Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Гэты таксама з цікаўных, як і Кухарчык. Але той з “мітуслівых” цікаўных. А гэты “цікаўны філосаф”. Той лезе, падазрае, сумняваецца, гэты – сядзіць на троне і пытаецца ўедліва і сур’ёзна. Той бачыць непатрэбнае і неістотнае, гэты – “зрит в корень”. Той толькі слухае – гэты яшчэ дае й парады з вышыні вопыту, набытага ў бяседах з разумнымі людзьмі. А вочы сочаць і свідруюць і бачаць усё.Але абодвум уласцівы шырокі дыяпазон зацікаўленняў. Толькі першы цікавіцца сэнсам кіпарысаў, якія не даюць ні пладоў, ані драўніны, а другога цікавіць палітыка ў Непале і ўвогуле ўсё ад касмічных пералётаў і спосабу варыць малінавае варэнне – і аж да тэорыі чырвонага ссоўвання і лётаючых талерак, якія ён абавязкова называе НЛА (неапазнаны лётаючы аб’ект).Купляю пачак “БТ”. Глядзіць пільна, нібы наш разведчык у стаўцы Гудэрыяна.– Дзіўна вы неяк цыгарэты адкрываеце. Тут пацягнуў за стужачку дый… А вы нажніцамі. І толькі ражок. І вось ужо колькі месяцаў гляджу – заўсёды толькі правы ражок. Можна ж вось за стужачку дый крышку зняць.– Я, пане мой вялебны Герардзе, тое, што ў кепскіх старых раманах называлі “стары кавалер з устойлівымі звычкамі”.– “Устоявшимися привычками”, – перакладае начытаны Герард. – Ды нашто ж ражок?– Партсігараў не люблю. А здымаць усю крышку – тытуню тады ў кішэнь натрасеш.– Ды чаму ж правы?І сапраўды, чаму правы? Чаму я заўсёды першым узуваю левы туфель?– Літары туды глядзяць.– А-а.

РАЗДЗЕЛ ІІІ

Дамы, манахі і паршывы беларускі рамантызмУ адказ на званок з глыбіні кватэры даляцеў, набліжаючыся, гарматны сабачы брэх.– Ганец да скарбніка Мар’яна, – сказаў я.Два тыгравыя догі, кожны з добрую цялушку, пазнаўшы мяне, са свістам замалацілі тоўстымі ля кораня хвастамі.– Эльма! Эдгар! На месца, слінцяі паршывыя!– Смачны, вось і слінцяі, – сказаў я.Кватэра ў Пташынскага гэта чорт ведае што, толькі не кватэра. Старая, прафесарская, бацькоўская, дзівам ацалелая ў гэтым амаль дашчэнту знішчаным горадзе.На вокнах візэрункавыя краты: бібліятэка татачкі была ледзь не самай багатай прыватнай бібліятэкай краю (не лічачы, вядома, магнацкіх). Дзівам ацалела ў вайну й бібліятэка, але сынок струбіў яе ва ўсім, што не датычылася гісторыі, – дзяржаве, каб вызваліць месца сваім улюбёным гатычным і барокавым монстрам. Монстры выжылі адсюль не толькі кнігі, але й… урэшце, я няўдала пажартаваў.Мар’яна б да нас замест дзяўчат. Быў бы цалкам кавалерскі пад’езд. Але ён адсюль не паедзе, бо тут хапае месца для ягоных лялек, хаця кватэра й нязручная: былы загарадны дом, да якога зараз падпаўзае горад. Чатыры вялізныя пакоі са столлю пад неба. А за вокнамі пустыр: дно былых велічэзных, даўно спушчаных ставоў і бераг з рэдкімі купамі дрэў, за якімі праглядаюцца будынкі парніковай гаспадаркі.З другога боку да дома прымыкаюць закінутыя могілкі. Іхнюю браму ў стылі позняга барока відаць, калі падыходзіш да дома напалову выпляжанай алеяй высачэзных ліп. У пакоях сапраўдны Грунвальд: лётаюць пад столлю анёлы, ускідваюць крыжы з лазы Яны Ксціцелі, а Яны Непамуцкія нясуць пад пахаю ўласныя галовы, нібы кавун у трамваі. Юры з вылупленымі ад жаху вачыма папірае нагою цмока, рыдаюць ужо трыста год Магдаліны. Іконы на сценах, іконы, нібы ўкрытыя ржою па кутах, і іконы, распасцёртыя на сталах, свежанькія, нібы толькі з Ярдані, усміхаюцца чалавеку, што іх зноў стварыў. Пахне хіміяй, дрэвам, пахучай старой фарбай. Залацяцца спінкі кніг. Скаляць зубы грыфоны, падобныя на сумных курэй.