Чазенія

– Вяселле адмяняецца, – па інерцыі, нічога не разумеючы, трындзеў Васіль. – Міртавы букет упаў з рук ашаломленага жаніха...Ён раптам вохнуў. Вочы сталі дзікія і жаласныя:– Мілы... Гэта што ж такое? Га? Прабач, калі ласка.– Як жа гэта зразумець? – неўразуменна бубніў Дзянісаў. – Сам жа адвёз. Сам угаворваў, каб не чакала серады. Не чакала мяне.– Дарэмна, – сказаў Будрыс. – Лепей ужо сённяшняя серада, чым тая чорная пятніца.– У, ёлуп, у, ідыёціна, – лаяў сябе дырэктар. – Як жа яно так? Што ж гэта магло здарыцца? Першы апамятаўся Васіль.– Дзяўчаткі, – звярнуўся ён да нейкіх дзвюх сітавак, што праходжваліся па прычале, – вось вам букеты. Не ўсміхайцеся чароўна, яны нам усё адно сёння не спатрэбяцца. Сустрэнемся другі раз. Званіце ў шэдэўральную газету “Маяк”. Акадэміку Паўлаву... Севярынчык, Севачка, – чорт вас ведае, як у вас змяншальнае імя! – не вешайце рымска-грэчаскага носа. Дзянісаў, унь зялёны агеньчык. Хапайце... Сева, цапайце гэта чатырохногае за тлустую шкірку і валачыце на пярэдняе сядзенне. Пайшлі!Яны аб’ездзілі на таксі ўсе гасцініцы горада, усе аддзяленні міліцыі. У пятніцу не было ахвяр вулічнага руху. У пятніцу ў гасцініцах былі вольныя месцы, але ў ніводнай гасцініцы грамадзянка Арсайла Гражына Янаўна не спынялася.Васіль строіў здагадкі:– Калі ў яе тут няма знаёмых – значыцца, яна ў той самы дзень выехала з горада.– Яна выехала, – безжыццёва сказаў Будрыс.– Чаму?– Яна не магла столькі дзён сядзець тут, ведаючы, што я побач, што я чакаю.– Ясна – не магла, – з перабольшанай упэўненасцю сказаў Васіль. – Не вытрымала б, гэта ж зразумела. Яна адкуль, Захар Іракліевіч?Той пачырванеў.– Каб я ведаў тады, як яна паказвала дакументы... Але, мне здаецца, з хабараўскага інстытута. Так-так, менавіта адтуль.– Значыць, так, – сказаў Паўлаў. – На паштамт. Адразу тэлеграму ў інстытут. Калі яшчэ там – хай затрымаюць, нават цаною жыцця. А ім давядзецца гэта зрабіць. Бо, як не затрымаюць, я з іх гэтую плату жыццём спаўна вазьму. З працэнтамі. Дня не дарую...– Севярыне, хлопча, – сказаў раптам Дзянісаў. – А вы не думаеце, што, можа, не варта даваць тэлеграму? Што, можа, гэта... зломіць ёй жыццё. Што яна... ну, скажам, – на дырэктара было шкада глядзець, – ...замужам ці нешта такое.– I няхай зломіць, – праз зубы кінуў Паўлаў. – Так і трэба, раз магла. I што вы плявузгаеце?! Што вы плявузгаеце, наогул?! Вы што, не бачыце, што з ім?! I добра, калі зломіць! Тады ён, можа, падумае-падумае, ды і даруе ёй. Праўда ж?– Кінь сварыцца, Васіль, – сказаў Севярын. – I не крычы на яго. Яна не замужам.– Бачыце, святая вера, – успыхнуў “унук рабыні”.– Гэта не вера. Я ведаю. Але нават каб не ведаў – я б верыў. Іначай гэта была б занадта вялікая подласць – не сказаць мне. Усё адно адбылося б усё, як яно адбылося. Але я, прынамсі, ведаў бы, чаго мне чакаць. I чакаў бы з адкрытым тварам. Яна сказала б. Яна зусім не такая... Нават каб я не ведаў.Даўшы тэлеграму ў Хабараўск, яны памчалі на аэрапорт. На вакзал ехаць не было прычыны, там не запісваюць прозвішчаў.У аэрапорце яны даведаліся, што пасажырка Арсайла вылецела ў пятніцу рэйсам у Хабараўск.– У той самы дзень была там, – ляпнуў дзверцамі таксі Паўлаў. – Субота – панядзелак – нядзеля – аўторак... I лічу па-цыганску ад хвалявання.– Серада, – сказаў Будрыс. – Прайшоў амаль цэлы дзень. Адказ, добра – калі заўтра. Значыць, шэсць дзён. Адна нядзеля на заяву аб уходзе. За два тыдні. А могуць адпусціць і раней.