Чазенія

Бясконца, да самай апошняй хвіліны ён мог бы глядзець на яе рухі. У кожным была ладная, гожая прыгажосць, маладая, жывая сіла жыцця.Яна адчувала гэта. Яна аддалялася.Імкнулі на святло соўкі, невыказнай пяшчотнасці вясёлкавыя маціцоўніцы, эльцызмы Вествудзі, падобныя на кветкі архідэй. Гіганцкія, фантастычныя па афарбоўцы хвалістыя павінавочкі-брамеі і павінавочкі-артэміды, такія пяшчотна-зялёныя, бранзаватыя, малахітавыя. Вялікія, часам з дэсертную талерку, яны трапяталі крыламі, аж нешта звінела і спявала ў паветры.Вялізны матыль сеў на грудзі Севярыну і папоўз да ягонага аблічча, буйны, нібы ў кіно, аж спалохацца можна было. Пукатыя гіганцкія вочы адбівалі святло, гарэлі барвяным агнём.Пачвара з фантастычнай невядомай планеты.– Што гэта? – уражаны спытаў Будрыс.Шаўкавісты, шэры са срэбрам матыль сумна і адхілена сядзеў у цэнтры плямы святла. Такі самы абыякавы, як і гэтая жанчына, ад аднаго позірку на якую замірала і падала сэрца.I раптам... варухнуліся верхнія крылы, разышліся, адкрыўшы ніжнія. I на гэтых ніжніх крылах неверагодным, фасфарычным ззяннем зайграла шырокая сіне-блакітная паласа. Нібы матыль адкрыў самую глыбокую сутнасць сваю.– Што? – трывожна спытаў Будрыс.– Блакітная ордэнская стужка... – ціха сказала яна.– Як вы, – яшчэ цішэй сказаў мужчына.Жанчына змоўчала. I толькі праз некалькі хвілін сказала:– Не як я. Як жыццё. Тое, якое вы не навучыліся любіць. Вас вучылі, а вы не навучыліся, моцныя людзі. Куды, на што ўжываць вашую грубую сілу – гэтаму вы так і не навучыліся.Ён не мог болей трываць. Ён ведаў, што гэтага нельга, немагчыма, і ўсё ж сарваўся. Зрабіў крок, убачыў спалоханыя вочы, абняў за тонкія гнуткія плечы, прыцягнуў да сябе і прыпаў вуснамі да яе вуснаў. Яна не супраціўлялася, яна замерла і – яму здалося на імгненне – нават адказала яму.Мужчына бачыў бязвольна апушчаныя веі, адчуваў усю яе, нібы надламаную, постаць і прыпадаў да гэтых вуснаў усё больш і больш прагна, непрытомна ўсведамляючы, што гэта смяротнае шчасце і што гэта – канец.Задыхнуўшыся, яна злёгку адштурхнула яго, хіснулася на нагах. Варухнуліся і замерлі вусны.– Каб ніколі больш... – пасля паўзы глуха сказала яна. – Каб ніколі больш гэтага не было.– Вы кагосьці кахаеце?– Не, – усё больш прыходзячы да прытомнасці, сказала яна.– Ну вось, – у яго перасела ў горле. – А я вас страшэнна шкадую. Вельмі кахаю...– Так вось адразу?– Так вось адразу, – проста сказаў ён. – Я ведаю, на што мне яна патрэбная, мая... грубая сіла. На тое, каб любіць, каго люблю, на тое, каб бараніць яе, калі гэта спатрэбіцца.– Кіньце. Гэта не прынясе вам нічога, акрамя пакуты. Кіньце, пакуль не позна.– Позна, – ціха сказаў ён. – Нашто вы кажаце такое?– Вы ведаеце.– Няўжо тая злашчасная размова? Ды як жа вы?..– Яна... Не люблю “ўладароў”, “пакарыцеляў”, не люблю “гаспадароў жыцця”. Гаспадарыце над гэтым няшчасным жыццём. Паны. Двухногае наканаванне. Эксперыментатары над жывым. Я... не магу глядзець на іх... На вас.Змоўкла. Маўчаў і ён, апушчаны ў бездань самага безнадзейнага адчаю.– Прабачце мне... Я нічога не магу даць вам. У вас і так усё ёсць. Вы добры, мілы, слаўны чалавек. Але вы моцны. У вас жорсткая, рацыяналісцкая справа, яна не церпіць хістанняў. I вы такі...– Каб вы толькі ведалі, як вы памыляецеся.– ...I што я магу даць вам са сваімі матылямі і травамі? Хіба што любоў да жыцця, якое яно ёсць?