Чазенія

– А за хрыбтамі?– А мне там пакуль няма чаго рабіць. I тут цікавага хопіць.Вочы ў Дзянісава блішчалі:– Слухайце, вы мне ўсё больш падабаецеся. Паляўнічы, умееце бачыць, умееце хадзіць, умееце кеміць і ўзважваць, звяроў шкадуеце, можаце перамагаць нават жах і гідлівасць... хаця б – да змей... Гэта цяжка, паверце мне. Можа, застанецеся? Хата будзе, грошы будуць, жонку знойдзем. А галоўнае, вельмі... вельмі будзе цікава.– Я падумаю, – нечакана для самога сябе сказаў Будрыс. – У мяне зусім іншая праца... вельмі важлівая... Мне позна, бадай, ламаць жыццё. Але мне прыемна думаць, што я магу застацца.– Харошы адказ. Ну, цяпер пра дарогу. Карта... Цьфу, д’ябал, дзе ж карта? Ну, усё адно. Тут вельмі проста. Бачыце, сапраўды за спіною мора. Запаведнік – гэта наша падзь, тры хрыбты і тое, што за імі. Злева – хрыбет Ярай Вады, справа – хрыбет Санлін, або Мангу. Ведаеце, што такое па-маньчжурску – Санлінчжычжу? Гэта – “Уладар гор і лясоў”. Тыгр. А наперадзе – Чорны хрыбет. Амаль увесь запаведнік – даліна Тыгравай. Амаль ля вусця, на левым беразе яе, наша база.Дзянісаў маляваў на памяць. Нават фігуркі сям-там крэсліў.– З хрыбта Санлін плыве толькі дзве рэчачкі. Крыніца Ізюбраў – амаль з-пад Кардона Старога Аленя – і Паляўнічая крыніца ля вашае хаткі.Ён намаляваў хатку, амаль ля вытокаў Тыгравай.– Але вы пойдзеце правабярэжжам. Пад хрыбтом Ярай Вады. Там старая сцежка хунхузаў. Пасля – паштовая. Мы ёю карыстаемся. Тут будуць крыніцы, рэчкі. Іх многа. Горская крыніца. Залатая, Япруковая, Мёртвая, Другая Залатая.– Чаму Залатая?– Там калісьці прышлыя кітайцы золата мылі. Нямнога. За лета намые чвэрць фунта – яму і досыць... Пасля Падкрыжовая, бо плыве з-пад Крыжовай гары. Убачыце. Высачэзная, чорная. Потым будзе крыніца Лаўжовая, Яром, Папярочная. А далей пойдзе Чорны хрыбет і па ім старая, забытая паштовая дарога. Ад Лаўжовай да хрыбта суцэльныя джунглі... Ліяннікі, вінаград, дзіч, нетры.Ён круціў ручкай па аркушы, паказваў, якая там дзіч.– Вы туды не ідзіце. Адразу за Другой Залатой крыніцай пераходзьце Тыгравую – і вось яна вам будзе, хата. Над Паляўнічай крыніцай. Яны там.Ставіў па хрыбтах кружочкі са сцяжкамі.– Гэта – кардоны. На іх можаце ўзяць каня... Ну, вось і ўсё. Толькі... будзьце асцярожныя. Дапытліва паглядзеў на Будрыса.– Запісвайце, што ўбачыце. Свежае вока – гэта карысна... Яшчэ што... Ага, можа за вамі ўвязацца сабака. Асабліва гэты бандзюга Амур. То, калі патрэбен, бярыце. Ён будзе верны. Сабакі ў нас ведаюць: чалавеку трэба памагаць. А калі перашкаджае – скажыце: “Дамоў”. Яны прывучаны слухацца першага слова.– А чаго таму Амуру за мною ісці?– Гуляць хоча. Гэта ж усё адно, як дзіця на кірмаш узяць. Бяжыць сабе ды носам чытае. Стр-рашэнна цікава! Ну, і чалавека кідаць не хочацца... Што яшчэ...Дзянісаў падумаў трохі і раптам палез у шафу. Дастаў адтуль дубальтоўку і пяць патронаў.– Вось. Закон парушаю, але... Дурэць не будзеце, салідны чалавек, але, можа, на жаль, спатрэбіцца, каб пужнуць сяго-таго... Толькі ўлічыце, стрэл – гэта ў нас НП, надзвычайная падзея. А ўжо стрэл у звера...– Сам ведаю. I вы мяне ведаеце. А што такое?– Леапард, – неахвотна сказаў Дзянісаў. – Як тут кажуць, “барс”.– То што іх, хіба няма тут? Ніколі не было?– Заўсёды ёсць. Сям’я або дзве. Ад трох да васьмі кыцаў. Знаёмыя. Нашы. Смірны народ... Ну, касуляў ядуць, часам япрукоў, драбязу розную. Чалавека баяцца. Зусім бяспечны для чалавека звер. Як убачыць – лататы...