Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Нібы Мар’янава падазронасць заразіла і мяне. Таму я ўзяў цяжкі том і панёс да сакрэтэра.У мяне мала старых рэчаў, не тое што ў Мар’яна, але нават Мар’ян зайздросціць майму сакрэтэру. А я ганаруся ім. Самы пачатак ХІХ стагоддзя. Вар’іраваны мясцовым прыгонным майстрам да непазнавальнасці ампір. І варыяцыі тыя зрабілі ампір, калі гэта толькі магчыма, яшчэ больш высакародным. Строгія формы, прадуманасць кожнай дэталі, разлічаная зручнасць і прыгажосць. Чорнае дрэва і самшыт, вельмі скупа інкруставаныя маціцай. І толькі адкінеш дошку – устае перад вачыма вясёлка: матылі над стылізаванымі палявымі кветкамі. Колькі я памучыўся, пакуль, ледзь не з груды ламачча, аднавіў яго.Але галоўнае не гэта. Галоўнае – тайнік, які я сам выпадкова знайшоў толькі з год назад. Вось націскаеш на пласцінку ля замка, падаеш яе наперад, а пасля налева, і папаўзла ўбок задняя сценка аддзялення для папер. А калі пры гэтым націснуць на сярэдняга матыля – адкрыюцца бакавыя тайнікі, дужа ёмістыя.Там можна хаваць лісты, дакументы і ўсё такое. Туды я зараз паклаў Мар’янаву кнігу. Не трэба, каб яе бачыла большая колькасць людзей, чым тое неабходна. Ну і потым у мяне “павялі” досыць многа кніг. Ад “Сатыра” Каханоўскага да “Віна з абдуванчыкаў” Брэдберы. “Павялі” нават беларускі том “Жывапіснай Расіі”, нягледзячы на гіганцкія памеры. Калі нехта “пазычыць” і гэта – будзе кепска. Як тады глядзець Пташынскаму ў вочы і ў каго свае вочы пазычыць. А такіх ахвотнікаў на “позаимствование без срока” ў нас усё болей і болей. І нават суда на іх няма, гадаў.Я схаваў кнігу, зачыніў тайнік. І добра зрабіў. Бо адразу заліўся дзвярны званок, і з’явілася “мая былая любоў” Зоя Пярэрвенка ўласнай персонай. З’явілася, пасля таго як два месяцы носа не казала, і я ўжо думаў, што не зойдзе ніколі.Пакуль я ставіў на столік бутэльку “Немеш кадара”, яблыкі і яшчэ сёе-тое, пакуль уключаў ніжняе святло і гасіў верхняе, мы абмяняліся не больш чым дзесяткам стандартных сказаў: як жыццё, што там да чаго, як са здароўем (гэта ў яе дваццаць восем!). І толькі пасля першага келіха я сказаў:– А я думаў – усё.– Яно і ёсць усё. Няма чаго цягнуць далей, калі ты такі ўжо сумленны.Сумленны не сумленны, але я, калі ў першы наш вечар уся кампанія пайшла ад мяне, а яна засталася, і не пайшла да раніцы, і пасля заставалася амаль кожны вечар на працягу чатырох месяцаў, я тады, дальбог, не ведаў і нават падумаць не мог, што яна замужам. Наадварот, з гэтых яе паводзін несумненна вынікала, што яна адна. Чорт бы пабраў гэтых мужоў, што ездзяць на сем месяцаў у экспедыцыі, ды яшчэ туды, куды нават няшчасны Макар не ганяў сваіх не менш няшчасных цялят.Выплыла ўсё толькі тады, калі я прапанаваў ёй паехаць на поўдзень, а пасля падумаць і аб нечым больш “сур’ёзным”. Тут яна мне пра ўсё і расказала і як гэтае найлепшае, сур’ёзнае прапанавала часам заходзіць нават тады, калі вернецца муж. Я толькі крэкнуў. І, можа б, нават і згадзіўся, таму што паспеў дужа прывязацца да яе. Але было нельга. Бо самым найвялікшым маім свінствам ва ўсёй гэтай гісторыі было тое, што я цудоўна ведаў яе мужа, Косціка Красоўскага. Цудоўнага хлопца, вернага сябра сваім сябрам, шырокага, незалежнага, душу ўсякай кампаніі, аматара пагуляць, сумленнейшага палеантолага і дабрэннага чалавека. Такога пакрыўдзіць – гэта павесіцца пасля трэба.І я стаў аддаляцца, хаця, дальбог, дорага мне гэта каштавала.