Чазенія

...Цягнік адыходзіў у 0.10. Яны пасадзілі Будрыса ў вагон, расцалаваліся. I тут Васіль здзівіў усіх. Палез у кішэнь і дастаў адтуль нешта, загорнутае ў паперу.– На. Табе.Гэта быў стары кабінетны партрэт. Мабыць, аматарскі. На ім была жанчына ў чорным строі, жанчына з вельмі знаёмым тварам, і высокі сівы мужчына з маладымі вачыма. На мужчыне быў палкоўніцкі мундзір.Севярын глядзеў на яго і заўважаў паступова няўлоўнае падабенства з Васілём.– Яны?– Яны, – сказаў Васіль. – Трымай, браток. На знак таго, што вернасць – яна была, ёсць і будзе. I што заўсёды будуць людзі, здатныя плаціцца за яе. Ты – суцешся. Нічога...– Але ж гэта нават не копія.– А ты мне яе вернеш, – проста сказаў Васіль. – Пакуль хай у цябе будзе. А пасля, як толькі знойдзеш, як толькі яна вернецца – аддасі назад. Гэта будзе скора... Дык вось, на знак гэтага... I вяртайцеся разам да нас з Захарам.У Будрыса сцягнула глотку:– Я гэтага табе не забуду. Дзякуй. Вазьму. Вярнуся. Хлопцы вылезлі з вагона. Цягнік мякка рушыў. Паўлаў усё хутчэй крочыў за ім:– Так трымаць, біч... Нос вышэй... Айчыне не патрэбны слінявыя кашалоты... Перадавай прывітанне прагрэсіўным вучоным.I пасля здалёк:– Фота хутчэй вяртай! Фота!Мужчына стаяў і глядзеў на агні горада, у якім заставаліся сябры, у якім ён знайшоў і страціў...Пасля амаль усе дні ён таксама прастаяў ля акна ў калідоры. Даводзілася наведваць і карміць Амура. I ад шалёнай радасці пса, ад простай яго адданай вернасці лягчэй было пераносіць дарогу. Побач была жывая душа, сведка, сябар, які помніў хату, і чашу вадаспада ў ліянніках, і горыч таго страшнага ўдару на прычале. Друг, які прадчуваў, які цягнуў яе на катэр і выў, калі яна знікла з вачэй.Ва Уладзівастоку было зелена. Пад Хабараўскам, раніцай, горы нагадвалі букеты: залатыя, барвяныя, малахітавыя, жоўта-лімонныя, іржавыя. У гэтым горадзе яна жыла. Праязджала гэтыя тунелі. Купалася ў гэтай рацэ. Хадзіла міма гэтых дамоў. Ён ледзь не злез тут і толькі вялікім намаганнем волі пераканаў сябе, што гэты горад апусцеў без яе, што выходзіць няма патрэбы.Пасля цягнік ішоў па грані, па мяжы восені і зімы.Пад Гонжай піхты былі прыцярушаны снежнай пудрай... Магоча ляжала пад глухім асеннім дажджом... Ружавелі нагія бярозы на Шылкінскіх сопках... Бярозы ў Марыінску былі яшчэ сям-там жоўтыя... А пад Новасібірскам валіў, сыпаў густы снег.Зіма гуляла з цягніком у кошкі-мышкі.Ён карміў Амура сыта і добра, выводзіў яго гуляць на станцыях, а сам амаль не еў. Слоіка салоных груздоў, купленага на станцыі, хапала яму, з бульбай, на два дні.I на кожнай буйной станцыі чакала тэлеграма. Змест усіх быў аднолькавы: “Не было”, “Не было”, “Не было”.На Урале ля слупа “Азія – Еўропа” зноў гарэў бярозавы пажар. I чым бліжэй да Масквы, тым больш было на бярозах зялёнага. Зіма выпускала цягнік са сваіх кіпцюроў.Ён шмат думаў усе гэтыя дні. I паступова неўразуменне саступала месца разуменню. Яму здавалася, ён ведаў цяпер, чаму ўсё скончылася так. Ведаў. I дараваў. Але ад гэтага яму не было лягчэй. Усё на свеце ён аддаў бы, каб яна была побач, каб можна было ўначы спаць у адным купэ, а ўдзень стаяць ля аднаго акна і сядзець у вагоне-рэстаране за адным сталом.З пакутлівым пачуццём апошняй страты ён уяўляў сонечныя ліяннікі, шызыя гроны вінаграду, вугальны змрок у хатцы, яе вусны, дотык яе грудзей, крокі леапарда ўначы.Якое шчасце, што быў леапард. Ён быў, але была і яна...