Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Ну-ну, хацелі яны вялікага князя Казіміра на смерць прыправіць і самім правіць краінай. А як ужо не пашанцуе, то ўзняць край і трымацца да апошняга. А як і гэтага не атрымаецца, то з усімі сваімі ўладаннямі ад княства адсесці і шукаць падмогі ў Масквы.– Так. І чым гэта скончылася?– Змову раскрылі. Паляцелі галовы. Каго ў цямніцы прыдушылі, каго на плаху пры паходнях, каго, прасцейшага, на палю. Сотні ахвяр з тых людзей, што хацелі самастойнасці. Бельскі Хвёдар Іванавіч, кінуўшы ўсё, уцёк у Маскоўшчыну да Івана Трэцяга і прынёс яму ў “пасаг” “северскія землі”.– А іншыя землі куды падзеў? – іранічна спытаў Мар’ян.– Ну не ў кішэні ж панёс. Кінуў.– Вось яно як, – сказаў Мар’ян. – Палі, плахі, прэнг. А хто з галоўных змоўшчыкаў застаўся?– Валі.– Альшанскі застаўся. Адзін з усіх. Адзін з усіх, якому нічога не было. Наадварот, сеў у маёнтак моцна, як ніколі. Чаму?– Моцны быў. Баяліся. Род княскай крыві і з каралямі павязаны не раз.– Глупства. Не паглядзелі б.Ён адкінуў кніжку на стол. Моўчкі мы сядзелі адзін насупраць другога. Урэшце Мар’ян правёў рукою па твары, нібы ўмыўся:– І якраз з гэтага года пачынаецца неверагоднае, проста несамавітае, фантастычнае багацце роду. Тысяча і адна ноч. Скарбы Галконды і Эльдарада. Дораць гарады. Сустракаючы вялікага князя, апранаюць у золата тысячы шляхцюкоў і сялян. Ліставым золатам абабіваюць замкавыя дахі. Словам, усё, на што здатны быў чалавек, раптам узбагаціўшыся.– Звонку нібы культура, а знутры…– Дзікунства? – спытаў Мар’ян. – Не. Тут танчэй. Лічы: толькі-толькі да сапраўднай улады прыйшлі. Над душамі, над целамі, над дзяржавай, урэшце. З Усяславам Чарадзеем не дужа паспрачаўся б… А тут… Ну і адмовілі цэнтры, якія стрымліваюць. Адмовілі, як ва ўсіх свежых паноў над усім, хаця многія з гэтых, свежых, і стагоддзямі свой род цягнулі, але на правах… ну, дружыннікаў, ці што. І вось пачалося: звонку гуманісты, звонку вытанчаныя, а ўнутры – тыгр.– Тут ты, па-мойму, памыляешся, – сказаў я. – Астрожскіх успомні, Міколу Радзівіла, Сапегу Льва. Сапраўдныя, адукаваныя, стрыманыя людзі, хай сабе і страсныя.– Вонкавы гэта разлад, – сказаў Мар’ян. – Ясна, што ў масе гэта не двор Чынгісхана і не апрычны двор. Усё ж на вачах у Еўропы, пачаткі галоснасці, пачаткі дэмакратыі, хай шляхецкай. Noblesse oblige . Але ломкі хрыбтоў і тут хапала.– “Час – ён заўсёды такі, калі знаходзяцца людзі”, – працытаваў я кагосьці. – Але ты ўсё ж гані сюжэт.– Ну і вось. І раптам праз нейкія там сто год усёй гэтай раскошы – крэс! До – праз меру гуляць, до – ліставога золата, до – загонаў у парчы! Звычайны сярэдняга багацця род. У чым справа?– Гэтага мы ніколі не даведаемся, – сказаў я. – Мала што там магло здарыцца. Ну, скажам, першае, гэта Пятро Давыдавіч, хаця й моцны, пабойваўся ўсё ж, што прыпомняць удзел у змове, і вырашыў багацце тое пратрэнькаць, пажыць на ўсю закрутку. І нашчадкі трэнькалі. А як пратрэнькалі, то й супакоіліся. – Т-так, – сказаў ён. – Ты ведаеш, што то за знакі і што азначаюць?На шматку паперы ён вывеў наступнае:– Ну, ты мяне за дзіця лічыш. Гэта лічбавыя знакі літар. Першая – легіён, або сто тысяч, другая – леадор, або мільён.– Ну, а так?І ён напісаў яшчэ й такое: – Ну, шэсцьсот тысяч, ну, сем мільёнаў.– То вось, адкажы ты мне цяпер, даражэнькі мой лабузю, Антон Глебавіч, якім такім чынам мог чалавек, нават самы магутны, прыдбаць за палову года багацце ў шэсцьсот тысяч залатых ды на сем мільёнаў каштоўнымі каменнямі – гэта на той падлік, на той, калі й сапраўды “цялушка-палушка” была, – і якім чынам ён, нават калі б еў тое золата і – нашчадкі ягоныя елі, – мог за нейкія сто трыццаць год такі капітал струбіць? А яны ж кожны год і даходы фантастычныя да таго мелі.