Чазенія

Яны сядзелі каля расліны. Плячо ў плячо.– Чакай, я прыкрыю яго ад сонца. Прамыя праменні таксама забіваюць яго. Далікатны. Як само каханне. Спляла над ім травы.– I давай адыдзем. Цяпер ты ўсё адно бачыш яго? I ў траве?– Цяпер бачу.– Адыдзем. Можа, яму і позіркі шкодзяць. Жэньшэнь стаяў у некалькіх кроках ад іх. Старажытны, пяшчотны, добры. I яны ляглі ў траву і глядзелі на яго.– Хай расце, – сказала яна, кладучы галаву яму на руку. – Дзіўна... Ніколі не было такога спакою. I так добра не было. Аж страшна, што ніколі больш не будзе. А раптам ніколі?– Ты што? – Ён рыўком прыцягнуў яе да сябе. – Ты што, хочаш, каб я памёр?Стракатай сенню беглі па іх сонца і цень. Віліся, звіваліся вакол іх джунглі. Дыханне іх было, як подых жанчыны ля яго вуснаў.– Бяссмерце ёсць? – спытала яна.– Ёсць. Бо я кахаю цябе.– Самае дзіўнае, што я цябе таксама кахаю. Учора яшчэ і не думала. Так проста, добра было сядзець з табой. А пасля ты пацалаваў мяне. I як абудзіў. Пасля я зразумела тваю безабароннасць, дзікі ты мой, немагчымы.Гладзіла яго па галаве.– Ведала, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца. I не магла ўстрымацца. Сніла гэтыя твае валасы, вочы, вусны, рукі... Дурны, шалёны браканьер. Хачу, каб ты вечна думаў пра мяне, каб гэта ніколі не прайшло.– Ніколі не пройдзе.– Каб жа ж гэта так...У гэтых цёмна-сініх вачах жыў такі незразумелы боль і такое каханне, што Будрыс увесь здрыгануўся ад шкадобы, замілавання, жадання бараніць.– Ты, маленькая, ты... Што гэта ты гаворыш?!– Я проста ведаю. Я не перанясу гэтага.– I не трэба табе будзе гэта пераносіць. – Ён пацалаваў яе вочы.– Так я і зраблю... Бог ты мой, дурны, мілы. Сядзеў сёння пад гэтым вадаспадам, як Адам пасля грэхападзення. Грэшны, дурнаваты, сам яшчэ не ўразумеў, што здарылася... Самы дарагі.У словах яе, у голасе, у выразе вачэй і дотыках рукі быў як нейкі гіпноз. Быццам сама сіла жыцця пералівалася з яе ў яго.– Павер, нічога, нічога такога страшнага больш з табою не будзе. Я табе кажу. Вер.Усё гэта, занадта вялікае, трывожыла яго.Але ва ўсім гэтым было і ўмацаванне яго вялікай, шчаслівай блізкасці да гэтай жанчыны, да ягонай, да адзінай жанчыны.Яна раптам прынікла да яго, нібы шукаючы паратунку.– Страшна. Я, здаецца, і хвіліны не магу без цябе. Як жа гэта будзе цяпер?Віліся, сдляталіся, сціскалі дрэвы гіганцкія змеі ліянаў.Звівалі шацёр над маленькімі лапкамі жэньшэня, невыносна душылі кедры.Але яшчэ больш невыносныя, яшчэ болыд смяротныя – нібы гэта было апошні раз у жыцці – былі іхнія абдоймы.Пяшчотныя ў сіле сваёй, як само жыццё, неразрыўныя, як звод неба над вечным лонам зямлі.

XIVБАЛАДА ПРА ЛЕАПАРДА БЕЗ ІМЯ I ПРА БЕЛУЮ ЛАЙКУ, ІМЯ ЯКОЙ – АМУРПасля вячэры яны не спяшаліся ісці ў хату. Было душна, а тут, знадворку, хаця можна было дыхаць.– А вось возьмем ды ўсю ноч і праляжым тут, – сказала яна.Ён кіўнуў галавою.– Калі не спаць, то тут лепей.– Там задыхнуцца можна. А калі дзверы адчыніш, то бандзюга той хіба пасаромеецца і ў хату залезці?Севярын моўчкі згадзіўся. У душы ён баяўся паўтарэння начных кашмараў. А раптам – зноў? Раптам не памаглі яе словы, вочы, дотыкі? Але ўголас ён сказаў:– Тут, прынамсі, вогнішча ў тваіх вачах адбіваецца. I зоры.– Я табе пакажу... зоры. Пірат! Будрыс засмяяўся.– А ён сёння возьме ды не прыйдзе, – сказала яна. – Абрыдла вось яму, ды і ўсё. А калі і прыйдзе – ты яго заб’еш. Такога – можна, раз ён знахабіўся ды людзей пільнуе.