Чазенія

З раптоўнай звязанасцю Будрыс убачыў, што гэта яна. Нязвыклая ў чорных джынсах і кашулі з шатландкі, нязвыклая ў зялёнай хусцінцы, з-пад якой выбіваліся бязважкія пасмы залацістых валасоў. I, галоўнае, нязвыклая ў залатым дзённым святле. Ён заўсёды ўяўляў яе твар у прыцемку. Ён бачыў яго толькі аднойчы, у сутонні.А тут гэты твар быў зусім іншы. I рукавы каўбойкі былі закасаныя вышэй локцяў, агаляючы тонкія і моцныя загарэлыя рукі, укрытыя залацістым пушком. I кісці гэтых рук, чорныя ад каструлі, журліва абцякаў празрысты крынічны струмень.– Вы?..На хвіліну ў гэтых цёмна-сініх вачах мільганула, здаецца, адценне радасці. I згасла. I ён нават не ведаў, было яно ці проста гэта яму патрызнілася. Вочы глядзелі на яго, нібы занава пазнавалі. А на строгіх вуснах быў цень нейкай унутранай, прыхаванай усмешкі.– Усё ж прыйшлі. А я думала...– Вы, значыцца, думалі...– Вось яшчэ! Думаю я заўсёды. Але тут...– Я трымаю слова. Проста катэра вашага не было. Зменлівы, цякучы выраз твару.– Шторм...– У гэты шторм я дабіраўся да Рагвольда на яхце. Адтуль – сейнерам, а пасля пеша, праз хрыбет.– Герой, – невядома, ці пахваліла, ці даела яна. – I з сабакам... са стрэльбай... як то належыць. Даўно пакінулі Тараскон?– Ф-фу-у! Як не сорамна!– Ну, не злуйце. Добра, што знайшлі. Добра, што з’явіліся. Досыць з вас?Пяшчотнае, вельмі жаноцкае аблічча. Падала яму локаць рукі.I яму раптам, нечакана для самога сябе, захацелася пацалаваць яго. Але ён толькі паціснуў. А яна нібы здагадалася. Зноў з’явіліся ў вачах іронія і дзёрзкасць.– Не думала, што зможаце адолець такі шлях.– Вы што, лічыце, што я зусім кабінетны?– Кабінетны, як здымак. Хадземце. Вось толькі рукі адатру.Трывалая, маладая сіла жыцця была ў кожным яе руху. I Севярын на імгненне падумаў, што яго вяло сюды і яшчэ нешта, акрамя цікаўнасці.Сцены хаты былі з тоўстых бярвенняў, дах – з дошак. Адзінае акно – звычайнае акно сялянскага доміка. Толькі што каробка аконнага праёма ўстаўлена ў сценку “лежма”, і таму акно, як, ты скажы, “венецыянскае”. Дах змацоўваюць ад тайфунаў з мора пакладзеныя на яго бярвенні. Тырчыць комін, зроблены з жалезыай трубы.I, як працяг даху, навес з кар’я: дрывотня, цяпер амаль пустая. Кар’ё знята з аксаміту амурскага, коркавага дрэва. Мякка звісае амаль да зямлі.Побач з хаткай лава. На ёй – вядро, каструлі, бачок. Гэтыя, па ўсім відаць, заўсёды тут, для кожнага, хто трапіць сюды. Стаяць цурбанкі-крэслы. Чарнее плешына вогнішча, абкладзенага камянямі. Млее над хатаю светлы, лапчасты маньчжурскі арэх.“Забрацца б сюды ўзімку. Прыпасаў набраць, свечак. Сядэець сярод снягоў, паліць печку. Працаваць, думаць, на лыжах хадзіць. I каб побач была тая, каго любіш. I каб нікога больш не бачыць са старых сяброў... нават шэфа...”Але і зараз цудоўна. Ля сцен – сонечнае мора гіганцкай папараці, над дахам – зялёная светлая хмара арэхавай лістоты. Над ёй – піхты і цёмныя бальзамічныя кедры. А вышэй за ўсё – горы.На цурбанках сядзелі два невядомыя, апранутыя па-таежнаму. Лысаваты смешны мужчына год пад сорак і жанчына сціплай, харошай прыгажосці, значна маладзейшая за яго.– Во, Тацяна, – з бязмерньш здзіўленнем сказаў мужчына, – бач, Гражынка нашая дзікага хлопца ў тайзе спаймала. Вядзе.– Па-мойму, гэта ён яе вядзе, – са светлай усмешкай сказала жанчына. – Пад руляй.– Мядзведзь іх там ведае, хто каго вядзе...Мужчына распраўляў матылёў, дастаючы іх з марылкі. Прыціскаў разгорнутыя крыльцы, нават не гледзячы, што робяць ягоныя рукі. Узняўся насустрач Будрысу.