Чазенія

– I вы прабачце, – сказаў Будрыс. – Я таксама... Яны паціснулі адзін аднаму рукі.– Заўважаю, са здароўем у вас нешта? – ціха спытаў Паўлаў.– I са здароўем. I так – пагана... Паразумела ўсміхнуліся сінія вочы:– Ну, добра... А то вось яшчэ было... Падчас японскай акупацыі бацька мой выдаў сябе за нашчадка японца. Маўляў, выхадзень з поўдня Японіі, з вострава, здаецца, Акінасіма. Ад маці меў трохі ў форме вачэй і ў колеры аблічча. Зусім трохі, але ж у нейкім там пакаленні – японец... Валодаў гэты японец мовамі: рускай, начаткамі кітайскай і карэйскай, як усе карэнныя, украінскай і яшчэ антыяпонскай... На нас працаваў...Плыла вясёлая, простая, натуральная размова. Яна нібы варажыла, бо давала радасць, разуменне і спакой.I пад гэтую размову, і жадаючы змыць няёмкасць і сорам першай гадзіны, яны такі здорава ўзялі ў той вечар.Ва ўсякім разе, пад канец, калі раптам ударылі смыкі, барабаны і трубы і ўся зала пачала падпяваць і зрывацца а месца, Будрыс са здзіўленнем пачуў, што ён таксама на ўвесь голас падпявае і не бяжыць танцаваць толькі таму, што не ўпэўнены, ці атрымаецца гэта.У кожнага партовага горада ёсць свая песня, свой асаблівы гімн, пад які не ўседзіць ніхто і ўседзець пад які – гэта амаль што ўчыніць здраду айчыне, ва ўсякім разе, напляваць на яе святыя традыцыі. Тое, пра што ў Амерыцы кажуць: “Лепей апаганьце абеліск Вашынгтону, абы не гэта”.Тут такой песняй была старая, наіўная песня пра дзяўчыну, якая “па-ка-ха-ла ма-ра-ка!!!”. I вось глоткі раўлі яе, а ногі адтупвалі так, што дымеў паркет:Он не лекарь!Не аптекарь!Не разносчик мо-ло-ка!!! Плачу я, но не жалею, Что влюбилась не в жокея, Не в торговца бакалеей, А в бродягу моря-ка!!!Яны спявалі “джокея” і “торговца-бакалея”, нібы гэты гандляр меў другую прафесію – “бакалей” – або гэта было ягонае імя, накшталт “Бармалей”. Але спявалі так заўзята і захоплена, што брала ачмурэнне:Знает он, где спят туманы, Где кочуют ураганы И когда цветут бананы На Гавайских островах.Ён глядзеў на гэта, праз туман, і, здаецца, блытаў куплеты. Але гарлаў разам з усімі:Ну и пусть, моряк, не скоро Ты вернешься в этот город... Моряки блуждают в море, Словно в небе облака!!!Кітабоі грукалі нагамі, нібы на іх усё яшчэ былі пудовыя боты. Лёталі са сваімі партнёршамі капітаны, нават самыя сівавалосыя. I ўсё гэта нагадвала індзейскія скокі або танец людзей, якім дваццаць год забаранялі танцаваць:По-лю-би-ла мо-ря-ка-а-а!!!Будрыс са здзіўленнем заўважыў, што субяседнік скача, седзячы на месцы. Наіўнаватая песенька нарадзіла ў яго вачах непадробнае захапленне. I гэта лепей за ўсё сказала яму, што Васіль – карэнны, патомны жыхар, плоць ад плоці і кроў ад крыві горада.I тут жа спаймаў сябе на тым, што і ён не толькі крычыць. – Вось і ты прычасціўся, – сказаў Паўлаў. – Ахрышчаны.Гэтае “ты” было нібы прызнанне, што Севярын цяпер свой. I так, праз нямудрую гэтую песню, Будрыс нібы заглянуў у душу горада.З гэтага часу ён і Паўлаў сталі прыяцелямі. Пасля Севярын паехаў трохі паглядзець на гэтую зямлю і падчас паездкі канчаткова зразумеў, што яму ўсё роўна, хваліцца Паўлаў ці не, многа ён брэша ці так залівае трохі. Таму, што ён бачыў у ім частку душы горада. Карэннай яго душы – прадпрымальнай, непаседлівай, смелай, трохі выхвальнай, зубастай, цяжка працоўнай, схільнай да самых неверагодных выдумак. Накіп, што ёсць у кожным горадзе, – гэта было не тое. Яго хапала і тут. Але ў Паўлава Будрыс заўважыў частку душы першапасяленца. I пляваць яму было на тое, чэмпіён Васіль ці не, кахаў ягоны прадзед Веру Фігнер або гэта такая самая “антыяпонская мова”, як бабця з Явы.