” метраў дзвесце. Гэта Янтун-лаза – Скэля Пячнога Коміну. Вось ад яе ўбачыш запаведнік. Ну, як?– Пачакаю. Сапраўды далекавата.– Тады мы будзем сейнеру манікюр наводзіць, а ты ідзі да кандзея. Вучыся.Вучыцца было цікавей, чым драіць палубу. Паклалі ў кацёл чатырох крабаў і ахапак ракаў і шрымсаў, хаця карыстацца катлом для кулінарных мэтаў не рэкамендавалася. Пасля кандзей пачаў гатаваць “цярпуг а ля Няпіпіва”. Адразаў галовы з самай тоўстай часткай загорбка, трымаў іх у марской вадзе, пасля клаў на жалезку – галава прасунута ў галаву. Дадаваў перац, трохі вады, трохі тлушчу (астатняе пусцяць самі) і ставіў у духоўку.Гадзінай пазней усе сядзелі і ляжалі на палубе, чэрпалі з жалезкі густую карычневую падліву, вазілі лыжкамі, даставалі церпуговыя галовы, смакталі іх, пляваліся косткамі за борт, мачалі хлеб. Гарэлі мускулы ад працы, твары – ад сонца і солі. I ўсё было смачна – праглынеш язык.Ламалі гарачыя клюшні крабаў, разгрызалі іх – з рызыкай раздзерці рот да вушэй, – вымалі адтуль тоўстыя валокны белага мяса.Елі па-зверску. I радаваліся, што дзень прайшоў хораша, а заўтра зноў пройдзе добра. Сонечны, салёны, марскі.I дагараў над імі, над сопкамі, залаты захад.“Шкада, што нельга паказаць гэтага ёй,– думаў Будрыс. – Падзяліцца. Яна радавалася б... Было б тады зусім добра. А так, без яе... гэта ўсё ж няпоўнае шчасце”.

VОДА ШЛЯХАМ I СТУКУ САНДАЛЯЎНа беразе было зусім бязлюдна, ды ён і не спадзяваўся на тое, што яго нехта сустрэне.Сейнер даў развітальны гудок, адыходзячы ад берага. Рэха закалацілася ў скалах, у сопках, не азораных яшчэ сонцам, у туманных лясах на схілах гор.Чаравікі Севярын кінуў у рукзак. Абуў лёгкія сандалі і памахаў рукою наўздагон сейнеру. Рушыў берагам.За сопкамі яшчэ стаяла імгла. Сонца толькі-толькі збіралася нарадзіцца. Мякка спружынілі пад нагамі бурыя сухія купы водарасцяў. Набягаў лёгкі прыбой: лакіраваныя, зялёна-карычневыя стужкі марской капусты нібыта млява мялі, нібыта лізалі ля ног сцежку – палоску ўкатанага цвёрдага пяску.“Шш-шшш-ш...” – закалыхваў, дыхаў лёгкі прыбой. Празрыста-сіняя вада, карункавыя каробачкі марскіх вожыкаў, шкляныя плаўкі.Паднялося сонца. Яшчэ нізкае. Мора штохвіліны мяняла колер: падаў на яго цень дрэў, скал, зноў прарываліся сонечныя прамяні. Было яно, як васьміног, то сіняватае, то злёгку ў чырвань, то ярка-зялёнае, то жаўтавата-шэрае. Але што далей, то болей перамагала, панавала ў ім глыбокая сінь.Сцежка пачала аддаляцца ад яго, успаўзла на скалы, і сандалі пачалі спяваць іначай.Клік-кляк, клік-кляк...Ствалы ільмаў і кедраў ляжалі над патокамі. Дзіўна было ісці лесам, дзе большасць дрэў – твае незнаёмыя, дзе толькі па малюнках, па ўспамінах аб прачытаных кнігах здагадваешся, хто ёсць хто.“Здароў, братка, ты, здаецца, маньчжурскі арэх. Унь, вісяць і пэцкаюцца, як грэцкія. А ты хто? Ты лімоннік. А твае лісты падобны на лісты жэньшэня, але ты не тое. Цябе тут, як лапухоў. Як казала Гражына? Элеутэракок?”Плача струменямі скала ля сцежкі. Добра прыпасці ротам, да вады. Поўзаюць па камені багоўкі. Чырвоныя, сінія, жоўтыя. Буйныя, з пазногаць вялікага пальца. У іх на спінках візэрункі, і адразу робіцца ясна, адкуль нанайцы ўзялі свой нацыянальны арнамент.