Чазенія

Ён марыў аб няздзейсненым, аб тым, чаго не будзе, аб жыцці, што споўнена віруючым токам крыві. I паколькі гэта не збылося, рыжыя коні адпомсцілі яму.Ды хіба яму аднаму? Ён успомніў сваё першае знаёмства са светам высокай навукі. Тады іх, зусім яшчэ юнакоў, везлі аўтобусамі ў Дубну: паказваць. I яны былі шчаслівыя маладосцю, шчаслівыя (што грашыць!) сваёй адметнасцю, сваімі думкамі і ідэямі, сваімі гарызонтамі. Яны маглі ўсё. Але ўжо тады ён адчуваў сваю дваістасць. Злева ад дарогі гордыя сталёвыя стрэлы неслі драты, справа – ляжалі вёскі, справа было Дзмітраўскае гарадзішча, гарадзішча горада, які калісьці мог сапернічаць з Масквой. Ад усёй велічы застаўся на гэтым гарадзішчы толькі нізкі белы старажытны сабор.I Севярын не ведаў, што яму даражэй: гордая ода, што цягнулася злева, або простая элегія, што драмала справа.Усё ўразіла іх тады. I сам горад, і круглая крэпасць сінхрафазатрона, і цыклатрон, і пульт упраўлення. Гэта было велічна і цудоўна. А ён ніяк не мог пазбавіцца ад думак, што вакол гэтага фарпоста ляжаць лясы, у якіх, цалкам верагодна, могуць такаваць глушцы.Ізумрудная іскра на экране пульта ўпраўлення паўзла і паўзла наперад, упарта і пераможна, і раптам зрывалася, бязвольна падала наўскос.Якія маладыя яны тады былі! I Антон, і Віталік, і Генусь. Цудоўны Генусь, зямляк, друг, родная душа! Гэты не стаў бы пакутаваць ад таго, што хоча сказаць важлівае і не можа... Розыгрышы, вершы, жарты, ідэі, неўтаймаваная энергія і сіла жыцця так і віравалі ў ім. Гэты ведаў, што рабіць з дарам, які дастаўся яму невядома адкуль, і не адчуваў сябе з гэтай прычыны прыгнечаным, і нібы вінаватым, і нібыта не на сваім месцы.Вось і тады ён, мала таго, што бачыў больш, чым усе яны, але яшчэ і паспяваў сыпаць жартамі і прыдумляць, карыстаючыся новымі ўражаннямі, пародыі на безгустоўныя і дурацкія ў сваім мяшчанстве песні тых часоў.Напрыклад, “фізічная-лірычная”, пародыя на тагачасныя песні пра каханне, у якіх ніколі чамусьці не казалі аб ім сур’ёзна, а ўсё з усмешачкай, з іроніяй, са смакаваннем розных недарэчных становішчаў, у якія траплялі героі. Чорт яго ведае, кахаць развучыліся, ці што? I закаханыя амаль заўседы выглядалі ў гэтых песнях напаўідыётамі: заглядзеўся на дзяўчыну, едучы ўнаброд ракою, і сядзеў так да ночы, абламаў на кветкі дзеля яе ўвесь сад, адказваў на ўсе яе пытанні адным словам “точна” (ну і доўбня, вочы б не глядзелі!), павёў гуляць не ў сад і не ў лес, а да шагаючага экскаватара.I вось Генусь гарлаў нешта накшталт:Мы хацелі выйсці З ёю на балкон, А папалі з ёю Ў сінхрафазатрон.Або яшчэ “фізічная-алкагалічная”:П’ём гарэлкі тры бітона – трум-ту-ру-ту-тум За здароўе цыклатрона – трум-ту-ру-ту-тум.Генуся ўжо няма. Праз некалькі год пасля таго, падчас аднаго вельмі ўдалага доследу, атрымаў столькі, што яго ўжо нішто не магло ўратаваць...А тады яны пад вечар сядзелі за сталом у клубе і нават выпівалі ледзь не першы раз у жыцці, і з імі сядзеў – насупраць Будрыса і побач з Генусем – вялікі вучоны-італьянец, худы, са стомленым інтэлігентным тварам. Дзеці ягоныя ва ўсім ужо былі мясцовымі, нават галубоў ганялі з равеснікамі. Будрысу чамусьці вельмі хацелася зрабіць яму прыемнае, і Генусю, мабыць, таксама, бо ён узняў келіх і сказаў:– Бруна Максіміліянавіч, за Італію!А ён, Будрыс, дадаў:– За краіну, што нарадзіла гуманізм!I вучоны ўсміхнуўся ім шчырай, сумнаватай усмешкай.