Чазенія

Ён ішоў пад кранамі “Сумітома”, якія нібыта прыселі на напаўсагнутых нагах, адпачываючы ад штодзённага страшнага цяжару. У марскім смецці ля пірса плаваў, калыхаўся бліскучы, як велікоднае яйка, дзіцячы мячык. Тут ён упаў у ваду, ці яго аднекуль прынесла? I як прынесла, то адкуль? З Карэі? Ад берагоў Японіі? Ад туманных і суровых скал Цярнея?..Чамусьці без усякай сувязі з гэтым і з мінулымі думкамі ён успомніў сваё роднае возера, раку і сябе, хлопца з невялічкага мястэчка. Што ты ні кажы, а непасільны цяжар лёг яму на плечы, гэтаму правінцыялу. “Вундэркінд”, “незвычайныя здольнасці”... Чым ён вінен, што акрамя ўсяго гэтага прырода дала яму вочы, якія прагна бачаць усё на зямлі, ногі, якія жадаюць абшару, сэрца, якое хоча чагосьці незвычайнага? Трэба было, відаць, даць волю сэрцу, а не галаве, якая ў барацьбе з гэтым сэрцам (а напэўна ж, так) знемагла ў той самы момант, калі ён ганарліва лічыў, што для ягонага мозгу амаль няма немагчымага. I ці не быў бы ён шчаслівейшы, каб аддаў кесарава кесару, а божае богаві? Хіба кепска было б стаць капітанам вось такога гандлёвага судна (як жа яго назва? “Орша”? Бог ты мой, “Орша”!), быць заўсёды ля машын і лічбаў, заўсёды думаць, вынаходзіць, паляпшаць (і задавальняцца гэтым) і адначасова быць адзін на адзін з абшарам, з акіянам, з простымі чалавечымі адносінамі, з сустрэчным суднам, якое мінае тваё і доўга яшчэ свеціць праз ноч топавымі агнямі... I вось – чужыя астравы... Гавань пад залатой поўняй... I на ўсім рабізна... Залатая па чорным (гэта адбіваюцца ліхтары ў чарнільнай вадзе, якая спіць у цяні караблёў) і блакітная па густым нябесна-сінім (месяц, вялізная поўня, дрыжыць блікамі на вадзе).Пры сузіранні зямной прыгажосці ён заўсёды нямеў. Выліць бы ўсё гэта, аддаць іншым. Але ніколі ў жыцці ён не мог скласці нават звычайнага вершаванага радка. I таму адчуваў сябе так, як, напэўна, адчувае сябе сабака: хоча сказаць пра важлівае і не можа. I таму ўсё гэта, нявылітае, нявыказанае, зберагалася ў душы, перапаўняла яе і, не знаходзячы выхаду, прымушала ўтрапёна марыдь аб іншых берагах, аб вышэйшай справядлівасці, аб незвычайных жанчынах, аб праўдзе, простай, як вялікі верш, аб нейкіх нязнаных джунглях, лясах, стэпах, што пахнуць, як сады, аб нязменнай чалавечнасці, аб шчасці. I нічога з гэтага не збылося, і ўсё гэта, урэшце, задушыла яго. Нельга бясконца стрымліваць самае святое – урэшце адбудзецца выбух...Замест усяго гэтага ён заблытаўся, бы ў лесе, у каменных дамах, у машынах, у лічбах. I ўсё гэта страшэнна адпомсціла.Будрыс успомніў жорсткую, брутальную і цынічную карыкатуру, якую ён бачыў у амерыканскім тэхнічным часопісе. Стаіць пачварная, з дзесяткамі тысяч рычажкоў і кнопак машына невядомага прызначэння, а ў ёй корпаецца, стаўшы на калені, маленькі чалавек – ліквідуе нейкую непаладку. Спачатку ён нават не зразумеў, у чым тут соль: звычайныя будні, тое, што бачыш кожны дзень. I толькі пасля заўважыў, што з азадку ў чалавека тырчыць ключ, накшталт тых, якімі заводзяць дзіцячыя завадныя аўтамабільчыкі. Дурны смех! Але ў чымсьці і праўда... Вось, здаецца, і ў вас скончыўся завод, сябар Будрыс.Ці дойдзе чарга да вас, каб зноў завялі? Такія вялікія чалавечыя чэргі. Падчас працы, у гадзіны бяссонных начэй, калі ёсць толькі круг ад лямпы, папера і лічбы, падчас спрэчак, калі нават іранізуюць і здзекуюцца адзін з аднаго радам формул, у якіх памылковая думка праціўніка даведзена да абсурду, раз-пораз ён успамінаў простае: рыжых коней на поплаве (так нечакана адышлі яны ў нябыт, і ён зусім не падрыхтаваўся да развітання), курганы-валатоўкі ў ранішнім тумане, бабра, што куляецца ў ваду, заўважыўшы ягоны човен... Хлопчык з глушыні, куды цябе занесла? У фантастаў усё гэта выглядала куды прыгажэй, бо яны адказвалі зусім на іншыя пытанні, сярод якіх галоўныя былі – чалавечае і чалавечнасць, бо яны клікалі да іншых берагоў.