Чорны замак Альшанскі, ч. 1

– Магчыма, ведаў аб казне змоўшчыкаў і прыбраў яе да рук.– А можа, выдаў? – спытаў Мар’ян.– Такое пра людзей так, без доказаў, нельга рэкнуць. Хаця б яны і гнілі ўжо ў зямлі трыста год. На тое мы і гісторыкі.– Угм. “История, та самая, которая ни столько, ни полстолько не соврет”. Згніў ён толькі не ў зямлі, а ў саркафагу Альшанскага касцёла. Там на саркафагах статуі каменныя ляжаць. Такая, брат, ляжыць пратабестыя, з такой святой ды божай усмешачкай. Сам убачыш.– Чаго гэта я раптам ”убачу”?– Як захочаш – убачыш. Ну вось, а наконт знікнення – успомні баладу гэтага… менестрэля засцянковага.– Выдумка.– У шмат якіх выдумках ёсць пах праўды. Я шукаў. Шукаў па хроніках, успамінах, дакументах. Тут не месца іх называць – вось спіс.– І дакапаўся?– Дакапаўся. Табе гаворыць што-небудзь такое прозвішча – Валюжыніч?– Валюж… Ва… Ну калі гэта тыя, то Валюжынічы – стары род, яшчэ ад “сваіх” князёў, тых, што “да Гедыміна”. Мелі землі ў Полацкай зямлі, ля Менска і на паўночны захад ад яго. Але да таго часу ўсё радзей упамінаюцца ва універсалах і хроніках, мабыць, згалелі, страцілі вагу. Лёс, увогуле, звычайны. У семнаццатым стагоддзі знікаюць.– Малаток, – з блатным акцэнтам сказаў Мар’ян. – Кавадлам будзеш. Ну, а апошні ўсплёск роду, га?– Чакай, – сказаў я. – Гамшанскае паўстанне, так?– Ну-ну, – падначваў ён.– Грыміслаў, Андрэевіч, здаецца, Валюжыніч. 1611 год. Славуты – “удар у спіну”? Чорт, ніяк я гэтых з’яў не звязваў.– А між тым Гамшаны ад Альшан – не адлегласць. Так, Валюжыніч. Так, два тыдні бойкі без пярэрвы ды пасля з год лясной вайны. І на гак павешаныя, і на палю ўскінутыя. Так, славуты “ўдар у спіну”, пра які мы так мала ведаем.– Нявыгадна было пісаць. “Здраднікі”. І ў такі момант! Інтэрвенцыя, вайна. Наступныя падзеі, мабыць, і захілілі, зацерлі ўсё… Сюжэт, Мар’яне!– Невыносны ты, – абурыўся ён.– Ад цікаўнасці гару. Не цягні.– Ну вось. І падлічыў я, даражэнькі мой, па пісцовых кнігах і актах, што за гэтыя гады, улічваючы і даходы з маёнткаў, нашчадкі, нягледзячы на ўсе шаленствы, аніяк не маглі выдаткаваць больш за трэць прыдбанага скарбу. Гэта пры самым што ні ёсць страшным, “радзівілаўскім”, мантацтве. І вось у год бунту Валюжыніча княжыць у Альшанах Вітаўт Хвёдаравіч, пяцідзесяці сямі год, а жонка ў яго – Ганна-Гардзіслава Альшанская, дваццаці пяці год, а ў дзявоцтве князёўна Мязецкая. І княгіню гэтую страшэнна папікае ў сваім пасланні біскуп Кладзенскі Геранім за забыццё княскага і жаночага гонару, а галоўным чынам за тое, што ворагі княства вялікага карыстаюцца для сустрэч патаемных з ёю вопраткаю мніхаў.– Сапраўды, жах які, – сказаў я. – “Дама з чорным манахам”.– І паршывы беларускі рамантызм, – сказаў Мар’ян. – Вось, уяві сабе такую маю гіпотэзу. Усё разбіта. Паратунку няма. Паўсюль гойсаюць віжы. Паплечнікі на палях хрыпяць. І ва ўсім вінаваты з самага пачатку князь Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Яму на водкуп было аддадзена Кладзенскае староства. Ён гроб несамавіта і яшчэ шмат грошай здзёр з яго на сваю карысць. Праз яго цяпер людзей вешаюць. А жонка ягоная, як і ў баладзе, – анёл. Што, не маглі яны тую казну, скарб той, пабраць і ўцячы? Каб хаця частку нарабаванага аддаць ахвярам?– Гіпотэзы, – сказаў я. – Адкуль той паэта мог ведаць?– А ты падумаў, колькі архіваў, сямейных паданняў, чутак, легенд, урэшце, магло знікнуць за сто з лішнім год? З войнамі, ды пажарамі, ды рэвалюцыямі? Пэўна, нешта ведаў.