Чазенія

– Ён іржава-жоўты на баках і спіне. Але ж ён не чалавек, каб на спіну класціся. А бруха ў яго белае. – Скокнула на зямлю. – Пастарайцеся хаця б на вока прыкінуць памеры і вагу забітага. Гідка, але пастарайцеся.Севярын з вялікай напругай ускінуў тушу ізюбра, трымаючы яе ля капытоў. Кроў кінулася ў аблічча.– Пудоў дзесяць, – сказаў ён, апускаючы ношу. – Можа, трохі болей. – Прыкідваў на вока: –Даўжыня прыблізна з метр семдзесят, вышыня... а чорт яго ведае, якая ў яго была вышыня... Метр сорак?.. Лічыце, што пэўна так.– Вы моцны, – сказала яна.– Леапард мацнейшы, – змрочна пажартаваў ён. – Паспрабуй загадай мне, каб я таго ізюбра дагнаў і загрыз. Пад страхам смерці не атрымаецца. .– Закідаем яго лаўжамі, – сказала дзяўчына. – Каб не папсавалі птушкі. Егера трэба папярэдзіць. I хадзем. Я болей не магу. Бачыце, не спадзяваўся ж на смерць... Леспядэцу еў. Улюбёная ягоная расліна. А гэты... расцягнуўся ўздоўж сука, галаву на лапы і замёр. Разумеў, забойца, што яго з галавы ў такой паставе менш відаць. Мне, здаецца, кепска зараз будзе. Такі прыгажун!Севярын асцярожна вёў яе ад месца мярзотнага здарэння.– Хатка... – сказала яна. – Элегія... Вось вам і элегія, Севярыне. Джунглі, а не элегія. Ля хаткі нікога не было. – Куды ж гэта яны падзеліся? – неўразуменна спытала яна. – Па матылёў пайшлі, ці што?– А унь тое не яны пакінулі?На дзвярах, прыколатая шыпамі араліі, бялела запіска.“Добра, што ты не адна, – прачытала дзяўчына. – Цяпер здолееш аблавіць куды болей тэрыторыі. Мы з Тацянай пайшлі за ліяннік, да вытокаў Тыгравай. Узялі адзін камплект патрэбнага. Другі пакінулі табе. Просціны з рамамі – на гары. Рэфлектар і акумулятары ў хаце. Не забудзь, што для нашых крылатых п’янюг пастаўлены ў нетрах чатыры слоікі...”– Што за п’янюгі?– А для матылёў начных, – даволі злосна сказала яна. – Стаяць слоікі, а ў іх мёд, які перабрадзіў. Ну, і нешта накшталт кнота той мёд смокча. А з кнота смокчуць матылі, п’янеюць. I тады бяры іх голымі рукамі. Яна чытала далей:“Заадно папярэдзім і егера, хай прыйдзе паглядзець. Бывай здаровая. Не лянуйся дзеля дзядзькі Сакрата, працуй. Цалуем”.– Дзе гэта яны?– А за ліяннікам. Вёрст за пяць. – У вачах у Гражыны быў нежартоўны гнеў. – Што за свінства! Пайсці, не папярэдзіць, кінуць. Узрадаваліся... Праца хутчэй пойдзе... Усё праца ды праца... Самае, бачыце, галоўнае. Праваліся праз зямлю чалавек – абы матылі яго каханыя засталіся. Вось плюну ды буду “Каралеву Марго” чытаць!..– Чаму? – спытаў Севярын. – I сапраўды так карысней будзе. Вы тут будзеце лавіць, яны – там. Глядзіш – болей спаймаеце. А я вам памагу. Няма чаго вам злавацца, па-мойму.Тон у яго быў разважлівы і спакойны. Дзяўчына скоса паглядзела на яго і ўжо спакайней сказала:– Ой, горачка вы наша! Можа, вы і маеце рацыю. Ну, бярыце сваю вуду ды марш на Тыгравую! Здабывайце ежу для племя. Я тут прыбяруся трохі ды прыйду памагаць. Чарвякоў там накапаеце, пад купай смецця....Добра было стаяць на беразе, надзяваць чарвяка, закідаць вуду ў вадабойныя катлы. Добра было сачыць, як часам ідзе да вытокаў, бліскавічна імчыць у халоднай слязніцы вады вялізная сіма. У яе табунках адразу было відаць самцоў. Самцы былі ў шлюбным уборы: спіны ў іх пацямнелі і зрабіліся гарбатыя, бакі ўкрыліся малінавымі і цёмнымі палосамі, сківіцы пагрозліва выгнуліся.Рыба брала добра. Кручок амаль ні разу не вярнуўся пусты. Калі Гражына падышла да рэчкі, у вядры плавала ўжо дзесяткі тры рыбак. Выцягнуўшы адну з вядра, яна прысела на кукішкі і пачала разглядаць яе.