Чазенія

Усё заблытана імі, усё перавіта. Змеі, змеі, бясконцыя дравесныя змеі. Падымаюцца да вяршынь, перапаўзаюць на суседнія, звешваюцца. I ліянная лістота драбніцца толькі ў самых верхавінах лясных волатаў.Перахопліваюць святло, сціскаюць, уюцца, плятуць. Часам забіваюць. Унь стаіць сухі аксаміт. А там сухі кедр. Цягнецца, цягнецца да сонца актынідыя з мядова-салодкімі пладамі. Цягніся, ліяна, ніхто не будзе ссякаць цябе, каб адабраць плады, калі ўпадзеш на зямлю, і кінуць, абабраўшы.Папарацейкі-эпіфіты раслі ў трэшчынах кары, сакавіта зелянелі ў плямах святла. Пунсавелі на ліянах лімонніку гроны ягад.На ствалах зваленых гіганцкіх кедраў раслі падушкі нейкіх дзіўных грыбоў. Пяшчотнейшыя, белыя і слаба-ружовыя, галіністыя, як каралы, і такія самыя ювелірныя на выгляд.– Зрэж іх, – сказала жанчына.– Нельга.– Можна. Хутка халады.– А нашто?– Будзе вячэра, як у імператара. Гэта рагацікі, або кітайская лапша. Дзеля іх загубілі больш кедраў, чым на пабудову гарадоў. У Кітаі яны каштавалі ледзь не на вагу золата. I вось з-за мяжы прыходзілі кітайскія арцелі, валілі самыя тоўстыя дрэвы – чым старэй, чым таўсцей, тым лепей, даўжэй гнісці будзе, больш гадоў будзе існаваць плантацыя – і, як драўніна закісала, падсаджвалі на яе грыбніцу вось гэтых грыбоў, а яшчэ ільмавікоў і мядзведжага вуха. Пасля, праз год, прыходзілі і збіралі.Будрыс асцярожна збіраў грыбы. Прахалодныя, з дзівосным пахам грыбной сырасці, як у баравікоў. Гражына разграбала кіем траву, шукаючы нешта.– Слухай, – ціха сказаў ён. – Знаеш, што я ўспомню, як мы будзем старыя? Праз тысячу год.– Ну?– Вось гэта. Цябе ў гэтых джунглях. Змеі ліянаў. Вінаград. Каралы рагацікаў.– Я ведаю. Я таксама....Рэчка сплывала са скалы ў глыбокую вадабойную чашу, свежым струмком падала на іхнія галовы, зіхацела вясёлкавымі кроплямі на гарачых ад сонца плячах. Яны ляжалі, успёршыся грудзьмі на край чашы, і цягнулі рукі, стараючыся спаймаць за вушы сабаку, які ўладкаваўся прыступкай ніжэй, таксама ў чашы, ляжаў раскошна, адзін. Амур ляніва агрызаўся. Яму таксама было добра.Схіляліся да іх зялёныя, непралазныя сцены дрэў, і ліяны спускаліся з іх і варушылі пабегамі над галовамі людзей, нібы хацелі спаймаць....Пасля яна павяла яго ў бок ад вадаспадаў, у самыя нетры ліяннікаў.– Тут, здаецца. Скідай рукзак. I стрэльбу. Хадзем. Адышла крокі на тры і стала пад маньчжурскім арэхам, над густой травяной зарасцю.– Нічога не бачыш?– Не.– Тады заплюшчы на хвіліну вочы. I думай пра нешта добрае. Сюды нельга прыходзіць са злом у сэрцы.– Буду думаць пра цябе.Ён стаяў і ўспамінаў начную хатку, шум дрэў і яе вусны.– Глядзі, – ціха сказала яна.Папараць і іншае былі адгорнуты ў бакі. I на вызваленым месцы стаяла кволая, нявідная, але ў чымсьці страшэнна значная раслінка з прамым сцяблом і вытанчанымі пяціпалымі лісцікамі.I яна, чамусьці шэптам, адказала:– Ён. Не дыхай. Ён такі далікатны, што можа памерці і ад гэтага.– Чаму?– Бо ён усю сілу запасіць у корані. Таксама для іншых. Вось калі ты перастанеш мяне кахаць – прыйдзі сюды, адшукай месца і зрабі адзінае злачынства. Украдзь яго. Ён будзе тады вялікі, мудры корань, стары. I ўсё вернецца: рэчка, і верасень, і чазеніі.– Я не буду яго красці. Я ніколі не перастану цябе кахаць.– Не трэба так, – устрывожана сказала яна. – Не прымушай мяне шкадаваць аб многіх учынках.– Табе няма аб чым шкадаваць.