Чазенія

Нехта пусціў смяшок. Жарт, відаць па ўсім, дайшоў. Але ўсё ж невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб адзін з хлопцаў, боўдзіла пад два метры, не асэнсаваў чагосьці.– Брэшаш ты, – сказаў ён чалавечку. – Ты на вопратку сваю зірні. Біч бічом.– А і ты на сваю зірні. Вахлак вахлаком. Нібы з турмы ўцёк, інтэлігента ў завулку абдзёр ды вопратку на сябе нацягнуў. Граміла!Усіх нібы водум узяў ад шалёнага каскаду параўнанняў.– Прозвішча як, калі не брэшаш? – спытаў боўдзіла.– Ну, Паўлаў. Не твая сабачая справа, кашалот слінявы. Кампанія нібы зліняла. Пасля бамбіза з удаванай паблажлівасцю сказаў:– Ды хадзем, хлопцы... – I звярнуўся да чалавечка: – Тваё шчасце. Жыві.– Пастараюся не падвесці вас у вашых спадзяваннях, мілорд, – сказаў чалавечак. – Жывіце і вы. – I звярнуўся да нечаканага заступніка, які ўсё яшчэ мыў рукі: – Не ўмывайце рукі. Вы што, Пілат? Развітайцеся з сeрам. Дайце яму “драстуй”. Пасля яшчэ раз памыецеся.Ляснулі дзверы. Чалавечак працягнуў руку:– Вы з’явіліся акурат. Даўно марыў пазнаёміцца. Васіль Паўлаў.– Севярын Будрыс.– А-а... – нібы пазнаў чалавечак. – Мяркую, гэта і ёсць самая прычына выпіць.I не адстаў, пакуль не прыйшоў за Севярынам да ягонага століка, не падсеў, не зрабіў заказ – вялізны, – не закурыў.“А, бадай, сапраўды біч, – падумаў Севярын. – Па тым, як навязваецца, па лёгкасці, з якой падсеў, – біч. Аціраецца больш у порце, чым у рэйсах, спаўна скарыстоўвае “прастой”, жыве спрытам. Не дзіва, што сапраўдныя маракі біць хацелі. Цікава толькі, хто за ўсё гэта будзе плаціць. Калі зараз пачне брахаць – значыць, я. Расплаціцца байкамі аб Сінгапуры. Усё жыццё марыў зведаць гэтую пароду людзей...»Чалавечак, між тым, задаволена адарваўся ад мінеральнай вады “Кука” і абвёў позіркам нявінных вачэй залу. Сказаў у прастору:– Будрыс. “Тры ў Будрыса сына, як і ён, тры ліцвіна...” Вы літовец? Прозвішча літоўскае, – сказаў, як заведзены, без усякай інтанацыі.“Бач ты, Міцкевіча цытуе... У перакладзе Пушкіна!”.– Прозвішча не літоўскае, – сказаў Севярын. – Гэта проста размоўнае імя ад афіцыйнага “Варфаламей” – Баўтрамей, Бахрым, Баўтрук, Будрыс.– На якой мове “размоўнае ад афіцыйнага”?– На беларускай. Я з поўначы Беларусі.– Севярын Варфаламей, – без усякага выразу абкатваў новую інфармацыю чалавечак. – Севярын Будрыс. На беларускай. З поўначы. Беларус. Размоўнае ад афіцыйнага...– Што гэта вы, як кібер, працуеце? – з усмешкай спытаў Севярын.– А вы што, мелі з імі справу?– Даводзілася.– Разгубіўся проста... А набілі б, сволачы. Га?– Набілі б, – сказаў Будрыс.– I я кажу, – пасур’ёзнеў Паўлаў. – Будрыс. З поўначы. Беларус... А я вось не ведаю, хто я. Тут табе і хахлы, і латышка, і ўсякага жыта па лапаце. – I ўжо зусім нечакана дадаў: – Мой прадзед быў жандарскі палкоўнік.“Пачынаецца, – падумаў Севярын. – Плакалі мае грошыкі...”Як большасць безабаронных слабавольных людзей, ён адразу ж прымірыўся з гэтым.“Ну і добра. Не хапае, ці што? Прынамсі, мяркуючы па першых авансах, брахня будзе цікавая. Вып’ю. Сядзець буду позна. Можа ад віна і стомы хоць гэтая ноч пройдзе спакойна...”Выпілі. Паўлаў частаваў.– Кальмар. Вы ў нас тут навічок, то вам, пакуль тое, экзотыку давай.Кальмар нагадваў смачную гуму, нарэзаную, як лапша. Паўлаў зноў выпіў і раптам без усякага выразу ў сініх вачах паўтарыў, нібы сам здзіўляючыся гэтай акалічнасці.– Жандарскі палкоўнік... Але ён быў харошы жандарскі палкоўнік... Добры жандарскі палкоўнік. Ён быў... – I выпаліў, нібы са стромы ўніз галавою кінуўся, нібы ведаў, што ўсё адно ніхто не паверыць: – Ён быў... закаханы ў Веру Фігнер.