Чазенія

I ўсе-ўсе слухаюць песню ночы: адны з надзеяй, другія з безнадзейнасцю. Адны – прымірыўшыся, другія – гатовыя зубамі бараніць жыццё.Але ў ночы няма нічога страшнага. I зла няма ў ночы. I бяспека ў ночы ў руках. I таму побач, далёка-далёка, ляжыць і ніколі не даруе, не наблізіцца жанчына. Не даруе за спробу прынесці ў ноч зло. Не даруе чазенія.У дрымоце, праз напаўапушчаныя веі, ён раптам убачыў, як бязгучна сеў і выцягнуўся Амур. Футра на загрыўку ўстала, як грыва, напружыліся мускулы, бязгучна выскалілася пашча. I бязгучны выскал быў страшнейшы за рык і брэх.Севярын сеў.Агонь дагараў. I першае, што чалавек убачыў у цемры, за межамі цьмянай, чырванаватай плямы святла, за гэтым згасаючым у цямноцці аазісам, – гэта былі два халодныя зялёныя агеньчыкі. Ледзяныя, застылыя, нерухомыя, неміргаючыя.Чалавек і звер глядзелі адзін аднаму ў вочы. Пасля чалавек устаў. I адразу з цемры, адтуль, адкуль свяцілі два бязлітасныя, пачварна гіганцкія светлякі, даляцеў гарлавы, прыглушаны кашаль і хрып. Нешта пагрозна варочалася ў самай, здавалася, глотцы цемры, нешта перакатвалася, як далёкі пярун, узносілася да высокага, здрадліва-пяшчотнага, сладастраснага муркання і адразу падала ледзь не на дзве актавы, да брукатання, да клёкату. Нібы бурчала сама старажытная ноч. I не было на свеце нічога больш першабытнага, больш страшнага, больш усеўладнага.Чалавек зрабіў крок, і другі, і трэці. З голымі рукамі. Задушаны рык нібы адскочыў ад самога агню ў змрок. I яшчэ на крок адскочыў. I яшчэ...– Ты, маньчжурская пантэра, – сказаў чалавек. – Ты, барс. Ты, леапард, і як цябе там яшчэ клічуць. Драная кошка, ці што? А ну, давай сюды!Гукі чалавечага голасу нібыта прымусілі леапарда адскочыць яшчэ. Рык ператварыўся ў задушлівае бурчанне, нібы ў цямноцці нехта канаў. Севярын зрабіў яшчэ крок. Ён не памятаў сябе ад злосці. Ад злосці на гэтую пачвару, што палюе на сабаку, а можа, і на яго, ад злосці на цемру, ад злосці на гэтую жанчыну, якая, хай сабе і з меркаванняў вышэйшай праўды, перакрэсліла ягонае жыццё.На гэтую жанчыну, што глядзела на яго з агідай у той час, калі ён не варты такога. На гэтую непрымірымую жанчыну, што ніколі не даруе і не працягне з сяброўскім даверам сваю руку.Хрып цяпер блукаў вакол вогнішча. Па нябачным коле. Блукаў і паступова аддаляўся. З відавочнай неахвотай, з пачуццём смяротна абражанай годнасці.I чалавек ведаў, што звер ніколі не даруе яму паражэння. Так, як ён, чалавек, ніколі не даруе свайго паражэння гэтай жанчыне.Ён кінуў у агонь сушняку. Полымя ўскінулася і заскакала барвай па чорных лапах кедраў, па светлых крылах гіганцкіх арэхаў, па адчыненых дзвярах хаткі, па абліччы жанчыны, якая стаяла ў гэтых дзвярах.– Псіх ненармальны... – голас яе сарваўся. – А стрэльба? Стрэльба дзе?– Леапард не нападае на чалавека, – глуха сказаў ён.– Так. Ніколі не нападае. Але гэта – я не ведаю, што ён такі за звер, гэты... Пашэнціла раз дзіця ўкрасці? Людаедам зрабіўся з-за старасці ці фізічнай вaды? Проста звык паляваць на самага безабароннага... на чалавека... без кіпцюроў і рог?.. Або... або такі самы псіх, як вы?Яна ішла да агню, і выгляд у яе быў страшны.– Я не ведаю, але...Ён нічога больш не сказаў. З яго было досыць. Ён лёг на подсцілку, закутаўся з галавою ў коўдру і змоўк, павярнуўшыся да яе спіною....Калі ён пракінуўся – палыхала зара. Святло ахапіла палову неба. Росы сплывалі з абмытых, нібы лакіраваных, дрэў.