Чазенія

– Забіць? Яго? Ды ты што?! Я каго хочаш заб’ю, толькі не яго.Ён нізавошта не забіў бы цяпер гэтага леапарда.– Я разумею, – сказала яна. – Гэты леапард звёў нас, праўда?– Праўда. Зрабіў з нас адно.I гэта было так. Смерць, што хадзіла навокал па джунглях, нечакана нарадзіла каханне, жыццё. Магчыма, уратавала ад усяго цёмнага, што вартуе чалавека, што столькі часу стаяла і чакала, пакуль ён, надломлены, упадзе....Яны ляглі каля вогнішча. Тое зырка шугала ўгору, жэрла галіны, сушняк, лаўжы. Але яны нарыхтавалі вялікую гару паліва, хапіла б і на дзве ночы.Чырвань разлівалася па ствалах і кронах дрэў. Часам у гэтай барве высока над зямлёй ляцелі вавёркі-ляцягі. Планіравалі, мянялі свой паветраны шлях. Нешта цягнула іх да вогнішча, і яны, павіснуўшы на ствале дрэва або апусціўшыся на сук, камянелі. Вялізныя, чорныя з чырвонай іскрачкай – ад агню – вочы цікаўна разглядалі дваіх незразумелых, што прымасціліся ўнізе, ля дзівоснага жоўта-чырвонага жывога хмыза.Варта было варухнуцца, і звярок паводзіў круглай тупаносай галоўкай, зрываўся з месца і ляцеў у змрок.Яны ляжалі і гаварылі аб зорах. Пастунова размова згасла. Моўчкі ляжаць было лепей. Ляжаць і адчуваць цеплыню побач, адчуваць рукою плячо, адчуваць сэрцам усепранікальны спакой зорнага неба, джунгляў, кедраў, гор, агню, усёй зямлі, якая да апошняй былкі належала ім. Яму і той, што была поруч. Не было нічога лепей за яе і за гэтую ноч і гэты свет.Ён раптам адчуў спіною нейкі трывожны холад. Не гук, не пах, не струмень паветра, а менавіта нешта нематэрыяльнае. Як быццам нехта глядзеў яму ў патыліцу.Мужчына скасіў вочы і зірнуў у той бок. Там нікога не было. Трапяткая мяжа барвы і цямноцця. Аніякага прызнаку чагосьці жывога.“Што такое?” – вачыма спытала яна.“Не ведаю”,– таксама вачыма адказаў ён.Трывога не праходзіла. Нейкі інстынкт прысутнасці, які, мабыць, быў у вышэйшай ступені ўласцівы напаўдзікім продкам і які аднавіўся ў яго за гэтыя дні.Пляма святла звужалася. Севярын ляжаў, увесь унутрана напружаны. Прадчуванне паступова мацнела. Чалавек ужо нібы скурай ведаў, што нехта стаіць у цемры, што гэты нехта плаўна, як човен па вадзе, пасоўваецца да яго і як быццам зусім не варушыць членамі.– Леапард!!!I той нібы адказаў з цемры тым самым словам, захлынуўся, а пасля рыкнуў:– Кх... леа-паррд!!!На імгненне ўспыхнула вогнішча, і чалавек убачыў пляскатую галаву і злосную морду звера амаль ля самага агню.Чалавеку было б нездабраваць, каб на пачвару не кінуўся Амур. Морду ў морду і зубы ў зубы.Рык, хрыпенне. Два целы, што звіліся на траве. Белае і плямістае, ільснянае, усё ў пералівах мускулаў.Віск, хрыпенне, рык, басавітае вуркатанне.Велізарная пачварная кошка не паспела схапіць і пацягнуць сабаку. Будрыс выхапіў з полымя галавешку і шпурнуў яе ў звера. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Дэманскі лямант раздзёр ноч... Гэта было неверагодна, але кошка не спалохалася агню, не адскочыла, не адказала нічым, акрамя рыку. I тады чалавек копнуў яе страшэнным выспяткам ніжэй мяккага азадка.Звіўшыся ў клубок, леапард узвіўся ўгору, як мяч, закалаціўся ў паветры з шалёным екатаннем і рыкам, што рвалі, здаецца, барабанныя перапонкі.Ён зваліў бы мужчыну з ног, але Амур паспеў учапіцца яму ў азадак, ірвануць і асадзіць на зямлю. Чалавек толькі на імгненне адчуў на твары павеў смуроднага дыхання, а адурэлая пачвара ўжо зноў кінулася на пса, насела на яго.