Чорны замак Альшанскі, ч. 1

Гэткі стары-ы кавалер, які за вайной ды навукай не ажаніўся, а цяперака позна ўжо.Жыццяпіс гэтага старога кавалера пададзены пункцірам. На два гады раней, чым трэба, скончыў школу. Шчанюком з мокрым пыскам. У сорак першым. Напярэдадні. З выпускным балем, дзяўчынкаю ў белым і вальсам да раніцы. Дурны, збіты, зацяганы дрэннымі пісьменнікамі прыём. Але тут так і было. На жаль і тугу. Таму што той раніцай дзве першыя бомбы ўпалі на паштамт і кінатэатр. Мы з ёю былі ў кінатэатры, так што ўсё гэта здарылася на маіх вачах.Трос перад ваенкомам пасведчанне аб заканчэнні школы. Пашпарта яшчэ не было. Але паверылі. Быў… здаровая, словам, вымахала доўбня. Узялі. І сербануў я тут спаўна. Родны гарадок. Адступаем. Над паравым млынам адзіны ўцалелы рэпрадуктар, і з яго бравурны марш. І нараўлянін Каляда, камандзір майго аддзялення, увесь у пыльных бінтах, разануў па ім з аўтамата (мала іх яшчэ тады было, ледзь не адзінкі). Разануў, “каб не звягав, паразіт”. Тут і скончылася мая ўзнёслая маладосць. Тут, а зусім не тады, калі мы прыкрывалі адыход нашых і Каляду забілі, а мяне, засыпанага зямлёй, узялі ў палон. Было гэта паўночней Оршы.

Я ўцёк з эшалона пад Альберцінам. І тут жа ў Слоніме ледзь зноў не трапіў… Уратаваў мяне дзядзька Здзіслаў Крыштафовіч. Як толькі яго ні хвалілі: “паслугівач, і падбрэхіч, і…”Немцы пасля, у канцы сорак другога, павесілі яго, харошага чалавека, у вёсцы пад Слонімам.І добра хаця тое, што ўжо дзесяць год стаіць яму ў той вёсцы помнік.Вось так, сябры.Партызанка. Зноў армія. Моцна зранены ля Патсдама. Дэмабілізаваны.І пачалі мяне тут ва універсітэце вучыць “уму-маразму”. У пяцьдзесят першым атрымаў дыплом, у пяцьдзесят чацвёртым аспірантуру скончыў. Дзіўлюся, як ад усёй гэтай навукі не стаў непапраўным дубам. Дысертацыю абараніў па “шашнаццатаму” стагоддзю. Дзеячы рэфармацыі. Гуманісты.Стаў кандыдатам, спецыялістам па сярэдневяковай гісторыі, неблагім палеографам. Напісаў некалькі дзесяткаў артыкулаў, тры манаграфіі – можна і доктарам рабіцца.Збіраюся. Вось-вось.“Малады таленавіты доктар гістарычных навук”.Цьху!Асобныя прыкметы:Светлы шатэн, вочы сінія, нос сярэдні, рот – шчылінаю ў паштовай скрынцы на галоўпаштамце, морда – сумесь варага з познім неандэртальцам, рукі граблямі, ногі доўгія, нібы ў палескага злодзея.Спартыўныя дадзеныя:Сто дзевяноста адзін сантыметр росту, восемдзесят дзевяць кілаграмаў вагі. Плаванне – першы разрад, фехтаванне – другі – а каб вы спрахлі! Адносіны да баскетбола? Мог бы і ў баскетбол. Але на першай трэніроўцы нехта выцерся аб мяне потнай спінаю. Разумееце, не рабочы пот, не жаночы, а з рэзкага паху, валасатага цела, якое ледзь не сплывала тлушчам... Кінуў гэтую справу. Грэблівы занадта.Футбола не люблю. У гімнастыцы – нуль. Не ведаю, ці здолею пятнаццаць разоў падцягнуцца на турніку.Вось, здаецца, і ўсё, што цікавіць людзей.Ф-фу-у!А наконт таго, чым дыхаю, што толькі маё, дык гэта росшукі ў мінулым. Акрамя вышэйпамянёных прац напісаў яшчэ некалькі, накшталт… ну строга абгрунтаваных, дакументальных гістарычных дэтэктываў, ці што.Некаторыя з’явіліся ў часопісах. Некаторыя яшчэ чакаюць: “Злы лёс роду Галынскіх”, “Забойства ў Дурынічах” і г.д. Калі вось гэтая гісторыя вас зацікавіць, я, з часам, пазнаёмлю вас і з тымі.Смешна? І праўда, смешна. Навуковы работнік і, раптам, пінкертонаўшчына ў мінулым. Мне таксама смешна. Затое – цікава.