Чазенія

“Так і ўяўляю іх сабе вясной. Галоўны праспект, фешэнебельныя кватэры... З кожнай – галовы выглядаюць, пляткараць, сварацца з суседкамі... Восень ідзе. Апусцелі”.За Мёртвай крыніцай (рэчка была сапраўды мёртвая, уся ў буйных круглых галышах, з адзіным струменьчыкам вады пад імі, але ў час залеў, мабыць, страшная) нешта цьмяна-непрыемнае ўпершыню штурханулася ў Севярынава сэрца......На высачэзнай піхце, трохі ўбаку і ўніз – сцежка тут караскалася на адхон, – сядзела вялізная калонія нейкіх цёмных, дзюбастых, падобных на крумкачоў птушак. Было іх, можа, з сотню. Натапыраныя, трывожныя, у нейкім напятым чаканні.Севярын гукнуў на іх, толькі каб разбіць іхнюю цягучую, са злавесным адценнем, цішыню. Хмараю чорных крыжоў яны ўзняліся ў паветра з рэзкім характэрным крыкам, нешта накшталт “ког, ког!” або “кго, кго!”.Адляцелі недалёка і паселі зноў. Гэта былі японскія даўгадзюбыя вароны, але Будрыс не ведаў гэтага. Проста яму стала не па сабе ад нейкага прадчування. Толькі на палову імгнення не па сабе. Занадта ўжо добры, пяшчотны стаяў вакол дзень. Ён, можа, і забыўся б на гэта, каб не выбег раптам з нетраў Амур. Чынна, як паслухмяны хлопчык, пайшоў “ля нагі”.– Што, думаў, забыўся? – спытаў чалавек. – А хто быў згодзен, што малым хлопцам з пароды лаек нельга хадзіць за Мёртвы ключ? Га?Амур глядзеў на яго залацістымі вачыма і віляў хвастом.– Так у нас з табою не пойдзе. А калі цябе тут вароны задзяўбуць? Як тады гаспадару ў вочы глядзець буду? Дамоў... Ідзі, Амур.Сабака пайшоў. Пайшоў, чапляючы лапа за лапу, штохвіліны аглядаючыся, няшчасны, быццам пабіты.Сабака знік. Але не паспеў чалавек зрабіць і дваццаці крокаў, як Амур з’явіўся зноў, стралою кінуўся з нетраў да ног, амаль прыціснуўся да іх.– Правы качаеш?Густая поўсць на сабачым загрыўку стаяла дыбарам, па гладкім беласнежным целе прабягалі буйныя хвалі гневу, змешанага з чымсьці незразумелым, можа, са страхам. Праз вострыя белыя зубы прарываліся рыклівае клекатанне і хрып.– Ты што? – Севярын глянуў у той бок, куды глядзеў сабака. Здалося яму ці не, што ў нетрах бліскавічна прамільгнуў доўгі, няпэўнага ў паўзмроку колеру, плямаваты ад сонечнай лістоты, цьмяны цень?Ударыў барабан лесу.Чалавек нічога не мог бачыць і ведаць. Але было прадчуванне. Першы грозны акорд уварваўся ў вясёлае, зялёнае скерца тайгі.

ІХЭЛЕГІЯ ПАЛЯЎНІЧАЙ ХАТКІДно падзі ўвачавідкі павышалася. Мяняўся лес. Нешта ад тропікаў усё больш і больш паяўлялася ў ім. Высокія, амаль дрэвападобныя папараці, густыя, зялёныя завесы вінаграду, лімоннік з яго чырвонымі аскомнымі ягадамі, калючыя, з буйнымі шыпамі зараснікі маньчжурскай араліі. Вінаград сям-там пачынаў чырванець, і нібыта крывавыя струмені сплывалі з галін маньчжурскага арэха, дуба, жалезнай і даурскай бярозы.I ва ўсё гэтае буянае свята раптам упаўзла трывога. Сам не ведаючы чаму, Будрыс ішоў асцярожна, са стрэльбаю наперавес. I сабака ішоў асцярожна (не хапіла духу яго прагнаць). I абодва адчулі нейкую палёгку, калі ўбачылі на другім беразе Тыгравай праз лістоту нешта бярвенчатае.Севярын, мабыць, і не заўважыў бы гэтага, каб не прыглядаўся так уважліва, каб не пацягнуўся туды Амур. Хатка так добра хавалася ў нетрах, што можна было прайсці побач і не здагадацца аб яе існаванні. Нехта сядзеў на кукішках ля вады і мыў закопчаную каструлю. Узняў галаву...