Чазенія

Жанчына сядзела, абхапіўшы рукамі ногі і паклаўшы падбароддзе на калені. На ўлонні ў яе ляжала стрэльба.– Прачнуўся самы далікатны, гжэчны і рыцарскі мужчына ў паднябеснай. Трубадур. Спявайце “Альбу”.Яна сказала гэта без ценю начнога гневу і ўзрушэння, спакойным, іранічным голасам. Нават вочы кпілі.– Яны пакінулі на варце жанчыну і з пачуццём споўненага абавязку паляглі спаць.– Я, здаецца, нікога не прасіў вартаваць. Нічога не здарылася. Прычын для геройства і самаахвярнага неспання не было.– А можа, гэта мне было прыемна?– Ахвотна веру.На месцы іроніі з’явілася ў вачах сур’ёзнасць.– Я змерала адлегласць між слядамі. Ведаючы яе, можна прыблізна меркаваць аб велічыні звера.– Ну?.. – без асаблівай цікавасці сказаў ён.– Котачка прыблізна ў метр семдзесят – метр восемдзесят ад носіка да кораня хвосціка. Маленькая, пяшчотная істотка. Ласкавы варкоцік гэтак кілаграмаў на семдзесят пяць. Пагладзіць мякенькай лапэткай – здзярэ скальп аж да таго самага месца, якім думаюць некаторыя чалавекі, ідучы на яго з голымі рукамі.Севярын засмяяўся.– Ого! Я і не думаў, што жанчыны здатныя на такое красамоўства.– Дарэчы, можа хоча пан паглядзець на варкоціка ў натуры? Мо пан не верыць словам і хацеў бы памацаць? Ахвотна дам яму такую магчымасць. Зверык ужо колькі часу назірае за панам і толькі баіцца, як бы не парушыць салодкі сон пана раннім візітам.Яна сунула Будрысу ў руку палявы бінокль.– У-унечка там. Будзьце ласкавыя ўбачыць. Вунь восып. А трохі вышэй і лявей – скала. Дык вось на ёй. Страшэнна зацікаўлены. Асабістая глыбокая зацікаўленасць жыццём і здароўем пана.Будрыс убачыў. Не адразу, але ўбачыў. А калі ўбачыў – крэкнуў....Стаяў і глядзеў, здаецца, проста яму ў вочы велічэзны, увесь у вузлах мускулаў пад ільснянай скурай, гладкі і лянотна-грэблівы звер. Стаяў, як дасканалая статуя, і Севярын зразумеў, што Гражына не перабольшыла памераў коткі.Плоскі, нібы спецыяльна для злоснай, жывёльнай думкі створаны, чэрап, нерухомыя ізумрудныя вочы, імклівай сілай налітае цела. Іржава-жоўты, вохрыста-аранжавы на баках і спіне, беласнежны на бруху магутны самец.I на ўсім гэтым харастве, на ўсёй гэтай велікапышнасці – рэзкія чорныя плямы, радамі, як палосы ў тыгра. З бакоў, на лапах і на галаве – суцэльныя, буйныя або дробныя. На шыі, хвасце і спіне – вялізныя, кальцавыя.– Праўда, пагладзіць хочацца? – пяшчотна і наіўна спытала жанчына. – Сімпатычныя такія разетачкі плямаў.– Ух, чорт! Раскоша якая!– Я не разумею гэтае раскошы. Не нападае на чалавека – і раптам напаў. Адчуўшы чалавека, уцякае, як ад смерці. На трыццаць крокаў да яго падкрасціся – рэдкае шчасце. I раптам – побач. I раптам... Я не ведаю, што гэта такое. I таму – баюся.– Ну, даруйце, – прымірэнча сказаў мужчына. – Вы маеце рацыю. Я вам за гэта... Што я вам за гэта? Ага, вось...Як быў у трусах, ён падскочыў і ўхапіўся за сук кедра. Падцягнуўся і кінуў цела яшчэ вышэй. I яшчэ і яшчэ. Як вавёрка.– Куды вы?– Кедр. Дрэва пазнання. Паколькі есці ягоныя плады тут таксама забаронена, я вам дастану вялікую галіну з шышкамі.– Дзіця... Проста чорт ведае што... Яны ж, падаючы, абаб’юцца аб галіны.– У мяне не абаб’юцца.– Вар’ят, – ціха сказала яна.А ён слізгаў вышэй і вышэй. I ўсё далей і далей было яму відаць. А пасля было так высока, што нават страшна. Метраў трыццаць ляцець да зямлі. I гнуцца, гнуцца галіны. А шышкі на самых іхніх канцах.