Чазенія

– Мальма, – сказала яна. – Мясцовая стронга. Пагляньце, якое хараство!Стронга была пяшчотна-бэзавая, з ярка-пунсовай палоскай на брушку, з такімі самымі плаўнікамі і хвастом, плямістая, з залатымі бліскаўкамі на спіне.– А гэта што?Рыбка была з чырванаватай стужкай на баках. Плаўнікі і хвост таксама чырвоныя. I ўся ўкрыта чарнаватымі плямамі, як леапард.– Сіма, – сказала Гражына. Будрыс не на жарт перапалохаўся.– Во-ой... Любенькая, а ну хутчэй адбірайце яе ды кідайце ў ваду!– Нашто? Гэта своеасаблівая сіма. Яе тут “пяструшкай” завуць. Па невядомых нейкіх прычынах частка самцоў сімы ў мора, як выведзецца, не ідзе... Унь сапраўдная сіма пайшла. У ёй сантыметраў восемдзесят. А гэтая, у рацэ, так ліліпутам і застаецца. Бачыце, дваццаць, не болей. Малокі ў некаторых пяструшак бываюць, але яны, калі і ідуць за сапраўднай сімой, дык не дзеля таго, каб удзельнічаць у размнажэнні. Ідуць, каб высачыць і пажэрці ікру. Свайму ж віду шкодзіць, гадасць такая! Так што лавіце.Вечарэла. Ціхія, загарэлыя, стаялі вакол горы. Раскашавалі. Булькацела вада. Самцы стронгі, засынаючы, чарнелі, як кепскае срэбра. I дзяўчына сядзела ля вады побач з Амурам і глядзела ў плынь.Простая, мілая, неаддзельная ад усяго гэтага. Сама як захад, сама як лістота, сама як добрае паветра, якое не заўважаеш, але без якога немагчыма жыць...– Даўно хацеў спытаць, што гэта за вярба на каменнях? Унь, стройная, бы эўкаліпт...– Чазенія, – сказала яна. – Адно з улюбёных маіх дрэў. Яна – рэлікт: дайшла з даледавіковага перыяду.У яе словах гучала нешта такое, што прымусіла яго да асаблівай увагі.– Чаму – “адно з улюбёных”?– Таму, што гэтае дрэва цяжка жыве. I мала жыве. Год восемдзесят. Укарэніцца на галькавых косах, на градах. Там, дзе нішто не можа расці. Першай з’яўляецца на новых наносах, нават на скамянелай лаве ля ручаёў. Дрэва-піянер. I вось расце, разбурае лаву, невядома адкуль смокча сокі, угнойвае лісцямі мёртвую глебу. А пасля, калі ўгноіць яе і сабой, на тое месца прыходзяць дрэвы іншых парод. Добрае дрэва!“Чазенія...” – з пяшчотай і чамусьці з трывогай падумаў ён.Цішыня. Захад. Рэчка. Жанчына ў зарасцях чазеній на беразе. Сама тоненькая, сама стройная, як чазенія.– Хораша мне, – раптам сказаў ён.– Вам рэдка бывае хораша?– Вельмі. Але тут мне так добра, як ніколі ў жыцці. Ціха. Зусім бязлюдна. Быццам свету і людзям яшчэ толькі трэба нарадзіцца. Быццам тысячагоддзі да Хірасімы. Быццам яе ніколі не будзе.– А я? – спытала яна.– А вы хіба чалавек? Вы проста першая чазенія. Высокая чазенія. Страйнюткая чазенія. Чазенія, якая памагае ўсім. А раз усім, то і мне.Уважліва, залатымі ад захаду вачыма глядзела яна на яго.– Слухайце, Будрыс. Я ведаю вас даўным-даўно. Пасля гэтых слоў мне ўвогуле здаецца, што вы вядомы мне з пачатку дзён. Але хто вы? Хто вы, Будрыс? Чаму вам кепска? Кепска таму, што вы – гэта вы? Хто?– Так, – сказаў ён. – Лічыльная машына. Можа, трохі болей, чым лічыльная машына. Так кажуць. Вы прабачыце, калі я замест прамога адказу раскажу вам прытчу?– Ну.– Недзе на пачатку нашага стагоддзя ў вялікім горадзе на Беларусі была выстаўка. Гаспадарчая. Розныя там дасягненні. Яна ж і кірмаш. Сала таўшчынёй з рыдлёўку, шырэй маёй чвэрці...– Цяжка ўявіць, – сказала яна.– Ну, жыта, жарабцы на ланцугах распятыя, муштукі грызуць. I прыходзіць на гэтую выстаўку мой дзед. Цесля быў, можа, лепшы сярод тагачасных. Ну і, ясна, скрыні рабіў, калёсы, усё такое. Прыходзіць – і адразу да дырэкцыі. У каліце – вугалькі, пад пахай – яловая дошка. “Ну, а ты чаго?” – пытаецца дырэкцыя. А той ім паважна: “На выстаўку. Ды месца няма”.– “А што прывёз?” – “А вось, – кажа. Паставіў ён дошку, дастаў вугаль.– Глядзіце”. I ж-жых! – адным рухам рукі крэсліць акружнасць. I пасля кропку ставіць. Цэнтр. Тыя цыркулем правяраць. Бог ты мой!.. Геаметрычна дакладны круг. I дакладна цэнтр. I вось ён так увесь час і паказваў. Вугал дзяліў на дзве паловы, любы шматкутнік абводзіў акружнасцю. Усю геаметрыю – на вока. Не маючы аб тэарэмах і зялёнага паняцця.