Чазенія

– Справу не скончыла, – ціха сказала яна.– Лухта, – сурова сказаў дырэктар. – Усіх хвастоў усё адно не выцягнеце, нешта застанецца. Працы тут – на стагоддзі. А вам трэба быць разам. Уздыхнуў.– Урэшце, як хочаце. Справа ваша. А толькі б я так не рабіў. Што далей?– Я падрыхтую ўсё, – сказаў Будрыс. – Пакоцім спачатку да яе, разлічыцца яна з работай. Пасля паедзем да мяне і там усё абгаворым з бацькамі і вырашым...Ён глядзеў на Гражыну. Яна слухала яго і не чула. А вочы сурова-сумна сачылі за яго вуснамі, нібы вывучалі іх і ўсё аблічча.– ...ці варта мне кідаць месца. Загадзя ведаю – бой давядзецца вытрымаць страшэнны. Увогуле гэта падобна на здраду сябрам. Каб толькі жывым, то гэта яшчэ нічога.– Генусь? – спытала яна. Севярын моўчкі схіліў галаву.– Я не буду ні на чым настойваць, не буду нічога дамагацца,– ціха ўсміхнулася яна. – Усё разумею.Жаль працяў Будрыса ад адной гэтай сумнай усмешкі, вялікі жаль.– Калі ты будзеш так усміхацца – я кіну ўсё, нават не заязджаючы дадому, – сказаў ён. – Гэта я так аб здрадзе. Кожны – гаспадар свайго жыцця. Генусь, каб мог, сам сказаў бы мне гэта. Ён быў надзіва чалавечны чалавек. Такіх цяпер няма.Зноў паглядзеў на яе твар і сказаў Дзянісаву:– Баюся, што мы і на самай справе хутка вернемся сюды. Прымеце?– Я сказаў...Дырэктар сеў на кукішкі, узяў у далоні галаву сабакі і пачаў глядзець у арэхавыя, залацістыя вочы.– Амур, – сказаў ён. – Будзь разумнікам, Амур. Не думай, што я здрадзіў табе. Я табе толькі хлеб даваў. Гэты – мог заплаціць за цябе даражэй. Жыццём. Разумееш? Ды яшчэ тады якраз, калі яно ўжо не належала аднаму яму. I ты будзь яму верны. Чуеш, Амур? А ён будзе верны табе, як дагэтуль, будзе даваць табе хлеб, дах і пяшчоту. Добра будзе ставіцца да цябе. Не будзе біць.У любога іншага гэта было б смешна. Толькі не ў Дзянісава. Севярын занадта добра ведаў яго стаўленне да ўсяго жывога... Акрамя таго, у пса дрыжалі плямістыя бровы.Пёс... плакаў. Другі раз у жыцці бачыў гэта Будрыс, сам зараз гатовы зараўці.– Не плач, Амур. Ну што, на самай справе... Што табе тут? Дождж, звяры дзікія. Табе гэтага і трэба? Ён з табою на паляванне хадзіць будзе. I памрэш ты ў яго ў доме сваёй смерцю. Усыпляць ён цябе не павязе, не той чалавек. Ён пра гадасць такую і не падумае нават. А я да цябе ў госці прыеду. Ну, бывай, Амур.Сабака лізаў яму рукі. Доўга лізаў. Пасля адышоў і сеў ля Будрысавых ног.– Севярын! – раптам амаль крыкнула яна. – Ды не рвіце ж вы мне сэрца! До ўжо. Бо я не вытрымаю.– Да сустрэчы, браце, – сказаў Дзянісаў. – Харошы ты чалавек.– Ды й ты... дужа харошы чалавек.Яны абняліся. Пасля грузавік крануўся з месца. Дзянісаў крэкнуў, махнуў рукою і пайшоў у дом....Сабака сядзеў у кабіне, побач з шафёрам. Паважна глядзеў наперад, бы развітваўся з мясцінамі, па якіх бегаў яшчэ шчанюком.Мужчына і жанчына стаялі ў кузаве, успёршыся на кабіну.– А можа, і сапраўды вернемся? – сказаў ён. – Гэта, па-мойму, найлепшае месца ў свеце.– Але. Мне было тут лепш за ўсё ў жыцці.– I мне.– Мне было з табою заўсёды добра.– I тады, калі вадаспад і ліяны?– I тады.– I пасля, у доме арнітолагаў?– I тады.– А лепей за ўсё?– Хата. Калі з’явіўся леапард. I калі ён пайшоў. I заўсёды... Дзякуй.Скалы, лясы і горы хутка скончыліся. Плылі, перамяшчаліся хрыбты, пакуль не закрылі сабою цясніну, вузкую дарогу ў падзь.Шафёр гнаў машыну па беразе, проста па ўтрамбаваным пяску, па прыбойных лужынах – аж разляталася вада, – па жвіры, і ўсё ж даставіў іх на прыстань, калі да яе падыходзіў белы марскі катэр “Ізумруд”.