Чазенія

Вярнуўся ў хату. Лёг на халодныя просціны, пад якімі адчувалася цёплая ваўчыная шкура, выцягнуўся і засмяяўся ад прадчування нейкага цьмянага, але вялікага шчасця.Змрочныя начныя кедры спявалі за сцяной.

VIIРАНІШНЯЯ ПЕСНЯ ПРА ДЗІКАГА КАТА, ЯКІ ДАЎ МАХУНа дне вялікай падзі ляжала яшчэ світанкавая імгла, і толькі вяршыні самых высокіх гор бранзавелі ў першых прамянях сонца.Там кучаравіліся лясы, там было відаць ледзь не кожную галінку – такое празрыстае было тут паветра. А ў катлавіне быў зялёны змрок, пранізаны туманна-залацістым водсветам заранкі.Севярын выйшаў з хаты ў адных трусах і пайшоў па расе да Тыгравай. Было холадна, але гэта быў не той холад, што бярэ за косці, а той, які прымушае глыбока дыхаць, рухацца, адчуваць сябе маладым і здаровым, той, у якім, здаецца, мерзнуў бы і мерзнуў.Высока-высока залацілася сонца на вяршынях. Тыгравая бруіла на каменьчыках, сінела і серабрылася на іх, ясна стаяла ў глыбокіх ямах. Кожную пясчынку на дне было відаць: вада, здавалася, была больш празрыстая за паветра. I ў ёй хадзілі стракатыя невялікія мальмы – стронгі, як іх называлі тут. Была іх процьма.Шырокая круглая спіна мільгнула пад вадою. Рыбіна даўжынёю нешта пад метр ішла ў вытокі ракі, змагаючыся з плынню. Ён здагадаўся, што гэта ідзе на нераст сіма. Ёй было зручна заходзіць у раку. Вада пасля шторму і залевы пэўна паднялася.Будрыс выбраў месца, дзе, як яму здалося, будзе па шыю, скочыў у ваду і... сербануў ад нечаканасці. Тут было метры два з паловаю, калі не болей. А здавалася – ну, метр семдзесят. Так падманвала чысціня вады. Тады ён выбраўся на больш плыткае месца і доўга стаяў, адчуваючы, як крыштальны холад крадзецца ў грудзі і жывот. Стаяў і глядзеў, як усё больш наліваюцца золатам горы, як залатая лава ўсё хутчэй спаўзае з вяршынь у падзь....Дырэктар быў у канцылярыі.– Рана.– Ды і вы – рана, – сказаў Будрыс.– Я не рана. Я яшчэ – позна...Твар ягоны, сапраўды, быў трохі памяты. Але па ім усё ж не было відаць, што праведзена бяссонная ноч: карычнева-румяны загар, рот усміхаецца.– Хадзем.Яны зайшлі ў лабараторыю. I тут Севярын трохі ачмурэў. Справа была не ў тым, што паўсюль ляжалі гербарыі, што на паліцах шафаў бялелі чарапы буйных звяроў і шкілеты дробных, што паўсюль віселі шкуры, што колбы, рэторты і іншае грувасцілася на сталах у нейкім невядомым яму парадку. Было іншае....Лабарантка ўзважвала на звычайных магазінных вагах дзікага ката. Кот быў стрункі, дужа даўганогі, з пушыстым і кароткім хвастом. На невялікай галоўцы – дзве невялікія крывавыя плямы. Зялёныя вочы глядзяць ашклянела, пашча люта разяўлена.Футра ў ката было вельмі прыгожае. Дымчата-рыжае, трохі ў бруднаватую вохру, і ўсё ў цёмна-шэрыя і бурыя ільсняныя вялікія плямы. На хвасце – амаль чорныя колцы.Кот ніяк не хацеў змяшчацца ў шалі вагаў, не хацеў ляжаць: то нага звешвалася, то галава, то саслізгваў тоўсты азадак. Урэшце яго сяк-так змясцілі: ляжаў клубочкам, толькі лапы звісалі.– За што гэта вы яго?Зморшчынак ля дырэктаравых вачэй пабольшала:– Трэба ж вывучаць. Чым гадуецца ў гэтую пару, які хабітус?Кот насцярожана глядзеў на Будрыса.– Гэ-эх, коця, як жа гэта ты так даў маху?– Шкадуеце? Гэта добра, – сказаў дырэктар. – Заставайцеся ў нас. Работу дам. Дужа патрэбны людзі, якія шкадуюць жывое.Лабарантка клала раўнавагі, быццам не звера ўзвешвала, а адпускала кіло сухога кісялю. З абсалютна абыякавым выглядам.