Чазенія

– I ўсё ж, калі ты будзеш? Ну, супакой яшчэ раз.– У суботу.– Кінь, Амур. – Севярын убачыў, што сабака цягне яе за прыпол да катэра. – А як не будзе катэра? Паўтары мне.– У сераду разам з катэрам запаведніка. – Вочы яе ўсміхаліся праз слёзы.– Не трэба сонца праз дождж. Хай адно сонца, – папрасіў ён. – Пачнецца ж у сераду вечнае лета? Га? Бачыш, Амур, яна прыедзе. Кінь прыпол. Скажы нам, што прыедзеш.Яна моўчкі затрэсла галавой....Катэр даў гудок. Яна прыціснулася да яго. Пасля з цяжкасцю адарвалася.– Ідзі. Не сумуй гэты час... Моцны мой... Раз ты з кошкамі ваяваў... – нешта душыла яе. – Ну што з табой можа зрабіць нейкае там?.. Хай бы і самае кепскае.I, узяўшы яго галаву ў далоні, не саромеючыся людзей на палубе, не звяртаючы ўвагі на цікаўных прыстанскіх баб, горка, страшна пацалавала яго ў вусны. Нібы ўсю душу ўклала ў адзін пацалунак.Будрыс бачыў, як яна махала хусцінай, як пасля, уся сагнуўшыся, пайшла да машыны. На хвіліну яму захацелася скочыць за борт і паплысці да берага.Цяжка, смяротна ён шкадаваў пасля, што не зрабіў гэтага.Постаць на беразе знікла. Знікла машына. Знікла ўрэшце і прыстань.I тут Севярына ўразілі нейкія страшныя, дзікія гукі......Гледзячы на бераг, усім целам падаўшыся да яго, гаротна, з несуцешным адчаем, як па нябожчыку, выў Амур....У суботу яна не прыехала. Будрыс, які чакаў яе на трэцім прычале, даведаўся, што “Ізумруд” прыйшоў з Тыгравай ва Уладзівасток яшчэ ўчора, у пятніцу.Ён засмуціўся, што давядзецца яшчэ некалькі дзён прабыць без яе, але ўвогуле ўспрыняў гэта, як належнае. Не ведала. Спазнілася. Прыедзе ў сераду катэрам запаведніка.Калі прыйшла серада, ён узяў Амура і пайшоў з Васілём Паўлавым сустракаць.– Варушы шчупальцамі, біч, – нязлосна кпіў Паўлаў. – Дачка гаспадара таверны чакае цябе. Яна выплакала вочы, выглядаючы тваю татуіраваную морду з ілюмінатара бацькавай карчмы.– Слухай, ты кінеш ці не?– Увянчаны лаўрамі, укрыты шнарамі і славай, ён, аднак, прагнуў сціплага палявога букета з яе рук. Толькі яго.– Ну, дальбог...– Люблю індзейцаў і караімаў, – на ўсю вуліцу абвясціў Паўлаў.Прахожыя пачалі азірацца на іх. Паўлаў ішоў з непарушнай мордай саліднага бацькі сямейства. У яго былі манеры і хада члена палаты лордаў. Затое Севярын усміхаўся на поўны рот, праўдзівей, душыўся са смеху.– I арапаў таксама люблю!Нейкі сівенькі стары спыніўся і з дакорам паківаў на Будрыса галавой:– Гэ-эх, малады чалавек. Фуліганіце. А яшчэ з сабакам.– З тых, што кроў праліваў, – шэптам сказаў Паўлаў. – Толькі невядома, ці ў Сямёнава, ці ў самога барона Унгерна. “Разграмілі атаманаў...” Увага! Увага! Паважаныя грамадзяне Уладзівастока. Унікальны цыркавы нумар! Толькі ў нас! Леапарды сярод публікі. Адзін – Будрыс – Адзін. Залаты медаль абісінскага негуса. Заваяванае сэрца ягонай дачкі.– Васіль! Дальбог, занадта... Прашу...Катэр ужо стаяў ля прычала. Дзянісаў з двума рабочымі выгружаў з яго клеткі і нейкія скрынкі.– Здаровы, хлопцы! Рад бачыць. Гэта Паўлаў? Малайчына. Вось апошні выгрузім – і я вольны. Памагайце. А чаго гэта вы адны? Гражына дзе?– Хіба яна...– Ну, як вы дамаўляліся. “Ізумруд” замест суботы ішоў у пятніцу, то яна і з’ехала. На другі дзень. Я яшчэ ўзрадаваўся, што менш вам чакаць.Выціраў рукі хусцінай.– Жартуеце, Захар Іракліевіч... – сказаў Будрыс.– Што вы! – збялеў Дзянісаў. – Хіба гэткім жартуюць? I толькі ўбачыўшы, як ён збялеў, Севярын збялеў сам. Зразумеў, што ўсё гэта не дурны жарт, а праўда.