Чазенія

Але я даю табе слова: болей я не буду плакаць. Дзеля яго. Ён павінен быць здаровым. Ён павінен вырасці такі, як ты: моцны, разумны, добры, самы лепшы на свеце.Праз яго я не кажу цяпер, што ўсё было дарэмна, што я не павінна была ісці на тое, каб быць з табой. Не, я хлушу. Нават без яго я не шкадавала б ні аб чым. Ні аб той ночы, калі блукаў леапард і ты вымушан быў легчы ў хаце, такі пакорлівы майму наканаванню (бог ты мой, да чаго мяне да цябе цягнула!). Ні аб тым страшным, што патрызнілася табе і што прымусіла мяне прыйсці да цябе самой. Ні аб жэнынэні я не шкадую, ні аб ліянніках. Ні аб чым. Дзякуючы ўсяму гэтаму я зведала цябе. Лепшых, іншых няма і не будзе.Я зноў схлусіла. Зусім не гэты твой сон, зусім не жаданне суцешыць. Я сама шукала суцяшэння. Больш не магла. Прыйшла да цябе з радасцю і палёгкай, з пачуццём самага вялікага шчасця. Дый хто мог бы адчуваць нешта іншае побач з такім, як ты.Родны мой, як мне і зараз хочацца сесці ля тваіх ног, пакласці галаву табе на калені, цалаваць твае моцныя рукі, не пярэчыць тваёй пяшчоце. Як мне горка, што гэтага не будзе. Пастараюся хоць трохі растлумачыць табе, чаму. А ты зразумей, даруй дурной бабе, якая больш за ўсё на свеце кахае цябе. Я ўсё ж баба. Не думай пра мяне ні лепей, ні горай таго, чаго я вартая.Я баюся. Памятаеш, калі джунглі віліся над намі? Я хацела, каб ты вечна пра мяне думаў, каб гэта ніколі не мінулася. I я дрыжала ад думкі, што гэта мінецца. Я не перанесла б гэтага. Я ведала, што ўсё канчаецца яшчэ на зямлі, а бяссмерце жыве толькі ва ўспамінах. Ну так, я мучаю цябе, я – дрэнь, і нашто табе такое бяссмерце, і тое, што ты ўспамінаеш мяне, і што будзеш помніць цяпер да канца?! Але кожны дзень на зямлі памірае каханне, і людзі абыякава праходзяць паўз дарагія калісь магілы. Я не магла б. Даруй мне. Я не жыла б пасля і хвіліны.Ты мой першы. Ты мой апошні. Я вырашыла ўсё пасля першай хвіліны блізкасці з табой. I тады, ля жэньшэня. Я проста не магла без цябе. Гэтым тлумачыцца і тое, што я сама прыйшла, бо хацела, каб табе было добра, бо думала пра цябе, бо немагчыма было, каб ты памёр ад смагі і не помніў мяне такой. Гэтым тлумачыцца і тое, што я сама і пайшла. Не хацела страціць цябе.I ты не здзіўляйся, каханы. Нейкі чалавек застрэліўся ў ноч перад дуэллю. Лічы, што я зрабіла тое самае. I не толькі таму, што баялася смерці. Больш за ўсё баялася я, што гэтую смерць можаш прынесці мне ты.А ўсё ж я вагалася. Яшчэ пад час апошняга развітання я магла змаладушнічаць. Нават ад гэтага ўчынку лайкі. А каб узяў мяне за руку ты – што і казаць. На шчасце... на гора, так не здарылася. Падчас развітання ты нечакана даў мне і сілу для майго ўчынку. Я ўбачыла тое, што магло б пасля перарасці ў смерць нашага кахання, у маю смерць.Мы ва ўсім розныя. Што рабіць мне там? I што табе – тут? Мы розныя ва ўсім, акрамя нашага кахання.Ты ўпамянуў пра здраду сябрам, і “каб яшчэ толькі жывым”, ты ўпамянуў імя Генуся, з якім... Я зразумела: нават падсвядома ты не даруеш сабе таго, што ты называеш “здрадай”. I, рана ці позна, сыдзе на нішто тваё каханне, самае вялікае, якое ў мяне было, якое ў мяне будзе. Адзінае.Не хачу. Хай лепей застанецца найвышэйшы, адзіны ўспамін жыцця, адзіны, бо іншага ў мяне не будзе, клянуся табе. I тады, на схіле дзён, я ўспомню адно: перакаты рэчкі, хатку пад ценем кедраў, лятучы цень чазеній, сілу рук, сілу вернасці, ноч, крокі і сінявокага хлопца, што ідзе да мяне са стрэльбай на плячы.