Чазенія

– Сакрат. Ласкоўскі маё прозвішча. А гэта – мая чвэрць.Тацяна ў параўнанні з волатам-мужам была сапраўды мініяцюрная. Стройненькая, танюткая – ён мог бы яе на далоні ўзняць.Пазнаёміліся.– Парахавы Севярын, – сказаў Сакрат. – Са стрэльбай. Мужныя рукі пахнуць травамі і порахам. Ото цяпер я за нашу дзяўчыну не баюся.– Дзядзька Сакрат, – сказала Гражына, – ну як не сорамна!– А што, хіба трэба баяцца? – са страшэнным здзіўленнем і наівам спытаў Сакрат.– Баяцца не трэба, – з раптоўнай сухасцю сказала яна.– Матылёвы Сакрат, – сказала Тацяна. – Кіньце, калі ласка, вашы кепікі. У вашага вялікага цёзкі жарты былі разумнейшыя.– Ды я што? Я, можна сказаць, і нічога. Я – харошы...– Ведаю, – вельмі проста сказала Тацяна.Яна, відаць па ўсім, з першага позірку зразумела ўсё тое дзіўнае, што стаяла паміж маладымі людзьмі. Іхнюю звязанасць, няёмкасць і нават неразуменне таго, што з імі робіцца. Неразуменне другога і самога сябе.– Сядайце, Севярын, – сказала Гражына, – зараз каву піць будзем. А пасля вы пойдзеце з Сакратам па матылёў. “Порхать средь кашки по лугам”.Голас быў абыякава-іранічны. I зноў Будрыс здзівіўся зменлівасці гэтай вельмі жаноцкай, малой істоты. Ён не чакаў іншай сустрэчы, і, аднак, усё гэта неяк непрыемна ўразіла яго.– Цікавыя матылі? – глуха спытаў ён.– Страшэнна цікавыя, – сказаў Сакрат. – Тут увогуле багата. Нават ёсць два віды індамалайскай фауны. Д’ябал іх ведае, як яны сюды забрылі!– Ты б яму, Сакрат, яшчэ лекцыю прачытаў, – сказала Тацяна. – Яму не словамі дундзець, яму паказваць трэба. Вы аксаміт амурскі ведаеце? Унь ён.Дрэва з ажурнай кронай стаяла непадалёк. З ажурнай кронай і мяккай нават на позірк карою ствала, сапраўды аксаміцістай, змаршчакаватай унізе, нібы напятай уверсе.– Бачыце, якое дзіва можна на ім лавіць!Матылі былі памерам у раскінутую далонь – сантыметраў на дваццаць. Вясёлкавыя, экзатычныя – ніколі чалавек не здолеў бы стварыць нічога падобнага.– Ветразнік Маака, – сказала Тацяна. – А вось яшчэ. Гэта ксут. А гэтага тут называюць сінім махаонам. Які ён сіні?! Ён жа чорны махаон. Чорна-зялёны.– А што... – сказаў Гражыне Севярын. – Дзіва!– Хіба яшчэ такое дзіва бывае, як іх уначы лавіць, – чамусьці вельмі стрымана сказала Тацяна.Будрыс заўважыў позірк, якім яна абмянялася з мужам, і зразумеў, што вось гэтым вельмі добра і што яны нізавошта на свеце не абмяняюць свайго вандроўнага лёсу. I яму стала трохі сумна....Яны не ведалі, што ім казаць адзін аднаму. I няёмкасць гэтая рабілася ўсё болыш неадольнай.– Што вы бачылі сваім свежым вокам? – спытала дзяўчына.– Амур нешта непакоіўся. I гэтыя... як іх... крумкачы, вароны... Ну, дзюбастыя такія... зграяй дрэва абселі.– Японскія даўгадзюбыя. – Яна раптам устала. – Ах, як жа гэта вы? Якая нядбайнасць! Слепата!Нібы ўзрадавалася, што можна нейкім дзеяннем разбіць няёмкасць.– Дзяўчынка, – з перасцярогай сказала Тацяна, – не будзь зласлівай. Адкуль ён мог ведаць?– У чым справа? – спытаў Севярын.– Справа ў тьм, – сказаў Сакрат, – што там, непадалёк, нехта паміраў... або быў забіты. Вароны чакалі, пакуль памрэ.– Чалавек? .– Наўрад... Але хто ведае... Севярын устаў, скінуў рукзак.– Я павінен быў здагадацца. Прабачце. Я пайду туды.I ўклаў патроны ў дубальтоўку. Пайшоў да рэчкі. Яму здалося, што Тацяна сказала нешта. Рэзкім тонам. Тонам, у якім пераважаў дакор. Яму было ўсё адно. Ён злаваўся на дзяўчыну, але найбольш злаваўся на сябе. Якога д’ябла яго панесла сюды! I гэтыя думаюць чорт ведае аб чым. I яна. Ды і што можна падумаць! Прыцёгся, ёлупень, галава дурная! Хіба магчыма загадзя ведаць, як зразумеюць твае ўчынкі людзі? Будуць яны верыць у чысціню тваіх намераў або не?