Чорны замак Альшанскі, ч. 1

І ўсё гэта дзіва як хораша! І сярод усяго гэтага, створанага сотнямі людзей, два сабакі і чалавек. Лепшы мой сябар.– Ёсць што-небудзь з марозу, іконнік?– Адліга сёння, залатар, – сказаў ён.– А з адлігі ёсць? – сказаў я.– З адлігі ёсць сухія цёплыя батарэі… Вось.– Законы продкаў забываеш? – спытаў я з пагрозаю.– Пры Жыгімонту лепей было, – сказаў ён, несучы на нізенькі столік пачатую бутэльку віньяку, лімон, “мікалашку”, талерку бутэрбродаў, сыр і, чамусьці, мочаныя яблыкі, – аднак і кароль Мар’ян немцаў не любіў, і ляхаў, і ўсіх іншых, а нас, беларусцаў, шкадаваў і любіцельна мілаваў.– Пача-атая, – сказаў я.– Будзе і поўная.– То і ставіў бы.– Ведаеш, што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам?– Ну?– Бляваць на сярэдзіну стала. Вось што лічылася ў нашых продкаў дрэнным тонам. Старажытны кодэкс прыстойнасці. “А нудзіць на сярэдзіну стала – кепска і пагана і нягожа ёсць”.– На край, значыцца, можна? – спытаў я.– Нічога не сказана. Мабыць, можна. Дазваляецца. Што ж тут страшнага?– Невук ты. На свой край дазваляецца. На чужы, vis а vis – ані!– Прыемнага вам, – сказаў ён.– Сам пачаў.Сабе ён наліў на донца.– Ты не сярдуй, – нібы апраўдваючыся, сказаў ён, і толькі тут я заўважыў, што на пазногцях ягоных блакітнае адценне. – Крыху – гэта не шкодзіць сэрцу. Наадварот, карысна. Усе лекары гавораць. Акрамя таго, мне хутка ўвогуле нічога не будзе шкодна.– Ну-ну, – сказаў я.– Самы момант, пэўна, не страшна, – задуменна сказаў ён. – Чаканне – вось што дзярмо сабачае. Сабачае прадчуванне на бяду.Эльма і Эдгар уважна глядзелі на яго, часам пераводзячы на мяне вочы.– Як вось яны. Уяўляеш, сёння пад раніцу вылі з гадзіну. Ніколі ў жыцці такога не чуў. І не дварнягі ж яны, а сабакі цывілізаванага стагоддзя… Ці ўдасца нам з табою яшчэ ў рыбку? Паедзем, як чыстая вада будзе?– Нягож. Усё жыццё буду катаваць сябе за свой тон падчас той размовы. Нібы чуў, як чалавек унутрана ўздыхае: “О-ох, пажыць бы”, а сам у гэты час адказваў, таксама ўнутрана: “Не ный, хлопча, усё добра”.– Паказвай кнігу, – сказаў я.Мы трымалі том на каленях і павольна гарталі старонкі. Падбор гэтых трох пераплеценых у адну кнігу быў дзіўны, але ці мала дзіўнага рабілі людзі тых часоў. Іхняя логіка цяжка даецца нам. Пераплёў жа невядомы манах у адну турму са скуры: “Казанне аб Індыі багатай”, “Казанне аб Максіме і Філіпаце” і “Слова аб палку Ігаравым”.Евангелле Слуцкага. Дужа рэдкая рэч, але нічога асаблівага. Статут 1580 года. Сапраўды, першае друкаванне, паколькі я мог меркаваць (колькі б Статут ні перадрукоўваўся – год ставілі той жа самы, 1580-ты). Але з ініцыяламі Евангелля Цяпінскага было сапраўды цікава.Друк гэтай кнігі вызначаўся строгасцю. Кожная балонь тлуста, упоперак, нібы перарэзана напалам. На верхняй палове старонкі стараславянскі тэкст, на ніжняй – старабеларускі. Сухі, строгі шрыфт, нічога лішняга. І раптам, сярод гэтай пратэстанцкай пустэчы, я ўбачыў дзіва: застаўкі і ініцыялы, што цвілі макамі, срэбрам і золатам так, што вачам рабілася балюча. Кветкі, сцябліны, воіны, коні – усё імкнулася ў зыркім, вычварным, радасным палёце са старонкі на старонку.– Язычнік, – сказаў я. – Адкуль такое дзіва?– Вось надпіс.Надпіс на адвароце вокладкі быў, відаць, з чарнільных арэшкаў і камедзі: рыжыя чарнілы выцвілі. ХVI – XVII стагоддзі. Самы пярэдадзень шалёнага націску Польшчы. Але я не мог адарваць вачэй ад цвітучага поплаву, і мне не хацелася ўглядацца ў блытаную рыжую вязь.