Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Ён зноў закурыў. Не трэба яму было рабіць гэтага.– І вось у 1612-м, – ён выпусціў дымавое кольца, – гэты чалавек, гэты “мніх” знікае. Самае цікавае, што знікла і яна. Ці ўцяклі, ці забітыя былі, хто ведае? Хутчэй за ўсё ўцяклі. Бо вось сведчанне копнага суддзі Станкевіча, што пагоня княская была, бо тыя нібыта пабралі альшанскі скарб, але ён, Станкевіч, воляй сваёю пагоню тую спыніў і ганіціся, пад пагрозаю смяротнай кары ад караля, не даў. Можа, другі нейкі загон князя дагнаў уцекачоў і забіў? Не. Вось у тым жа копным акце клятва Вітаўта Альшанскага на Евангеллі, што не забіваў і няма крыві на ягоных руках і што пасля апошняй яго сустрэчы з імі, калі падсачыў, як збягалі яны з Альшан, такія і такія сведкі ведаюць, што былі яны яшчэ праз два тыдні жывыя… А між тым сляды іхнія зніклі. Ні ў якім горадзе аж да Вільні, Варшавы, Кіева – слядоў іхніх няма.– Ну, гэта мала што! Ціха жылі, вось і няма. Хаця паспрабуй ты пражыві ціха з такім багаццем.Раптам пэўная думка стукнула мне ў галаву.– Чакай, а нашто там было быць копнаму суддзі Станкевічу, чалавеку з рода беларускіх шэрлок-холмсаў, патомнаму сышчыку? Амаль жа ніводнай шумнай справы не было ў шаснаццатым – семнаццатым стагоддзях, каб яе нехта са Станкевічаў не разблытваў. Аж да славутага Дурыніцкага забойства. – То ж бо й яно! Якраз у час знікнення ўцекачоў кароль назначыў Станкевіча на рэвізію маёнткаў і прыбыткаў князя Альшанскага.– І… – І рэвізія тая скончылася нічым. Увесь скарб знік. Зніклі тыя, што забралі яго. Зніклі ўсе кнігі разлікаў, дакументы, нават радавыя граматы. Усё знікла. Пляменнікам князя Вітаўта давялося іх нанава выпраўляць. А праз гэта з іх пазней дужа смяяліся і, калі хацелі паздзекавацца, сумняваліся, ці такі ўжо на самай справе старажытны іхні род, ці не ўпісалі яны сябе самі ў розныя там прывілеі і кнігі. А ў іх і багацця дзядзькавага, казачнага, не засталося, каб хаця раскошаю заторкнуць раты, замазаць вочы.– Пляменнікі? Чаму? І няўжо следства тое не дакапалася?– Так, не дакапалася. Так, пляменнікі. Бо праз год пасля пачатку следства князь Вітаўт Альшанскі хуткім чынам памрэ.Мы маўчалі. Слотны дзень за акном пачаў цьмянець.– Але чаму следства? – спытаў я.– Вось і я думаю чаму.– Усплылі падзеі стогадовай даўнасці?– Каго яны цікавілі? Нават калі было нейкае злачынства, то што, унуку адказваць за дзеда? Праз сто год?– Маглі паквапіцца на грошы. Скарбніца дзяржаўная была пустая.– Глупства. Падатак бы новы лепей наклалі.– То, можа, на водкупе князь пракраўся?– Таксама нікога не цікавіла. Заплаціў адразу ўсю суму, атрымаў староства ў арэнду, а там каму якая справа, нават калі б ты і тройчы столькі выбіў з жыхароў.– Мо справа паўстання? Сувязь гэтай… Мязецкай ураджонай з правадыром?– Альшанскага датычылася справа. Мязецкіх чапаць бы не сталі. У 1507 годзе нейкая прабабка нашай гераіні была “сэрцам і душою” вялікага князя Жыкгімонта. І з таго часу – вельмі прыбліжаныя да каралёў, вельмі давераныя людзі.– То, можа, даследавалі знікненне княгіні Ганны?– Пазней яна знікла. Следства ўжо з месяц ішло. Бач, колькі версій: старая змова – водкуп – падзеі паўстання і тое, як яны адбіліся ў сям’і князя.– А можа, і тое, і другое, і трэцяе.– Можа быць. Вось і заняўся б. Займіся, га? Вось табе й тэма для чарговага расследавання.Святая Інеса глядзела на мяне, умольна склаўшы рукі. Я не мог адмовіць ёй.