Чазенія

– Ну што, са мною пойдзеш? Хадзем. Толькі ўлічы, за Мёртвай крыніцай выпраўляю цябе дахаты. Малым хлопцам з пароды лаек няма чаго рабіць у джунглях за Мёртвым ключом. Добра?Амур маўкліва згадзіўся, што так будзе лепей, і затрухаў уперадзе. На поўных, значыцца, правах.Ісці было цяжка толькі там, дзе Тыгравая вырвала частку сцежкі. Там даводзілася лезці праз гушчар. Але і гэта было добра. Вакол джунглі з калючай сваячкі жэньшэня – дрэвападобнай араліі. Нават лістота ў яе была з калючкамі. Вакол – яблыні з маленькімі, у пазногаць мезенца, яблычкамі. Вакол – горны ясень з буйнымі белымі плямамі на ствалах (як, ты скажы, нядбалы садоўнік паляпаў абы-як пэндзлем з вапнай). Вакол – гіганцкія ільмы, чаромха, бружмель, вольхі. Бязмернае багацце фарбаў, адценняў, парод.I ва ўсім была суцэльная, без заганы, прыгажосць, вялікі спакой надыходзячай восені, жыццё.Гладкі, з залацістымі вачыма Амур бег і раз-пораз аглядаўся: ці тут чалавек? Маўкліва прызнаў за гаспадара на час гэтага паходу.Чалавек не краўся, чалавек не крычаў на гаспадара, чалавек ішоў ад базы – чаго ж яшчэ? I Амур, канчаткова абдумаўшы гэта, пачаў перыядычна знікаць.Севярын ішоў па-паляўнічаму асцярожна. Так асцярожна, што ледзь не наступіў на маленькага аранжавага бурундучка. Той, відаць, захапіўся нарыхтоўкай ежы на зіму і не адразу заўважыў волата.А калі заўважыў, то з рэзкім віскам – “ві-ці-глі!..” – драпануў з-пад самых Севярынавых ног, схаваўся за дрэва, у дзікім перапудзе вінтом пабег угору па ягоным ствале (з кожнага боку чакаў небяспекі).Узбегшы досыць высока, бурундук сеў на галіне і, трасучы лапкамі, пачаў лаяцца. Крычаў, што вось ходзяць, вось носяць іх чэрці, вось палохаюць занятых справай добрых людзей.– Ты – матам... – параіў яму Севярын.I тады бурундук пачаў лаяцца яшчэ больш віскліва і ярасна. Нічога ў гэтым не было дзіўнага. На бурундуковай аранжавай спінцы давеку засталіся пяць чорных палосак. Гэта калісьці, у дагістарычныя часы, пагладзіў яго па спіне кіпцюрамі казачны мядзведзь.Будзеш баяцца, вядома.Бурундук усё яшчэ мацюкаўся, а Будрыс быў ужо далёка. Ішоў цераз крыніцы, і кожная крыніца спявала па-рознаму і была на свой твар. Чароўна разнастайныя былі песні вады. I весела, рэзка крычалі свае “віць-цвіць-цвіць!” шэрыя попаўзні, бегаючы ўніз галавою па ствалах дрэў. Бегалі нейкія зусім ручныя, не звяртаючы ўвагі на чалавека і сабаку.Можа, таму ручныя, што вакол было мора сонца ў вясёлым лесе, што злева былі дымна-зялёныя горы, справа – сонечныя горы, далёка наперадзе – сінія горы.Горы. Горы. Горы.Самая казка пачалася незадоўга перад Япруковай крыніцай. Пачалі ўсё часцей трапляцца піхта і кедр. Сама крыніца бегла ў даліне, нібыта па прыступках, празрыстымі, тонкімі, як шкло, вадаспадамі. На кожнай прыступцы быў вадабойны кацёл, кожная прыступка была геаметрычна правільнай чашай, у якой шампанскім кіпела вада. Кіпела з аднаго боку, а з другога шкляна пералівалася ў ніжэйшую, наступную чашу.Амур гучна хлябтаў з гэтых чаш: па глытку з кожнай. Не хацеў піць, але не мог адарвацца. Часам залазіў у чашу з лапамі і клаўся, хапаючы зубамі няўлоўны струмень.Пасля Мёртвага ключа лес нават пахнуць пачаў па-іншаму. Свежым, але вострым, спіртавым, амаль нашатырным пахам.– Восень ідзе... – сумна адзначыў Будрыс.Аб восені сведчылі і шматлікія дуплянкі, і хаткі над сцежкай. Пранумараваныя, як дамы на вуліцы, і... пустыя.