Чазенія

– Грамадзяне, просім пакінуць будынак... просім пакінуць будынак. Пачынаецца змена... пачынаецца змена.Зноў сірэна. Зноў папярэджанне з дынамікаў. Ідуць людзі ў белым, аглядаючы памяшканне, ці не застаўся хто выпадкова. Забаўна, што яны не бачаць яго. Праходзяць паўз яго. Мінаюць.Але вось яны абышлі ўсё. Нікога не знайшлі ў велічэзным, велічынёю са шматпавярховы дом, кальцы.Падымаюцца па сходках. Яго так і не заўважылі. Цяпер трэба асцярожна пайсці за імі. Вось здзівяцца...Ён хоча ісці і не можа скрануцца з месца... Ногі нібы адабрала. Ногі нібы прыкіпелі да падлогі.А людзі ўжо ўзняліся па сходках, ідуць, вось-вось пачнуць спускацца на другі бок.Толькі тут Севярын зразумеў, што зараз адбудзецца. Успомніў і жахнуўся. Такога ніколі не было, каб нехта застаўся ў сінхрафазатроне, такога не магло быць, але такое ўсё ж адбылося з ім.Неймаверным намаганнем волі ён адарваў ногі ад зямлі і скачкамі кінуўся да сходкаў. Толькі б хутчэй, хутчэй!.. Узляцеў на мосцік, прабег па ім, загрукатаў уніз. I... запнуўся, бо проста перад ім цяжка зачыніліся масіўныя дзверы, адрэзаўшы ад святла, ад людзей, ад забытай недзе далёка танюткай сінявокай жанчыны... адрэзаўшы ад жыцця.Крычаць было дарэмна. Яго не маглі пачуць. Ён ведаў: за гэтымі першымі дзвярыма з грукатам зачыняюцца іншыя, трывожна міргаюць над імі барвяныя табло.Не падыходзьце! Небяспека! За дзвярыма смерць!...Чырвонае святло выбухнула недзе ў адной кропцы, пачало снапамі выстрэльваць у яго бок. I апошнім пробліскам думкі ён убачыў дзівосную праяву......Недзе над празрыстай ручаінай, у невядомым краі, у моры сонечнага святла хісталася, любоўна шапацела перыстая чазенія, шчасце, каханне, забытае дзеля смерці, у далёкім зялёным раі, між цёплых гор....I выбухнуў барвяны, крывавы змрок. I ў гэтым полымі ляцелі проста на яго незлічоныя чароды безгаловых ізюбраў....I тады ўрэшце прарэзаўся, вызвалена вырваўся на волю крык. Крык пагібелі і крык нараджэння, нямы, нібыта гінула сама зямля....Ноч. Чарнільны змрок хаткі. За акном – цьмяная пляма дагараючага вогнішча.– Што ты? Што ты? Што з табой?! Яшчэ без усведамлення явы, з крыкам, што згасаў у глотцы і заміраў на вуснах, яшчэ ўвесь на шляху акрываўленых безгаловых праяў, ён адчуў далоні на сваіх плячах і шаўкавісты дотык валасоў да шчакі.– Сінхра... – непрытомна душыўся ён, – замкнулі... Беглі безгаловыя ізюбры...– Што ты... ціха... ну, ціха, – усеўладным шэптам казала яна. – Я ведаю...Тонкія далоні слізганулі пад ягоныя плечы, пачалі пагойдваць.– Табе было страшэнна цяжка? Ну кінь, кінь. Не звяртай увагі. Я памылілася. Я – дурніца. Усё зусім, зусім не так.Кашмар урэшце пачаў адыходзіць. Знікалі апошнія яго цені. I тады мужчына зразумеў, дзе ён і што з ім. Працягнуў у цемру рукі, абхапіў далонямі яе плечы, мякка прыцягнуў да сябе. Дрыжыкі прабеглі па яго целе.– Хлопчык мой, бедны мой “уладар”... Прыціснуўшы галаву жанчыны да сваіх грудзей, ён гладзіў яе цёплыя валасы і плечы.– Як ты магла?.. Няўжо не бачыла?.. Усё гэта было іначай, зусім іначай. I я кахаю цябе.– Я ведаю... Ведаю. Ты даруй. Як у цябе сэрца стукае. Хлопчык мой. Любы мой.Цалавала яго. I ён таксама, амаль у непрытомнасці, лавіў вуснамі яе вусны, вочы і бровы. Ніколі ў жыцці не было пачуцця такой еднасці, такой блізкасці і такога шчасця. I ён ведаў: ніколі не будзе.Цвёрдасць грудзей, пяшчота цела, гарачыня вуснаў у змроку. Сэрца адрывалася і падала-падала некуды ў захапленні, у лікуючай радасці чакання.