Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Паршывы беларускі рамантызм і гафманізм мы ў іх насадзілі, – сказаў я. – Але ў чым справа? І чаго ты той кантычкай у мяне пад носам махаеш?– Адчуванне ад Альшан, – нібы асекшыся, сказаў ён і пачаў чытаць.Сто разоў з таго часу перачытваў я гэтую легенду, напісаную наіўным і ўзнёслым стылем рамантыка (харошыя яны былі людзі, сумленныя аж да святасці, чыстыя да апошняга, не даносчыкі, не паршыўцы!). Сто разоў учытваўся ў радкі, то няладныя, а то й зусім някепскія. Нават, для зручнасці, пераклаў усё гэта на сваю мову, дарма што з юнацтва не пэцкаў рыфмамі паперу. Я і зараз падам яе вам у гэтым каструбаватым перакладзе. А тады я слухаў яе ўпершыню.Чорны замак Альшанскі. Месяц нырае ў хмарах.Вежы туманныя ў змроку сны аб мінулым мараць.Слухаюць вецер золкі, вой далёкі ваўчыны,Слухаюць, як на мурах са страху трасуцца асіны…У, як ціха і мёртва! У, які змрок глыбокі!Ціха! Ты чуеш здалёку ў аркадах бязгучныя крокі!Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,Па галерэях праходзяць дама з чорным манахам.Далей быў звычайны рамантычны сюжэт, для нас ужо ў чымсьці дзяціны. Высакародны разбойнік з багатага, даведзенага да галечы роду зрабіў замах на жонку альшанскага князя. Тая таксама кахала яго. Князь быў скупы і жорсткі стары звер – па ўсіх канонах гэтага жанру.Каханкі, забраўшы казну, уцяклі з замка. Князь пагнаўся за імі і забіў. І вось іхнія прывіды ходзяць пад аркадамі замка, чула і цяжка ўздыхаючы і палохаючы стогнамі добрых людзей.– І што, праўда гэта? – спытаў ён, скончыўшы.– А чорт іх ведае, – сказаў я, – гэтых рамантыкаў. Што, была на свеце Гражына? Ці горад на месцы Свіцязі?– І цябе нічога не насцярожыла? – ён дапытліва глядзеў мне ў вочы.– Насцярожыла, – сказаў я.– Што?– Адзіная рэальная дэталь. Тое, што княскую казну пабралі. Неяк такі ўчынак з рамантычнай паэтыкай не вяжацца. А ўжо да іхняга маральнага кодэкса – ані божа мой!– Пр-равільна! – ляснуў ён мяне па плячы. – Разумнік! Сапраўды, як на рамантыка, то гэта хаця й пачварная, а рэалія. А калі так, то чаму б не быць праўдаю і ўсёй легендзе?– І прывідам? – паддзеў я.– Прывіды таксама ёсць на свеце, – пазмрачнеў ён. – Іх болей, чым мы думаем, дружа.Ён закурыў. На гэты раз па-сапраўднаму, зацягваючыся. Я таксама выцягнуў з надрэзанай пачкі цыгарэту.– Дык вось, – сказаў ён. – Я пачаў правяраць. І, самае дзіўнае, падобна тое, што наш паэт, як на легенду, не дужа і нахлусіў. Пастарайся слухаць мяне ўважна.За акном ляжала шэрая пустка з рэдкімі бадыллямі бур’яну на ёй.– Ты, мабыць, не ведаеш, што Альшанскія былі ледзь не самым багатым родам на Беларусі. Але толькі пэўны перыяд. Прыблізна сто год. Да гэтага часу і пасля яго – ну звычайная магнацкая фамілія, як усе. Але ў гэтае стагоддзе – крэзы, якія пабівалі багаццем самога караля.– З чаго тое стагоддзе пачалося?– З 1481 года. Ану, што за год?Была ў нас такая гульня, ад якой іншы чалавек пасінеў бы. Так проста, бы з яра ў ваду, задаваць адзін аднаму пытанні накшталт таго, на якіх мовах быў напісаны бехістунскі надпіс (старажытнаперсідскай, эламскай і вавілонскай) або якога колеру былі выпушкі ў інжынерных войсках пры Мікалаю Першым (чырвоныя).– Кішкі ў вас слабыя, дзядзька Мар’ян, – сказаў я. – Гэта год змовы Міхайлы Алелькавіча, князя Слуцкага і яго стрыечніка Хвёдара Бельскага.– Правільна. І іншых, сярод якіх Пятро Давыдавіч, князь Альшанскі. Што далей?